«Ніякага прашэння пісаць не буду»
Паводле жонкі Мікалая Статкевіча, ён ні ў якім выпадку не стане пісаць прашэнне аб памілаванні. Жонка Алеся Бяляцкага кажа, што пра вызваленне яе мужа казаць рана, пакуль «няма пэўных дзеянняў».
22 студзеня Марына Адамовіч, жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, атрымала ад мужа ліст, у якім той фактычна адказаў на пытанне, ці пагадзіўся б ён напісаць прашэнне аб памілаванні, каб выйсці на волю. Марына Адамовіч зачытала «Свабодзе» вытрымку з ліста, які быў адпраўлены 16 студзеня.
«Калегі з СПГ, гэта Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі, цяпер ва ўрадзе, і яны з дапамогай патаемнай дыпламатыі зараз будуць дамагацца майго вызвалення, як Хадаркоўскага. Але я супраць таемнай дыпламатыі там, дзе патрэбныя іншыя сродкі. І што я не Хадаркоўскі, я кандыдат у прэзідэнты, а той бізнэсовец. Таму ніякага прашэння я пісаць не буду. Бо паклікаў людзей на Плошчу, дзясяткі тысяч прыйшлі, нягледзячы на страх. І здраджваць такой колькасці людзей я не здолею».
Паводле Марыны Адамовіч, выказванне Аляксандра Лукашэнкі ў бок Мікалая Статкевіча, што той нібыта «палітычны труп», ёсць доказам таго, што кіраўнік краіны насамрэч лічыць Мікалая Статкевіча сваім палітычным супернікам. «Інакш яго б не трымалі ў турме», — мяркуе Марына Адамовіч.
Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі нібыта за арганізацыю беспарадкаў 19 снежня 2010 года і адбывае пакаранне ў магілёўскай турме.
Ці зможа выйсці на волю паводле амністыі праваабаронца Алесь Бяляцкі, пра якога таксама ішла размова падчас учорашняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з беларускімі журналістамі? Аляксандр Лукашэнка назваў «сур’ёзным аргументам» звесткі пра тое, што Алесь Бяляцкі кампенсаваў нанесеныя, паводле суду, страты. Як сказаў Лукашэнка, калі гэтая інфармацыя пацвердзіцца, павінна быць разгледжанае пытанне аб ужыванні амністыі да Бяляцкага.
Жонка праваабаронцы Наталля Пінчук сказала на гэта, што «будзе верыць толькі дзеянням, а не словам», і патлумачыла, што ўжо не ўпершыню чуе пра магчымае вызваленне мужа, але да гэтага так і не дайшло. Наталля Пінчук патлумачыла карэспандэнту «Свабоды»:
«Я б разглядала першым крокам да такога рэальнага дзеяння новы Закон аб амністыі. Пакуль яго няма, няма пра што і гаварыць».
Праваабаронца, былы адвакат Павел Сапелка пералічыў магчымыя механізмы вызвалення Алеся Бяляцкага.
«Гэта можа быць не толькі амністыя, але і змякчэнне пакарання да не звязанага з пазбаўленнем волі, а таксама датэрміновае вызваленне, паколькі Бяляцкі адбыў палову тэрміну і пакрыў страты. Улада можа выбраць любы варыянт, было б на тое палітычнае жаданне. Пакуль закона аб амністыі няма, таму казаць пра яе рана. І калі з’явіцца такі закон, то ў ім павінен быць артыкул, паводле якога пакаралі Алеся Бяляцкага. Вось тады шанцы становяцца больш рэальныя. Але яшчэ трэба, каб у калоніі Бяляцкі не апынуўся ў ліку злосных парушальнікаў рэжыму».
Павел Сапелка нагадаў, што грамадскасць сабрала грошы і кампенсавала страты, нібыта нанесеныя Алесем Бяляцкім, але гэта пакуль не прывяло да вызвалення праваабаронцы, якога Павел Сапелка лічыць «закладнікам рэжыму».
Хто яшчэ з палітвязняў мае магчымасць датэрмінова выйсці на волю? Паводле Паўла Сапелкі, да Мікалая Статкевіча і Мікалая Дзядка можа быць ужытае толькі памілаванне, бо яны цяпер у турме, што перашкаджае ўжываць адносна іх амністыю. «Мікалай Аўтуховіч увесну мае выйсці на волю, бо заканчваецца ягоны тэрмін. Датэрміновае вызваленне іншых палітвязняў для мяне пад вялікім пытаннем», — сказаў былы адвакат Павел Сапелка.
Алег ГРУЗЬДЗІЛОВІЧ, Радые Свабода