TOP

Зялёныя штаны гадзяцца для шпаны

Наконт формы для нашых алімпійцаў Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Мне паказалі экіпіроўку, на што я адказаў, што апранаць яе не буду. Як прэзідэнт краіны будзе хадзіць у зялёных штанах? Добра, што не блакітныя, чэснае слова…» Нам поспехаў АлімпіядыПрыносяць — як наплакаў кот…І тут ні ўзбучкі, ні загадыНе дададуць узнагарод.

І хоць падзей заўжды багата,
Па медалях складаем план,
Амаль як на «чужое свята»
Мы пазіраем на экран.
Калі расклад такі… хрэновы
І нам не свецяць медалі,
Да нечаканае высновы
Чыны спартыўныя прыйшлі:
«Няхай ніхто не пераможа,
Не ўчуем медалёвы звон,
Ды будзе выглядаць прыгожа
Там наш спартыўны легіён.
Каб розныя «месье» і «сэры»
Распазнавалі нас здалёк,
Дык пашчыруйце, мадэльеры!
Дызайнеры, напружце клёк!»
Што болей кідкае ў адзежы?
Пытанне ўзнікла для чыноў,
Якія колеры належыць
Абраць для куртак і штаноў.
Спярша абралі чорна-шэры.
— Паверце нам, што гэта дур, —
Пярэчыць сталі мадэльеры. —
Падобны колер — для хаўтур.
Забракавалі колер сіні,
Бо, парашылі, гэткі від
Больш падыходзіць для Расіі.
Дый геяў сімвалам — блакіт.
Палічыць Бацька, што ганебна…
Галоўны вынес свой прысуд:
— Ідэалогіяй патрэбна
Усім нам кіравацца тут.
Было б, бадай, зусім няблага
(Дый не супроць правадыры),
Каб форма мела колер сцяга.
— Дык іх жа там адразу тры!
Пачулі аргумент ягоны:
— Хай іх было б і цэлых пяць!
Вось толькі белы і чырвоны
Непажадана ужываць.
Няўцям дызайнерам знямелым…
— Ды не нажыць бы нам бяды:
Са сцягам бел-чырвона-белым
Нацдэмы носяцца заўжды!
Што застаецца нам? Зялёны.
Ён сакавіты, як трава.
І з-за таго, што незаконны,
Балець не будзе галава.
Ніхто не папракне ніколі,
Ад Бацькі будзе пахвала…
Зялёны — вось найлепшы колер,
Каб форма вабнаю была!
— Ды гэты ж колер мусульмане
Шануюць з даўняе пары…
— А хто зважаць на гэта стане?
Дый мусульмане нам — сябры…
Не падкапаешся як быццам,
Як быццам правільны намер…
Пашылі форму алімпійцам,
Няхай красуюцца цяпер!
А можа, выканаюць норму
Па медалях, бо шыку шмат.
Для пахвалы рашылі форму
Занесці Бацьку на агляд.
Дый форма акурат дарэчы
Дарункам будзе заадно,
Бо Бацька «не сядзіць на печы» —
На лыжах бегае даўно.
Няхай пацешыцца, рашылі,
І мо, падзякі апрача,
Надзеліць прэміяй-грашыма
Ці «футрам з царскага пляча».
А Бацька раптам — вось дык дзіва! —
Дарунак згледзеўшы такі,
Раўнуў:
— Я што — за кракадзіла?
Вы звар’яцелі, мужыкі!
Вы з перапою? З перапуду?
Ці лічыце, што я дурны?
Я, прэзідэнт, і раптам буду
Насіць зялёныя штаны?
Дызайнеры і мадэльеры
Як абпляваныя пайшлі.
Цяпер адна надзея-вера —
Што ўсё-ткі будуць медалі…
* * *
Во ўжо ад Бацькі мелі б звягу
(Застаўся б гвалт на ўсе часы),
Каб падарылі, як на сцягу,
Яшчэ й з арнаментам трусы…

Алесь НЯЎВЕСЬ

Новы зборнік А. Няўвеся «Кукіш у кішэні» можна купіць ў мінскай кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а). У электронным выглядзе кнігу «Кукіш у кішэні», гэтак жа, як і папярэднія зборнікі («Дзежка дзёгцю», «Адлуп», «Ад аргазму да маразму», «Пустадомкі», «Глобус Беларусі», «Слон пад мікраскопам»), можна бясплатна набыць на сайце: www.alesnauwes.com. Там жа змешчаны и новыя фельетоны Алеся Няўвеся. 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.