TOP

Мужчыны і кабеты, забудзьце пра пікеты!

У Клічаве мясцовая ўлада забараніла правядзенне пікета супраць алкагалізацыі насельніцтва, бо на гэта не даў дазволу… уласнік гарэлачнай крамы, каля якой і павінен быў адбыцца пікет. Краіну нашую накрылаАдна вялікая бяда: Паўсюль гарэлка і «чарніла»У глоткі льюцца, як вада.

Чакае далягляд імглісты
Народ наш — гэта не сакрэт.
Таму ў райцэнтры актывісты
Задумалі пратэст-пікет.
А дзе «пятак» найлепшы самы
Каб чулі заклікі твае?
Вядома, каля тое крамы,
Што пойла людзям прадае.
І быццам даць дазвол гатовы
Чыноўнікі на той пікет,
Ды трэба выканаць умовы,
Каб па закону ўсё, як след.
Вядома, той пікет павінны
Ахоўваць міліцыянер,
Бо там, дзе пах спіртова-вінны,
Смыляе ўсякі зброд цяпер:
Стаяць-тусуюцца апойкі,
Як здані, сноўдаюць бамжы…
Здараюцца парою бойкі,
Бывае, ў ход ідуць нажы.
І, натуральна, пратэстантаў
Не зносіцьмуць яны на дух.
Таму ахоўнікаў-сяржантаў
Начальнік даў адразу двух.
Патрэбна, каб каля пікета
Дзяжурства неслі дактары:
А раптам хворая кабета
Сканае ў спёку без пары,
Ці дзед які працягне ногі?
Тады для ўлады справы дрэнь.
Машына «хуткай дапамогі»
Стаяцьме побач цэлы дзень.
Яшчэ гурмою актывісты
Наведаліся ў жылкамгас,
Бо ўмова ўлады:
— Каб жа чысты
«Пятак» застаўся пасля вас!
Паабяцалі ў жылкамгасе:
— Пасля пікета на дварэ
Наш сіняносы дворнік Вася
І праўда трохі прыбярэ.
Расклад выходзіць лепшы самы,
Адно і трэба пад канец:
Каб даў дазвол дырэктар крамы —
Таго «чарніла» прадавец.
Аднак на іх дырэктар хмурна,
Пагрозна зыркнуў спадылба:
— Вы лічыце мяне за дурня?
Я вораг сам сабе хіба?
Тут камерцыйным інтарэсам
Ахвяраваць патрэбна мне.
Дык не пайшлі б вы, цёткі… лесам.
Я вам не дам дазволу, не!
Ён не хацеў пакрыўдзіць «цётак»,
Бо і ў прыродзе вечна так:
Хіба ж пра лёс ахвяраў-плотак
У рэчцы думае шчупак?
Паджгалі бедныя жанчыны
Да чынавенства ў выканкам.
— Як быць? Дырэктар магазінны
Сказаў: «Дазволу вам не дам…»
Чыноўнік жа развёў рукамі:
— Не памагу я вам нічым…
З яго душы зваліўся камень:
Не трэба выдумляць прычын,
Каб на пікет не даць паперы.
«Вярхі» не папракнуць яго.
А што народ наш п’е без меры,
Яму да месца аднаго…
* * *
Усюды будзе гладзь ды ціша,
Пікеты сыдуць у нябыт,
Бо той, хто ў нас законы піша,
Дурны, як бот, ці езуіт…

Алесь НЯЎВЕСЬ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.