TOP

20 рублёў за вернасць каралевы

Шэсць стагоддзяў таму яе падазравалі ў здрадзе каралю, а сучаснікі ганарацца гэтай жанчынай, называючы «маці каралёў», і чаканяць яе выяву на памятнай манеце. Усё гэта — пра Соф’ю Гальшанскую.

Ёй было 17, калі яна выйшла замуж за 71-гадовага караля Рэчы Паспалітай Ягайлу, які ўжо тройчы да гэтага быў жанаты, але так і не меў сыноў. Сваячка Вітаўта (менавіта ён паспрыяў гэтаму шлюбу) была вельмі прыгожай, але не прыгажэйшай за сваю старэйшую сястру Васілісу. Аднак немаладога манарха збянтэжылі вусікі на верхніх вуснах Васiлiсы, што сведчыла пра гарачы тэмперамент дзяўчыны. Пабаяўшыся не справіцца з палкасцю нявесты, сівы жаніх зрабіў выбар на карысць малодшай сястры. Старэйшую тэрмінова выдалі замуж, пасля чаго Ягайла спакойна змог ажаніцца з Соф’яй.

Аднак на гэтым эратычныя прыгоды «маладых» не скончыліся. Соф’я была ўжо цяжарная трэцім сынам, як папаўзлі чуткі, што каралева здраджвае каралю. І Ягайла паверыў. Пачалося расследаванне. Соф’я апынулася пад хатнім арыштам. Яе служкі былі заключаны пад варту і пад катаваннямі назвалі імя палюбоўніка каралевы — рыцар Генрых з Рогава. Аднак як ні катавалі Генрыха, ён толькі паўтараў: «Каралева не здраджвала каралю!». І яму паверылі. Справа была закрыта, арыштаваных адпусцілі. Дарэчы, у падзяку Соф’я прыблізіла Генрыха да сябе і пасля смерці пакінула яму некаторыя свае землі. І можна было б па-рознаму трактаваць гэты ўчынак, аднак яе сын Казімір аказаўся вельмі падобны на караля Ягайлу.

У 2006 годзе Нацбанк выпусціў да 600-годдзя Соф’і Гальшанскай дзве памятныя манеты наміналам у 1 і 20 рублёў.

Анастасія ЗЕЛЯНКОВА, gazetaby.com