TOP

Наступны Хаўер чакацьмем цяпер

Мінулы год аказаўся рэкордным па колькасці народжаных дзяцей — амаль 118 тысяч. Такога ў Беларусі не было ўжо дваццаць год. У сувязі з гэтым хто-ніхто ці жартам, ці ўсур’ёз згадвае леташні цыклон Хаўер, калі прапала электрычнасць, патухлі тэлеэкраны, не працаваў Інтэрнэт… Мы жылі — не зналі гора,Светлым быў душэўны стан,Ды на нашыя прасторыРаптам хлынуў ураган.

Наляцеў, як Змей Гарыныч,
Як жарэбчык малады,
Ад Дняпра і да Гарыні
Нарабіў для нас бяды.
Снег насунуў на дарогі,
Сцежкі, вулкі і двары.
І па ім не толькі ногі —
Не паўзуць і трактары.
Паваліў шалёны вецер
Электрычныя слупы.
Без святла ж у гэтым свеце
Кожны з нас глухі-сляпы.
…Маладзёны Глеб і Света
Без дзяцей жылі, адны,
Бо, як кажуць, з Інтэрнэта
Не вылазілі яны.
Стаў аддухаю для Глеба
Віртуальна-ўяўны свет,
Жонка быццам бы й не трэба,
Бо да сексу знік імпэт.
Там забавы і парнуха,
«Танкі» — лепшая гульня…
Словам, добрая аддуха,
Сумнай яве не раўня.
Зрэшты, жарсць не трэба й Свеце.
Калі муж — як целяпень,
Дык таксама ў Інтэрнэце
Прападала ноч і дзень.
«Аднакласнікаў» старонка,
Кінафільм, паказы мод…
Толькі й назва — «муж і жонка»,
А наперадзе — развод.
Нечакана — соль на рану:
У сяло прыбег Хаўер.
І святло з-за урагану
Знікла. Што рабіць цяпер?
Бо экраны манітораў,
Мовіць так, цямней начы.
Во дзе скруха, во дзе гора —
Хоць ты крычма закрычы!
Перажыць няпроста гэта,
Ім расклад такі не ў масць.
Ад самоты Глеб і Света
Зноў успомнілі пра жарсць.
Увіхаліся да змору,
Аж папіць няма калі,
Камасутры слыннай фору
У фантазіях далі…
…Сорак год пражыў Мікіта.
Ды з нядаўняе пары
Выглядаў дзяцюк, нібыта
Векавечны дзед стары.
Што ж Мікіту падкасіла,
І чаму гнілы, як пень?
А таму, што ён «чарніла»
Жлукціў ледзь не кожны дзень.
Грошы меліся ў Мікіты —
Цесля на сяло адзін.
Ну а ўвечары — візіты
На «запраўку» ў магазін.
Жонку меў і двое дзетак.
Дзетак мо і больш было б,
Але піў Мікіта гэтак,
Што «палове» неўспадоб.
З п’яным сексу не хацела,
Бо самец з Мікіты — нуль.
Без карысці топча цела,
Не зняможыцца пакуль.
Словам, жонцы не да страсці,
Калі муж зусім азыз.
Ды аднойчы — вось дык шчасце! —
Падарыў Хаеўр сюрпрыз.
Для Мікіты — проста драма:
Не здабыць нідзе віно,
Бо зачыненая крама,
Дый дарогі не відно.
Двое сутак жыў без дозы,
Калі выйшаў з пахмяла.
І таму, што ён цвярозы,
Ночка бурнаю была.
Паламалі з жонкай ложак —
Пералеглі на дыван…
(Бушаваць, як бачна, можа
І ў пасцелі ураган.)
…Дзед Рыгор і баба Ганна,
Як сагнулі іх гады,
Вечары каля экрана
Толькі й бавілі заўжды.
Як аладкі, серыялы
Паглынаў тандэм стары.
Дзякуй Богу, іх нямала —
Ад зары і да зары.
Ды бяда: з-за урагану
У старых экран патух.
Ахапіла роспач Ганну:
— Каб цябе, нячысты дух!..
У вакне — святло з падворка.
Што ж рабіць ім да начы?
Ганна:
— Ты мяне, Рыгорка,
Можа, трохі… патапчы…
Пятакамі вочы ў дзеда,
Кроў пастукалася ў скронь:
Сексу дзесяць год не ведаў,
Хоць калісьці быў, як конь…
— А давай! Далёка поўнач, —
Іскра бліснула ўваччу. —
Калі прыйдзе Бог на помач,
Мо і праўда патапчу…
Дзед, прынамсі, і без Бога
Увіхаўся да цямна,
Бо ад коніка старога
Не псуецца баразна…
…Ад нягодніка Хаўера
Дзевяць месяцаў прайшло.
Даць, магчыма, цяжка веры,
Ды змянілася сяло.
Нечакана немаўлятак
Загучалі галасы.
Іхні крык — з дамоў і хатак,
Бы ў мінулыя часы.
Света нашая таксама
Нарадзіла хлапчука.
І самой аж дзіўна: мама!
Шчасця бурная рака…
І хоць зрэдчас маладзіца
Зазірае ў Інтэрнэт,
Ды прыйшлося пагадзіцца:
Інтэрнэт — не цэлы свет.
Ну і Глеб астыў да Сеткі,
Не глядзіць на манітор.
Трэба выказаць для дзеткі
Многа ўвагі з гэтых пор:
Рана ўстаць, памыць пялёнкі,
Дый другіх зашмат турбот.
Больш не лезе ён да жонкі
З прапановай пра развод.
А яшчэ ў жыцці Мікіты
Адбылося многа змен.
Ён раней хадзіў прапіты,
Ачмурэлы, як бязмен,
Да сябе цягнула крама,
А цяпер зусім не так:
Не бярэ і ў рот ні грама,
Бо адчуў у сексе смак.
Дый зусім з другім настроем
Ён працуе. Анягож:
У сям’і ўжо дзетак трое,
Каб карміць іх, трэба грош.
Дзед Рыгор і баба Ганна
З той пары — як мацакі.
«Паміраць пакуль што рана, —
Вывад зроблены такі. —
Не прыйшло жыццё да краю,
«Паскрыпім» з дзясятак год…»
Хоць не здолела старая
Пасля буры даць прыплод,
Ды Рыгор памяў ёй косці
Адмыслова, як і след.
Быццам зноў у маладосці
Апынуўся раптам дзед.
Развязаў, нарэшце, тое,
Што даўно было ў вузле,
І са страсцю маладою
Бабе зноў флюіды шле.
Ім, прынамсі, не цікавы
Самы лепшы серыял.
Парабіўшы зранку справы,
Дзед заве спатольваць шал…
Акрыяла вёска, словам,
Пабываўшы без святла,
І жыццём шчаслівым, новым
Забуяла, зажыла!
* * *
Мы не мелі б выгляд хмуры,
Адрадзіліся б хутчэй,
Калі б тры такія ж буры
Бог на нас наслаў яшчэ.

Алесь НЯЎВЕСЬ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.