TOP

Кароўнік дагледзім, а могілкі… Ну, няма грошай!

...Актыўнаму чалавеку, які лічыцца апанентам улады, аднак ставіць найпершай мэтай для сябе служэнне грамадству, шлях у саветы найчасцей перакрыты. Як тады можна дапамагаць людзям? Вырашаць наспелыя праблемы?

Усе гэтыя гады я шматкроць звяртаўся ва ўсемагчымыя структуры вертыкалі — ад сельсавета да Савета Рэспублікі. І толькі лічаныя пытанні пасля неаднаразовых зваротаў удавалася вырашыць. Прычым падымаліся зусім не палітычныя — сацыяльна-бытавыя праблемы: гандлёвае, транспартнае абслугоўванне, паслугі ЖКГ, вулічнае асвятленне, добраўпарадкаванне горада і вёсак, могілак, дапамога інвалідам і старым…

Хіба не мусіць вертыкаль займацца ўсім гэтым? Як — «так», то чаму б не скарыстацца дапамогай энтузіястаў? Аднак…

Тут лепей прывесці прыклады.

89-гадовай хворай жанчыне сусед стварыў папросту нечалавечыя антысанітарныя ўмовы жыцця. Што ў гэтай сітуацыі рабіць мне, якога бабулька і добрыя людзі палічылі «апошняй надзеяй»? Звярнуўся ў райсавет, райвыканкам, да рознакаліберных дэпутатаў, нават да памочніка прэзідэнта. Нуль. Ніхто нічога не жадае рабіць…

У вынікі нешта зрабілі проста звычайныя добрыя людзі: хоць таго было занадта мала для бабулі, аднак нават малавыніковай увагі ёй хапіла, каб пачувацца куды лепей…

Толькі ж хіба тое выйсце?

Сем гадоў таму галоўны інспектар па Міншчыне праводзіў прыём грамадзян, пад час якога выплыла праблема ўцяплення цеплатрасы, пракладзенай па паверхні тэрыторыi дзіцячага садка №6.

Мяркуеце, высокі чыноўнік аператыўна вырашыў відавочна небяспечную для малых праблему?

Не, мне давялося разам з актывістамі і бацькамі яшчэ ПЯЦЬ гадоў крыкам крычаць, прасіць дапамогі! Пісалі лісты, слалі фотаздымкі — нічога не дапамагала… У 2011-м скарыстаўся «прамой лініяй» старшыні абласнога дзяржкантроля — на «аб’ект» прыехала цэлая дэлегацыя чыноўнікаў і вачам сваім не паверыла! А чым той шок закончыўся? Накінулі на найбольш небяспечны ўчастак трубы кавалак шкловаты і — кропка… Аднак у 2012-м цеплатрасу прывялі ў парадак.

Што ў такім разе значаць грозныя дырэктывы кіраўніка краіны пра эканомію, пра год беражлівасці ўрэшце? Няўжо — суцэльная паказуха? Проста тлум?

Ва ўсялякім разе так і думалі жыхары мікрараёна, калі ў іхных кватэрах тэмпература ўзімку не падымалася вышэй за 14 градусаў, а дзяцей у садках наогул не распраналі…

Між тым пара чыноўнікаў, да якіх мы тады звярталіся, былі дзівосным чынам «абраныя» тады ж у Палату прадстаўнікоў…

Ад 2008-га шматкроць прасіў добраўпарадкаваць могілкі ў вёсцы Калодзезнае.

У адказ — спрэс адпіскі. А хіба праблема высоказатратная? Хіба яна не актуальная? Хіба ўладзе не варта было паклапаціцца пра гэтую праблему? Не, мне ўрэшце давялі — спыняем з вамі перапіску!

Між тым гэтыя могілкі незвычайныя: яны пачаліся ад 1943-га, калі фашысты знішчылі 213 вяскоўцаў — каго застрэлілі, каго спалілі…

Летась было 70-годдзе той жахлівай падзеі, на траурны мітынг прыехала адмысловая раённая дэлегацыя: сказалі нешта дзяжурнае, усклалі кветкі да помніка…

Але пра добраўпарадкаванне — ані слоўца. І праз два дні пасля той «высокай місіі» нашчадкі загінулых вырашылі навесці парадак самі, без удзелу ўладаў: спілаваць старыя дрэвы, усталяваць бетонную агароджу…

Таксама не самая складаная задача, аднак для звычайных людзей і зусім не простая.

У выніку я зноў распачаў свае паходы па кабінетах «вертыкалі». «Мэр» урэшце паабяцаў спілаваць тое, што аджыло сваё, і нават дапамагчы ва ўстаноўцы агароджы.

Пасля таго нават райаграсервіс падключылі, але нечакана атрымаў афіцыйную паперу: замена агароджы на 2013 год не запланавана…

Што рабіць? Завёз у Капыль ліст вяскоўцаў: як не можаце дапамагчы, то хоць бы не перашкаджайце!

Людзі подпісы паставілі: не будуць мець прэтэнзій, калі спілаваныя дрэвы раптам пашкодзяць помнікі…

Мала таго, што гэта, як кажуць, ні ў якія вароты, дык пазней нас усіх адразу паімкнуліся перасварыць, потым залагодзіць — абы мы не шумелі і далі ціха ды спакойна дачакацца да той пары, як рэарганізуюць мясцовы сельсавет. Такая тактыка дала свой «плён»…

У выніку праблема не вырашалася яшчэ доўгі час. Зламаць незразумелае супраціўленне дробных вертыкальшчыкаў удалося толькі пасля таго, як мне пашанцавала ўрэшце патрапіць на прыём да губернатара вобласці.

Скончылася тым, што ўрэшце ўсталявалі 176 метраў агароджы коштам 23 мільёны рублёў. Заўважу да сораму ўлады і гонару тамтэйшага люду: грамадзяне сабралі палову гэтай сумы…

Паўтаруся яшчэ раз: тыя могілкі — незвычайныя, дзяржава, пабудаваная шмат у чым на ідэалогіі супраціву фашызму, мусіла быць на адпаведнай маральнай, патрыятычнай вышыні.

Аднак…

Агароджа не пафарбаваная дагэтуль. Хоць мы дасылалі чарговы ліст да старшыні Палаты прадстаўнікоў. Пэўнага адказу не атрымаў, хоць прайшло ўжо тры месяцы. Дык для каго яны там пішуць законы? І хто іх будзе выконваць, калі самі заканадаўцы парушаюць імі ж напісанае-зацверджанае?

Заўважу: у суседняй Вялікай Раеўцы агароджа кароўніка фарбуецца штогод, а што да могілак знішчаных карнікамі вяскоўцаў, то нам адказалі: тут фарбы не абавязковыя… Маўляў, зразумейце: бюджэт не гумавы, грошай мала…

Не, не разумею!

Віктар ДАШКЕВІЧ