TOP

Ратавальны крызіс

Непрыемнае для чалавечага вуха слова «крызіс», як гэта ні дзіўна, стала сёння папулярным у палітыкаў, палітолагаў, чыноўнікаў, экспертаў. Прытым для афіцыйных асобаў, якім даводзіцца рабіць справаздачы перад народам, яно служыць, быццам для тапельцаў, незаменным ратавальным кругам. 

Сапраўды, цяпер спісаць на сусветны крызіс хранічныя нацыянальныя або індывідуальныя хваробы — ляноту розума і душы, слабую мабільнасць, няздольнасць да перамен, да рэфармавання і мадэрнізацыі эканомікі — звычайная з’ява. Але перш чым весці гаворку па тэме, трэба вызначыцца з сістэмай, у якой мы жывем. Зрабіць такое — няпроста. Савецкая імперыя, маючы «рэальны сацыялізм», будуючы «камунізм», раптоўна абрынулася, бо не змагла рашыць простыя эканамічныя праблемы, і паставіла народы перад фактам выбару незалежніцкага варыянту жыцця. Прайшла амаль чвэртка стагоддзя, а жыхары суверэннай Беларусі, якім прапануюцца невыразныя стратэгічныя мэты, так і не ўсвядомілі, што яны ствараюць. Рэаліі паказваюць, што будуецца не выдуманы «рынкавы сацыялізм», як гучыць з трыбун і ў СМІ, а пачварны гібрыд сацыялізму, капіталізму і феадалізму, прытым апошні мае перавагу над супернікамі.

У Расіі для ўзвялічвання кляпаюць міфы пра «страну, встающую с колен», «энергетическую сверхдержаву», «суверенную демократию», а ў Беларусі варганяць свае фантазіі — «сильная, процветающая Беларусь», «особый путь», «стабильность и порядок». Але колькі ні кажы слова «мёд», а, не маючы яго ў роце, саладзей не стане. Эксперты дакладна ацэньваюць сітуацыю: «У российской сырьевой экономики очень мало точек роста. Деньги от сырьевого сектора стекаются в Москву и оказываются в руках у узкой группы людей. В результате регионы не могут вырваться из бедности, а молодежь бежит в Москву».

У аглядзе Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), які расказвае пра становішча ў дзяржавах Мытнага саюза, сказана, што ў эканоміцы Беларусі працягваюць назірацца ў цэлым негатыўныя тэндэнцыі, у многім абумоўленыя замаруджваннем эканамічнага росту і ростам макраэканамічнай нестабільнасці ў Расіі. Прайшоў час, калі заангажаваныя піяршчыкі рабілі з Беларусі «эканамічнага тыгра». Віртуальны суперзвер знік. На пасяджэнні Савета бяспекі, прысвечанага эканоміцы, кіраўнік краіны заўважыў: «А вот застарелые болячки в промышленности и сельском хозяйстве остались. Там пока — снижение производства, значительные складские запасы, ухудшающееся финансовое состояние организаций и так далее. Эти проблемы не раз озвучивались, и их непременно надо решать». Такія ацэнкі гаспадарання гучаць пастаянна, а змен у лепшы бок няма.

Хранічным крызісам вызначаюцца адносіны паміж партнёрамі Мытнага саюза. Расійскі эксперт К. Сіманаў кажа: «Сегодня вам Лукашенко — друг, а завтра — кто? Вон Назарбаев уже недоволен». Атмасфера падазронасці, недаверу, тонкага і грубага шантажу накладае негатыўны адбітак на эканамічныя працэсы ў кожнай асобнай дзяржаве.

Калі не атрымліваецца ў саміх, тады пачынаюцца інфармацыйныя істэрыі пра Захад, які нібыта «загнівае на карані», «ляціць у прорву». Але якатаць і злараднічаць няма чаго. Еўропа і ЗША паказваюць, што маюць дастаткова эфектыўныя палітычныя і эканамічныя метады, інструменты, каб адказваць на выклікі часу. Яны ўдала манеўруюць і выходзяць з крызісаў з найменшымі стратамі.

А цяпер даводжу да ведама запісных крытыкаў заходніх краін — у Еўропе даўно ўзяты курс на пабудову капіталізму з чалавечым абліччам, нават з асобнымі сацыялістычнымі рысамі. Пра гэта сведчыць высокі ўзровень дабрабыту ў пераважнай большасці насельніцтва, а не ў меншасці, як у Расіі ці ў яе значна бяднейшай суседкі — Беларусі.

Эканамічныя законы адмяніць не можа ніхто, яны працуюць у любых умовах, паказвачы ўменне адных або няздатнасць другіх. Партрэты вядомага філосафа і эканаміста К. Маркса, які стварыў «Капітал», цяпер не носяць, як раней, на першамайскіх і кастрычніцкіх дэманстрацыях, прыбралі скульптурныя выявы, у тым ліку і каля рэзідэнцыі кіраўніка Беларусі, але гэта нічога не парушыла. Тэзісы вучонага пра тое, што якраз энергія прыватнага капіталу з’яўляецца пераўтваральнай сілай грамадства, застаюцца актуальнымі. Практыка ХХ і ХХІ стагоддзяў пацвярджае, што кожны крызіс — гэта выяўленне «чарговай стадыі» развіцця капіталізму, якая нясе абнаўленне.

У Расіі і Беларусі прыжылася мода — не прыдумваць нічога новага, а браць і падмарафечваць савецкае. Напрыклад, навыперадкі пачалі ствараць не арыгінальныя мастацкія творы, а бясконцыя рэмейкі ў кінематографе, на тэлебачанні. Такі падыход пануе і ў эканоміцы, хоць яна на дух не выносіць інерцыі і застою.

Беларускае кіраўніцтва кідаецца ў крайнасці: то сцвярджае, што ў нас крызісу няма, то прыкрываецца ім, як шчытом, калі выяўляюцца правалы ў эканоміцы. Чатыры гады назад было заяўлена: «Мы прожили самый тяжелый период в новейшей истории. Мы не почувствовали того страшного кризиса, который был в других странах, когда есть нечего было, холодно, голодно было». Праўда, высветліць мясціны, дзе так пакутавалі людзі, не ўдалося. Але ж гэта няважна, як заўсёды, галоўнае — сказаць, кінуць інфармацыйную костку электарату, каб ганарыўся «сінявокай» і яе «гераічным» кіраўніком. А сёння выяўляецца, што ўсё-ткі крызіс ёсць і ў Беларусі, бо яе эканоміка так буксуе — аж шыны гараць.

Крызіс у Расіі і Беларусі мае сваю спецыфіку і цягнецца без перапынку з 1917 года. Якая можа быць самастойнасць, ініцыятыўнасць, якая гаспадарка, калі ты ведаеш, што ў любы момант прыйдуць «жалезныя салдаты», забяруць твой набытак, а затым і самога цябе?

Самы небяспечны крызіс — гэта абыякавасць, народжаная сталіншчынай, якая пануе ў галовах і душах людзей, але яны не спрабуюць з ёй змагацца. Для мільёнаў грамадзян гэты час нічым не адрозніваецца ад савецкага, іх менталітэт застаўся тым жа. Як і раней, яны спадзяюцца на дзяржаву, на вышэйшае начальства, жывуць ад зарплаты да зарплаты, ад пенсіі да пенсіі. Якасць жыцця не павышаецца, затое растуць самазгубныя п’янства, алкагалізм, наркаманія. Дайшло да таго, што патрыярхам Кірылам на Сусветным рускім народным саборы былі прамоўлены трагічныя словы, якія тычацца і Беларусі: «Идёт деградация народа… Какой смысл бороться с кризисом и поднимать экономику, если не будет самого народа».

Аўтарытарны рэжым жыве адным днём і прывучае да гэтага насельніцтва. У яго галоўная мэта — утрымацца ва ўладзе. Для яго народ з’яўляецца не суб’ектам, з думкай і патрабаваннямі якога трэба лічыцца, а аб’ектам, на які неабходна ўплываць як ідэалагічна, так і матэрыяльна. Адсюль выцякае масіраваная прапаганда, павышэнне зарплат і пенсій перад выбарамі.

Наогул, калі я чую па тэлебачанні чарговы рапарт беларускіх чыноўнікаў пра паспяховае змаганне з крызісам, то згадваю пачутую размову двух алкаголікаў каля гастранома: «Ну всё! Наконец собрали! Я сейчас сбегаю за водкой, а ты тут тихонько постой, не шляйся и не качайся. Погоди, у нас не хватит на сырок. Давай я просто четвертинку хлебушка возьму. Вообще-то ты, Петя, помнишь, что сейчас у нас кризис? Вот то-то!»

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Тры вайны

Дзіцячая гульня

Транзітная тэрыторыя


Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.