TOP

Дзіцячая гульня

Улічваючы колькасць зваротаў кіраўніцтва Беларусі да праблемы барацьбы з карупцыяй, бягучы год можна назваць актыўным у змаганні з неўміручай гідрай. Задача стаіць ясная — нарэшце прыструніць парушальнікаў закона, якія страцілі сумленне і страх. Але гнеўных слоў вымаўлена шмат, а вынікаў, як і раней, няма. 

Халоднае, нежывое слова «карупцыя» засланяе сутнасць страшнай хваробы, яе злаякасны, знішчальны характар. Азірнемся навокал і разгледзім рэаліі. У маляўнічым месцы з-за высокага плоту, хоць і прыхаваны, але выглядае-хваліцца пошлай раскошай «палац» кіраўніка адміністрацыі нейкага рэгіёна, які, натуральна, мае і гарадскую кватэру. Гаспадар і ягоныя высокія апекуны сцвярджаюць, што дзеля пабудовы катэджа прынесены неймаверныя ахвяры: чалавек некалькі гадоў адкладаў амаль усю зарплату, прэміяльныя, трымаў у «чорным целе» сям’ю і нарэшце дасягнуў мэты. Праўда, нескладаная арыфметыка, параўнанне гадавога заробку чыноўніка і выдаткаў на будынак паказваюць, што, каб стаць шчасліўчыкам, яму трэба было б пражыць яшчэ гадоў 200! Але гэта для пракуратуры — неістотныя дробязі.

А вунь ззяе фарбаю, захапляе дызайнам замежны лімузін коштам пад сто тысяч еўра. Яго пад вокны кватэры падатковага інспектара, відаць, падкінулі ў якасці падарунка ўдзячныя падкантрольныя прадпрымальнікі, каб такім чынам адзначыць «выключную прынцыповасць і сумленнасць» ахоўніка законаў. Пералік такіх «цікавых» выпадкаў можна працягваць бясконца.

Шмат разоў я, як і іншыя неабыякавыя грамадзяне, выступаў у друку з канкрэтнай прапановай правесці інвентарызацыю ў межах краіны на прадмет выяўлення карупцыі, што зрабіць проста — параўнаць прыбыткі і выдаткі службоўцаў. Але ўлада не зацікаўлена ў патрэбнай акцыі, якая несумненна знізіла б апетыт злодзеяў. Яна вядзе такое змаганне з карупцыяй, якое падобнае на гульню дзяцей.

Тое, што ў Беларусі часам здараюцца гучныя скандалы, затрымліваюць чыноўнікаў, сілавікоў, прадстаўнікоў дырэктарскага корпуса, раскрываюць карупцыйныя схемы, яшчэ нічога не азначае. Большасць парушальнікаў закона выкручваюцца з крымінальных спраў, «добраахвотна пакрываюць прычыненую шкоду і сплачваюць прыбытак, атрыманы злачынным шляхам», або, калі трапляюць за краты, доўга не затрымліваюцца, выходзяць адтуль умоўна-датэрмінова. Напрыклад, кінулі лозунг: «Очистить банки от жуликов и бездарей!» Безумоўна, добры пачын. Але тут жа загучалі галасы адказных асобаў: «Он жулик? Но он же наш! И к тому же он каялся. Давайте не трогать, парень хороший». Сістэма сваіх не здае.

Справядліва сказаў пра жыццё пры аўтарытарным рэжыме выдатны музыкант Ю. Шаўчук: «Из патриотизма сделали плакат, из музыки — попсу. Из борьбы с коррупцией тоже делают шоу-бизнес. Не с того конца начали. Посадили десяток коррупционеров, чтоб народ не сильно кипел. И всё. А подзаконные акты, помогающие воровать, «дорожные карты теневых финансовых потоков» не убраны».

Карупцыя не ўкладваецца ў простую схему: адны злоўжываюць службовым становішчам, крадуць, а другія — іх ловяць. Карані гэтай з’явы ў краінах, якія ўзніклі на тэрыторыі былога СССР, больш глыбокія. Можна пагадзіцца з меркаваннем расійскага педагога і публіцыста В. Сендэрава: «Есть коренная разница между коррупцией в постсовдепии и, с другой стороны, в любой традиционной западной стране. Мошенник и вор на Западе и сам знает: он — преступник. Ради выгоды он преступает законы, которые, в принципе, он признает и сам. Мошенник и вор в России вообще ничего не преступает. Его прадеда учили: экспроприация экспроприаторов — основа исторического прогресса». На такіх пазіцыях стаяць і тутэйшыя карупцыянеры. У размове з чыноўнікам, які пабыў на турэмных нарах, пачуў: «Карупцыя — гэта помста за беднае жыццё дзядоў і бацькоў, за маё жабрачае маленства». Пра тое, што тысячы ненасытных шакалаў пры патуранні аўтарытарнай улады нахабна адбіраюць прыстойнае жыццё ў мільёнаў людзей, не дазваляюць Беларусі стаць цывілізаванай краінай, якую будуць паважаць у свеце, ён нават і не задумваецца.

Злодзеі мясцовага разліву заўжды ківаюць у бок Захаду, маўляў, і там ёсць карупцыя. Ёсць, але не ў гіганцкіх маштабах, і з ёй ідзе сапраўднае змаганне! Калі весці гаворку пра эфектыўную барацьбу з карупцыяй у бліжэйшых рэгіёнах, то можна спаслацца на прыклад Польшчы. У 80-х гадах мінулага стагоддзя яе эканамічнае становішча было катастрафічным. Але кіраўніцтва краіны не займалася бясконцым латаннем дзірак у гаспадарцы, як робіцца ў нас, а рашуча правяло, хоць і балючыя, радыкальныя рэформы. Быў дадзены штуршок развіццю рынкавай эканомікі, якая нават сваёй сутнасцю не дае раскашавацца карупцыі. Акрамя таго, у Польшчы да судовай адказнасці прыцягваюць любога злодзея незалежна ад займаемай пасады. Грамадзяне раз і назаўсёды зразумелі, што дзіцячай гульні з парушальнікамі, жартаў з законам не будзе.

Поспех Польшчы абумоўлены тым, што народ быў гатовы да ахвяраў, падтрымаў рашучасць свайго кіраўніцтва, якая абгрунтавана нялёгкай гісторыяй. Дзяржава не аднойчы стаяла на мяжы знікнення, палякі зведалі жорсткі нацыянальны прыгнёт. Цяпер яны, аднародныя ў мове, у рэлігіі, згуртаваныя, мабільныя, стратэгічна глядзяць наперад і кажуць: «Мы свой шанц не ўпусцім!»

У лёсах нашых народаў шмат падабенства. Нам трэба вучыцца ў палякаў любові да роднай мовы, да крэўнай зямлі, непаказному патрыятызму, салідарнасці, адзінству, самаахвярнасці, бо ў гэтым — сіла народа. Але ўлада такой задачы перад беларусамі не ставіць. Ёй выгадна мець не народ, а бяздумнае насельніцтва. Так лягчэй утрымацца ў крэслах і бясконца кіраваць.

Рэжым не прымае да выканання галоўнае палажэнне Канвенцыі ААН па барацьбе з карупцыяй — увесці санкцыі за абагачэнне чыноўнікаў, не пацверджанае афіцыйнымі заробкамі. У нас садзяць у турму толькі тых, хто зарваўся, крадзе не па чыне, хто не дзеліцца і не звяртае ўвагі на заўвагі вышэйшых начальнікаў.

Арыгінальнае рашэнне праблемы аб’явіў старшыня Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі А. Бастрыкін: «Есть один путь победить мафию — надо создать свою!» А навошта ствараць? Можна проста прыгледзецца да архітэктуры ўлады. Вертыкаль нагадвае структуру, згаданую чыноўнікам: дон, малодшы бос, кансільеры, капо, салдаты.

Дыктатурызацыя, алігархізм, сквапнасць транснацыянальных карпарацый, агульнае падзенне маралі нясуць з сабою катастрофу. Такое прадчуванне нараджаецца не толькі ў мяне. Цытую аднаго з блогераў: «Рождается новая тирания, невидимая и зачастую виртуальная, которая в одностороннем порядке и неустанно навязывает свои собственные законы и правила… Жажда власти и собственности не знает границ… К этике начали относиться с определенной пренебрежительной насмешкой. Она считается контрпродуктивной, слишком человеческой, потому что превращает деньги и власть в понятия относительные».

Практыка паказвае, што грозныя заявы правіцеляў выклікаюць у злодзеяў не страх, не пакаянне, а жаданне прыдумаць больш хітрыя хады, каб абысці недасканалае заканадаўства. Пакуль што барацьба з карупцыяй у Беларусі нагадвае дзіцячую забаву, у якую гуляюць самі карупцыянеры.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Транзітная тэрыторыя

Перакосы

«Дайце спакойна жыць…»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.