Дзе нашы грошы на рэстаўрацыю Каложы?
Гарадзенскія актывісты, якія ініцыявалі кампанію за адкрыты і публічны бюджэт, звярнуліся ў аблвыканкам, каб даведацца, куды пайшлі грошы, сабраныя на рэстаўрацыю аднаго са старажытных помнікаў Беларусі — гарадзенскай Каложы.
Яшчэ два гады таму ў Гародні планавалі пачаць рэстаўрацыю Барысаглебскай (Каложскай) царквы. Былі зробленыя праекты, іх абмеркаванне вялося ў дзяржаўнай прэсе, далей прагучаў заклік пра збор сродкаў, адкрыццё адмысловага рахунка.
Каментуе актывіст Зміцер Бандарчук:
— Грошы збіралі з прадпрыемстваў, проста з грамадзян. Быў адкрыты нейкі рахунак. На люты 2011 года было ўжо больш за 100 мільёнаў па тагачасным курсе. Аднак прайшлі ўжо два гады, але планаваных зрухаў у рэстаўрацыі не бачна. Куды ў такім разе пайшлі сабраныя грошы? Хіба людзі не маюць права ведаць адказ на наспелае пытанне?
Рэакцыю аддзела культуры аблвыканкама актывісты будуць чакаць згодна беларускаму заканадаўству цягам 15 дзён, а далей збіраюцца пісаць у інстанцыі вышэй.