TOP

Наша Вільня

Пасля саміту Ўсходняга партнёрства ў Вільні я атрымаў прапанову застацца на канцэрт гурта «Ляпіс Трубецкой». Так бы мовіць, на «тусоўку».

Спачатку адмовіўся (і часу бракуе, і «адтусаваўся” я ў свой часам з «Верасамі» ды «Песнярамі»), але пасля падумаў: калі на канцэрт ідуць і едуць праз мяжу больш за 10 000 маладых беларусаў, дык што ж мне рухацца ў зваротны бок?..

Застаўся — і не пашкадаваў.

«Мы — музычны супраціў!» — выгукнуў са сцэны лідэр «Ляпісаў» Сяргей Міхалок (які, між іншым, галасаваў за мяне на прэзідэнцкіх выбарах, пра што заявіў публічна і праз што займеў непрыемнасці) — і залуналі бел-чырвона-белыя сцягі.

 

«Жыве Беларусь!» — выдыхнулі ў адны грудзі дзесяць тысяч хлопцаў і дзяўчат з Менску, Віцебску, Гародні, Магілёва, Гомеля, Берасця — і я ўбачыў, што патрапіў на гэтакі выяздны варыянт Плошчы, на якую раз на пяць гадоў прыходзяць яны, каб на ўсе грудзі ўдыхнуць свабоды. Раз на пяць гадоў ім замала, яны задыхаюцца без вольнага паветра — дык і сабраліся, каб падыхаць ім, у Вільні. Вось дзеля чаго, а не толькі дзеля музыкі, здабывалі яны візы, квіткі, ішлі і ехалі хто ўдзень, хто ўноч, не ведаючы, ці знойдуць начлег…

Энергія на канцэрце пералівалася са сцэны ў залу і з залы на сцэну, віравала, клубілася!.. Дзе тут тыя рахманыя ды памяркоўныя беларусы кшталту «пусці — павалюся»? Няма тут такіх. Ніводнага няма. Дык і няма чаго звальваць на іх (на характар, менталітэт) нашы палітычныя няўдачы. Проста трэба знайсці, што і як ім сказаць (сыграць), каб яны табе (і ў цябе) паверылі…

Дадавала эмоцый яшчэ й тое, што напярэдадні ў Кіеве былі брутальна разагнаныя, збітыя людзі на Майдане, якія вышлі патрабаваць падпісання дамовы пра асацыяцыю з Еўразвязам. Міхалок выказаў салідарнасць з імі — і зала нібыта далучылася да Майдану. Гэта было сапраўднае яднанне музыкі і свабоды — і яшчэ гэта было адчуванне гонару, годнасці праз тое, што маем мы гэтакіх хлопцаў, як «Ляпісы», гэтакіх музыкаў, як Міхалок, якія могуць падымаць стадыёны, могуць паказаць усяму свету, хто насамрэч ёсць мы, беларусы!..

Пасля канцэрта я павіншаваў Сяргея Міхалка з фенаменальным поспехам, а потым да раніцы хадзіў з маладымі беларусамі па Вільні. Яны спявалі, уздымалі бел-чывона-белыя сцягі, выгуквалі: «Вільня наша!» — што, вядома, было залішнім, але ніводны паліцэйскі не падышоў, не спыніў іх, а тым больш не накінуўся з дручком, бо яны нічога не парушалі. Я глядзеў на іх і думаў, што, канечне, не геаграфічна, не ў дзяржаўных межах, але па духу яна, вольная Вільня, наша — і засталося ўсяго нічога: зрабіць так, каб вольнымі, нашымі сталі Менск і Віцебск, Гомель і Берасце, Гародня і Магілёў…

Уладзімір НЯКЛЯЕЎ 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.