TOP

Удзячныя без меры чынку пенсіянеры

Старшыня Рагачоўскага райвыканкама падпісаў распараджэнне, згодна з якім супрацоўнікі ўпраўленняў, аддзелаў выканкама і раённых службаў замацаваны за вёскамі раёна. У час наш пісьмы шлюць не часта,Бо тэлефоны тут і там.І дзіўна, што бабуля НастаПрыслала ліст у выканкам.

Народ уладу дакарае
І нават лае дзень пры дні,
А тут вясковая старая
Падзякавала старшыні:
«Не там я, можа, стаўлю коскі,
Бо ў школе тры гады была…
Дык ты прабач. Ад нашай вёскі
Табе, сыночак, пахвала.
Прыслаў ты на пачатку лета
У вёску нашую чынка.
Дык мы і дзякуем за гэта,
Бо ўпадабалі дзецюка.
Ён, мусіць жа, у кабінеце
У вас там праціраў штаны,
Варочаў «гной» — паперы-смецце.
Занятак, я скажу, дурны
Для мужыка, што ў самай сіле
(Адзень хамут — пацягне воз),
Раней такія ў нас касілі,
І, як дарога, быў пракос.
Па вёсцы з пыхаю спачатку
Хадзіў, нібы кароль ці князь.
Баяўся ён сваю апратку
Паквэцаць у якую гразь
Або запэцкаць чаравікі,
Што коштам не ў адзін рубель.
А як жа! Гэткі чын вялікі!
Пад пахаю такі партфель!
Чынок усім рабіў заўвагі,
А лепш сказаць, дурыў мазгі,
Бо ў тых заўвагах болей звягі,
Дык вынік быў зусім благі.
І вось спадобіўся з’явіцца
Ён неяк на зернетаку.
Туды ракой цячэ пшаніца,
І трэба гэтую раку
Ачысціць ад ашмёцця-смецця
І збожжа прасушыць як след.
А хто там ёсць?
Жанкі і дзеці,
Ды з шуфлем векавечны дзед.
Пачаў вучыць твой чын высокі,
Як трэба шуфляваць ячмень.
А дзеду выказаў папрокі:
Маўляў, няўклюда, целяпень.
Не вытрымаў стары:
— Ідзі ты..!
Чым тут хварсець перад людзьмі,
Калі такі ты майстравіты,
У рукі шуфель сам вазьмі!
І што рабіць? Прыйшлося брацца
Яму за шуфель сапраўды.
Як бачыш закіпела праца.
Яно й не дзіўна: малады!
Такі, як кажуць, горы зверне.
Да надвячорка на таку
Разгрэблі-прасушылі зерне.
Каму падзякаваць? Чынку!
Быў невыказным смутак дзедаў,
Што больш не прыйдзе чын, на жаль…
Назаўтра ферму ён наведаў,
Даглядчыкам чытаў мараль.
Як свінні ў вас, маўляў, каровы,
Па чэрава ў гнаі бычкі,
І дух на ферме нездаровы,
Паўсюль адны каравякі.
З даглядчыкаў тых кожны — сіні,
Калі ж папросту — алкашы.
Яны чынка і папрасілі:
— Дык ты нам прыклад пакажы!
А то прыйшоў сюды, як пава,
І, быццам танк, на нас папёр.
Дык во табе сахор-забава…
А ён і праўда ўзяў сахор!
Даглядчыкі «чарніла»-пойла
Сабе ўлівалі ў гарлякі,
Чынок жа ўсе пачысціў стойлы,
У кучу згроб каравякі.
А потым, адпачыўшы трошкі,
Пайшоў чыноўнік па дварах.
Там столькі хламу!
Смецце, дошкі,
Быльнёг па пояс — глянуць страх!
І агаломшаны мужчына
Стаў ушчуваць мясцовы люд,
Што жыць прыстойна немагчыма,
Калі паўсюль быльнёг і бруд.
Яму ў адказ казалі людзі:
— У нас жа кантынгент стары.
Дык памажы — з цябе не ўбудзе,
Двары
Хоць трохі прыбяры.
Ён пачаргова браў сякеру,
Касу, сахор і жалязняк
І кожнаму пенсіянеру
Рабіў паслугу. Дый «за так».
І мне той добры чалавеча
Так дапамог, што мала слоў:
Паправіў плот, а ўжо пад вечар
Ля пуні дровы пакалоў.
Удзячныя яму без меры
І людзі нашы, і калгас,
Бо ў ім жа спрэс пенсіянеры
Або апойкі ў гэты час.
Рук не хапае для работы…
Адчулі б мы ў калгасе зрух,
Каб прысылаў ты нам напотым
Не аднаго чынка, а двух…»

Алесь НЯЎВЕСЬ

Еще фельетоны

Чытайце таксама:

На сваю дзяржаву рупімся на славу!

Дык ці праўда сяло быльнягом зарасло?

Пануе ў нас сярэдні клас!

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.