TOP

З палітыкаў — ў пісьменнікі?

Калі гутарка заходзіць пра Зміцера Дашкевіча, перш за ўсё ўзгадваюць пра яго палітычныя погляды і «турэмныя прыгоды». Менавіта апошняе і стала глебай да раскрыцці іншай якасці — схільнасць да літаратарства, якое матэрыялізавалася ў дэбют з назвай «Чарвяк».

Апошняе было цалкам чаканым. І справа не толькі ў генах (бацькі Зміцера былі журналістамі). Выбар жыццёвага шляху быў яму накаваны лёсам і тым, хто намі кіруе. Толькі так можна патлумачыць той факт,што пасля году вучобы ў Гродзенскім аграрнатэхнічным універсітэце Зміцер прыехаў паступаць у Мінск менавіта на журфак БДУ.

Дакументы ў яго тады нават не прынялі, бо падаваць іх Дашкевіч прыйшоў у майцы «Маладога фронту», але страта патэнцыйнай магчымасці атрымаць дыплом, як высветлілася потым, не стала нечым перашкаджальным для імкнення пісаць. Прэзентацыя кнігі «Чарвяк» — вельмі красамоўнае таму пацверджанне.

Image 3369

Змест пераказваць няма сэнсу па той прычыне, што кнігу можа прычытаць кожны жадаючы самастойна, таму наша размова была вельмі кароткай:

— Дашкевіч становіцца пісьменнікам? Можа, натхняе прыклад Севярынца?

— Прыклад Севярынца заўжды натхняе (смяецца). Хаця такой самамэты — выдаць кнігу — у мяне не было. Проста цягам розных «турэмных вандровак» я імкнуўся данесці старонняму чалавеку тое, што адбываецца ў турме — як людзі, трапляючы у зняволенне, пакутуюць і целам, і душою. Таксама я жадаў не толькі апісаць тых ці іншых герояў, тыя ці іншыя выпадкі турэмнага жыцця, але і спрабаваў дакапацца да духовых чыннікаў хваробы нашай дзяржавы і нашых людзей.

— Чаму ў кнігі такая назва — «Чарвяк»?

— Гэта назва аднайменнай аповесці, якую я напісаў пра аднаго са сваіх спадарожнікаў, якіх сустрэў на турэмным шляху. З Дзянісам — так клікалі галоўнага героя «Чарвяка» — я пазнаёміўся пад час свайго знаходжання ў «адзіночцы» глыбоцкай калоніі, мы з ім сядзелі ў суседніх камерах.

Узнік нейкі такі вобраз — мы называлі сябе чарвякамі, падобна як самы вялікі цар у гісторыі чалавецтва — цар Давід — таксама называе сябе чарвяком у адным з біблійных псалмоў. І вось гэтае слова — «чарвяк» — сталася для мяне такой квінтэсэнцыяй усяго турэмнага жыцця.

— Ёсць планы зноў успомніць пра свае журналісцкія гены?

— Я пра гэтыя гены ніколі не забываў (смяецца). Цяпер пастаянна пішу тэксты для незалежных выданняв. Таксама працую над кнігай аб моладзі — на падставе сацыялагічных дадзеных прафесара Манаева і НІСЭПД.

Кнігі яшчэ ў класічным выглядзе не было, а «медныя трубы» ужо пачаліся. Маецца на ўвазе прэмія імя Францішка Аляхновіча, якую заснавалі беларускі ПЭН-ЦЭНТР і радыё «Свабода», дзе электронны варыянт «Чарвяка» быў адным з прэтэндэнтаў на перамогу.
А не так даўно «Чарвяк» стаў адным з лаўрэатаў прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча, якая заснаваная ў снежні 2010 года Беларускім ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменнікаў з удзелам расійскага бізнесоўца беларускага паходжання Паўла Бераговіча.
Прэтэндуе яна і на літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца, што апошнім часам стала вельмі вядомай у Беларусі.
Аднак, справа не толькі ў гучных рэгаліях, якія сведчаць аб таленце Зміцера. Кнігу варта прачытаць яшчэ і таму, што яе напісаў чалавек з вельмі моцным духам, нязломным характарам і чыстым сумленнем.

Аляксандр ТАМКОВІЧ