TOP

Транзітная тэрыторыя

Шавіністычны дух у Расіі пануе стагоддзямі, але даўно не выяўляўся так выразна, як цяпер, аб чым сведчаць сацыялагічныя даследаванні. Таму не дзіўна, што пасля захопу Крыма і наступных правакацый супраць Украіны на імперскую хвалю настроіліся нават тэлеканалы, якія лічыліся прагрэсіўнымі. 

Дыктар Расійскага банкаўскага канала зачытвае блок ранішніх навінаў, у якім большасць інфармацыі прысвечана Украіне, а ў канцы вымаўляе паказальную фразу: «Приближаются холода, и потому хочется, чтобы на транзитной территории был порядок». Для Крамля суверэннасць суседніх народаў, якія хочуць жыць свабодна, маючы ўласную палітыку, эканоміку, навуку, самабытную мову, культуру і традыцыі, стала косткай у горле. Ён працягвае лічыць, што нашы землі — гэта частка Расійскай імперыі, што мы самастойна не зможам жыць. «Старэйшы брат», калі адкінуць дэмагогію пра «роднасць» і «сяброўства», разглядае Украіну і Беларусь як краіны ягонага ўплыву і падпарадкавання, як «транзітную тэрыторыю» ў шырокім разуменні гэтага выразу.

Гісторыя, якая прывяла да крывавых баёў на паўднёвым усходзе Украіны, мае карані ў мінулым. Палітыка Расіі заўсёды была захопніцкай і не мянялася пры любой уладзе. Кожнае дзесяцігоддзе праўлення царскай дынастыі Раманавых пазначана імклівым разрастаннем імперыі. Але заваёвы пры дапамозе зброі прыкрываліся далікатнымі, хлуслівымі фармулёўкамі: «добровольное вхождение народов в состав России», «присоединение». Дзеля справядлівасці зазначу, што часам жаданне малых этнасаў трапіць пад апеку больш магутнага суседа было сапраўды добраахвотным, як, напрыклад, настойлівая просьба Усходняй Грузіі абараніць яе ад мусульманскага нашэсця, што засведчыў Георгіеўскі трактат (1783 г.). Але гэта толькі рэдкія выключэнні з правіла.

Бальшавікі пасля кастрычніцкага перавароту з дапамогай грамадзянскай вайны спынілі распад імперыі, прайшлі з «агнём і мячом» па былых царскіх тэрыторыях. Якімі гвалтоўнымі спосабамі Чырвоная армія збірала СССР, усталёўвала савецкую ўладу, сведчыць Слуцкае паўстанне ў Беларусі, пра крывавую практыку «далучэння» я чуў у Таджыкістане, Узбекістане, дзе давялося быць.

Незадоўга да смерці правадыр пралетарыяту Ленін прызнаў памылкай сваё даручэнне ўладалюбнаму, амбітнаму Кобу ажыццяўляць нацыянальную палітыку і ў апошняй палеміцы з «чудесным грузином» заявіў, што «сильно виноват перед рабочими России», таму што своечасова не зразумеў неабходнасці «защитить российских инородцев от нашествия того истинно русского человека, великоросса-шовиниста, в сущности, подлеца и насильника, каким является типичный русский бюрократ».

Пачынаючы з 20-х гадоў ХХ стагоддзя, Сталін паралельна з далучэннямі і падаўленнем доўгага супраціву ўскраін заняўся перакройваннем межаў і ператасоўкай народаў унутры савецкай імперыі. Вынікі валюнтарысцкіх дзеянняў узурпатара народы былога СССР не могуць пераадолець да гэтага часу. Міжнацыянальныя канфлікты ўзнікаюць то тут, то там, як гэта было ў Кіргізіі, Казахстане, Узбекістане, як ёсць на Каўказе.

У імперыі і ў невялікай монанацыянальнай краіне паводзіны грамадзяніна, яго ўспрыняцце акаляючага свету маюць вялікія адрозненні. Французскі даследчык граф Жазэф дэ Местр у кнізе «Религия и нравы русских» пісаў: «Самая характерная черта русского человека — безразличие, особенно по отношению к бедам и страданиям человечества. Событие, которое в какой-либо другой стране заставило бы говорить о себе целую неделю, здесь не производит ни малейшего впечатления». Прайшло два стагоддзі, але нічога не змянілася. Расія хоча прыхапіць усё, што «кепска ляжыць», і ніяк не можа наладзіць прыстойнае жыццё для большасці грамадзян на той тэрыторыі, якая ўжо ёсць.

За савецкі перыяд унікальная абыякавасць рускіх ( «авось», «небось», «как-нибудь») перадалася ў той ці іншай меры астатнім народам, цяпер невядома колькі часу ім давядзецца ад яе пазбаўляцца. Несумненна, што за гады суверэннасці ў Расіі выраслі самадастатковыя, ініцыятыўныя людзі, але пакуль што не яны вызначаюць правілы жыцця. Падаўляючая большасць насельніцтва сустракае свабоду і дэмакратыю ў штыкі, а новае «закручванне гаек» і імперскую агрэсію — авацыямі.

Не толькі Расія, але і самі беларусы ўспрымаюць родную зямлю, Айчыну, дадзеную навечна, як транзітную тэрыторыю. Гучыць балбатня пра мірнае неба над галавой, пра стабільнасць і парадак, а тым часам без згоды народа ў Беларусі размяшчаюцца самыя небяспечныя дэтанатары — расійскія ваенныя базы, АЭС. На транзітнай тэрыторыі ўсё падпарадкоўваецца камандам, якія ідуць зверху. Грамадства падзелена на багатую меншасць і бедную большасць, расце разрыў паміж вярхамі і нізамі. А людзі нацягнулі на твары маску абыякавасці і паводзяць сябе так, як быццам нічога не бачаць і нішто іх не хвалюе. Яны варушацца толькі тады, калі нешта зачэпіць іх асабіста. У сувязі з гэтым успамінаюцца словы расійскай пісьменніцы М. Разбежкінай: «Мне уже не кажется, что народ — наш бог и наше солнце».

На транзітнай тэрыторыі не гучыць родная мова. Яе няма ў вышэйшых навучальных установах, амаль ва ўсіх школах і гімназіях, а як вынік гэтага — беларускае слова не прамаўляецца ў парламенце, у кабінетах чыноўнікаў, на прадпрыемствах, у арганізацыях. Шмат разоў чуў ад людзей, якім паводле статусу належыць валодаць першай дзяржаўнай мовай, што асвойваць яе цяжка, а ў сталым узросце… сорамна. Усё гэта — адгаворкі. Пацікаўцеся ў чэхаў, як яны адраджалі мову, ратавалі з-пад нямецкага ўціску. Вярнулі, бо зразумелі, што страта мовы, культуры — гэта дарога ў небыццё, маральная смерць нацыі. Можна засвоіць хоць дзесяць замежных моў, але без ведання роднай ты ніколі не будзеш паўнавартасным грамадзянінам Айчыны.

Мы ўбачылі, што будаваць суверэнную краіну вельмі няпроста. Пастаянна ўзнікаюць праблемы ў розных сферах. Іх трэба рашаць не аднаму чалавеку, не яго бліжэйшаму атачэнню, а ўсёй народнай сям’і, прытым разумна, з прыцэлам на будучыню. Для гэтага кожнаму грамадзяніну трэба спалучаць нацыянальную свядомасць з маральнай, будзіць у сваёй душы адказнасць за лёс Беларусі, дамагацца сумленных, адкрытых выбараў, незалежных судоў і свабодных СМІ.

Расійская нафтагазавая халява не вучыла нас самастойнасці, яна, наадварот, разбэшчвала як кіраўніцтва, так і насельніцтва. Але апошнія падзеі паказалі, што саломінка, за якую дваццаць гадоў назад ухапіўся аўтарытарны рэжым, можа раптам выслізнуць з рук. Санкцыі, якія абрынуліся на агрэсіўную Расію, вылезуць бокам і для саюзніцы. Пагаршэнне дабрабыту, вяртанне да спартанскага мінулага чакаюць нас у бліжэйшай перспектыве. А што ж вы хацелі, браткі-беларусы? На чужым гарбе ўехаць у рай? Так не бывае!

Беларусь, нягледзячы на амбіцыйныя заявы і пагрозы Захаду яе кіраўніка, практычна не ўплывае на міжнародную палітыку, застаецца ў ролі кепска выхаванага, ленаватага вучня, з якім надакучыла валтузіцца, ды ад якога нельга адвязацца. Але як бы кепска ні складваліся абставіны, ёй давядзецца перарастаць з транзітнай тэрыторыі ў сапраўдную дзяржаву. Гэтую задачу з плячэй нашага народа ніхто не здыме.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Перакосы

«Дайце спакойна жыць…»

Адкладзены шанц

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.