TOP

У Салігорску бракуе другой паліклінікі і … беларускай мовы

Знаёмцеся — Віктар Малочка, пенсіянер і малады бацька, падпалкоўнік фінансавай міліцыі і сябра АГП. 

Нарадзіўся ў вёсцы Крывічы, пасля службы працаваў міліцыянерам. Скончыў Мінскую вышэйшую школу ўнутраных спраў СССР і чатыры гады адпрацаваў у Благавешчанску. У 1990 годзе вярнуўся на радзіму. На пенсію выйшаў у 2001 годзе ў званні падпалкоўніка фінансавай міліцыі.

— Па вяртанні і пазнаёміўся з Зянонам Пазьняком, беларускай ідэяй, — распавядае Віктар. — Тады можна было яшчэ ўступіць у Фронт, нават носячы пагоны.

Беларуская ідэя мне блізкая, хацелася, каб дзеці раслі пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня». Хацелася, каб яны спявалі нашы песні і танчылі пад нашу музыку. У мяне калісьці бацька вельмі добра танчыў полькі беларускія. Але потым усё гэта пачало знікаць, і мне стала вельмі крыўдна ды балюча.

Неяк паспрабаваў замовіць віншаванне на мясцовым тэлеканале, але аказалася, што па-беларуску гэтага зрабіць немагчыма. Суд адмовіў у пазове, пасля чаго ў пошуках здаровага сэнсу прайшоў усю ідэалагічную вертыкаль Рэспублікі Беларусь. І ўрэшце атрымаў адказ: шаноўны Віктар Уладзіміравіч, вазьмі сваю беларускую мову, едзь у Крывічы і там з ёю танчы. А салігорскі тэлеканал на якой мове хоча, на такой і будзе вас віншаваць…

— Прама вось так?

— Амаль што дакладна. Таму зараз зноў у суд іду патрабаваць беларускую мову на мясцовым тэлеканале.

— Вы зараз у БНФ?

— Не, у АГП. Фронт раскалоўся, Пазьняк далёка, яго паплечнікаў не чутна. Аб’яднаная ж грамадзянская партыя дзейнічае. Для яе беларуская мова таксама каштоўнасць.

Калі трохгадовая малодшая дачка пайшла ў дзіцячы садок, куды і мае старэйшыя хадзілі — ім цяпер 26 і 27 гадоў, то там цяпер ні слова па-беларуску. Ні беларускіх гульняў, ні песень — нічога. Але Варвара ўсё роўна расце пад бел-чырвона-белым сцягам. Калі няма мовы, калі няма культуры, пачуцця сваёй Радзімы, то няма і перспектывы ў гэтай нацыі. Вельмі шкада, што многія беларусы забыліся пра гэта.

Але мы не апускаем рукі. Нешта робім у Салігорску, у тым ліку і праз Таварыства беларускай мовы, сябрам якога з’яўляюся.

— Мова — гэта адзінае, чаго не хапае ў «багатым» Салігорску?

— Ёсць яшчэ адна тэма, якая мяне, як жыхара, вельмі хвалюе: гэта будаўніцтва другой паліклінікі. Людзі з чатырох гадзін раніцы стаяць у чэргах, каб узяць талончык і трапіць да спецыяліста. Дактароў не хапае. Мы выпускалі ўлёткі, звярталіся ў Міністэрства аховы здароўя, да дэпутатаў, але…

Яе павінны былі пабудаваць некалькі гадоў таму. Але на выдзеленым месцы адгрохалі дом для трэнераў Лядовага палаца.

А пад паліклініку новае месца ў новым мікрараёне адвялі. І вось у мяне афіцыйны адказ старшыні гарадскога савета дэпутатаў Лідзіі Клішэвіч: «Шаноўны Віктар Уладзіміравіч! Вядома, паліклініка новая будзе пабудавана. Да 2025 года! З прывітаннем…»

Як жа так? Вось у мяне афіцыйныя адказы з выканкама, Міністэрства аховы здароўя — дзейная паліклініка разлічана на 45 тысяч жыхароў. А зараз у Салігорску ўдвая больш! Да таго ж некаторыя профільныя спецыялісты абслугоўваюць яшчэ сем раёнаў — можаце ўявіць, што там робіцца…

Для параўнання: у Барысаве, які ўсяго ў паўтары разы больш Салігорску, — пяць паліклінік.

Вось за свае правы я цяпер і змагаюся пад сцягам АГП — за медабслугоўванне без чаргі і за права жыць з беларускай мовай ды спрадвечнымі сімваламі беларусаў на роднай зямлі.

Ганна КРАСУЛІНА

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.