TOP

Тры вайны

Такога развіцця падзей трэба было чакаць. Нарэшце тое, што адбываецца на тэрыторыі Украіны, названа сваім імем — «российское вторжение». Гэтую рэальнасць катэгарычна адмаўляюць крамлёўскі правіцель і яго прапаганда. Але ўсім бачна, што Расія ўцягнулася ў тры вайны: узброеную, інфармацыйную і эканамічную. 

У сучасным свеце былыя «франтавыя» войны замяніў новы варыянт баявых дзеянняў — гібрыдны. «Свободные новости плюс» расказвалі пра асаблівасці пуцінскай «гібрыднай вайны». Член верхняй палаты парламента Нідэрландаў, генерал-маёр у адстаўцы, ваенны эксперт Франк ван Капэн патлумачыў: «Это смешение классического ведения войны с использованием нерегулярных вооруженных формирований. Государство, которое ведет «гибридную войну», совершает сделку с негосударственными исполнителями — боевиками, группами местного населения, организациями, связь с которыми полностью отрицается».

Расія хоча спісаць баявыя дзеянні на «грамадзянскую вайну», якая нібыта без яе ўдзелу распачалася ва Украіне. Гэта цынічная хлусня. Мір парушыўся пасля расійскай прапагандысцкай апрацоўкі, правакацый на паўднёвым усходзе і ў Крыме, які затым быў анексіраваны. Грыміць не грамадзянская вайна, а ў вельмі складаных умовах ідзе вымушанае змаганне ўкраінскіх узброеных сіл за тэрытарыяльную цэласнасць краіны супраць расійскіх прафесійных вайскоўцаў, прышлых і мясцовых наймітаў. Наяўнасць на тэрыторыі Украіны вайсковых падраздзяленняў з Расіі даўно засведчана наземнай і касмічнай разведкай, пералік іх змешчаны ў інтэрнэце. Прызнаў вядомы факт і кіраўнік гэтак званай ДНР А. Захарчанка, які прывёў нават прыблізную лічбу: 3 — 4 тысячы чалавек. А самае трагічнае і ўражлівае пацвярджэнне — пахаванні забітых салдат і афіцэраў у расійскіх гарадах.

Свет бачыць, што вайну супраць Украіны фінансуе, сілкуе ўзбраеннем, тэхнікай і людзьмі Расія. Яе інструктары кіруюць групамі вайскоўцаў, якія праводзяць аперацыі. Толькі чыноўнікі з АБСЕ не могуць гэта ўцяміць. Расійскія танкі ідуць на Марыупаль, яго жыхары ладзяць абарону, на подступах да горада пад украінскімі сцягамі паўстаў жывы ланцуг людзей, якія гнеўна скандзіруюць «Пуцін — гець!», а еўрапейскія назіральнікі рапартуюць: «Тут усё спакойна». Пасля гэтага як не ўспомніць пароль «Над усёй Іспаніяй бязвоблачнае неба», з якога пачаўся крывавы фашысцкі мяцеж будучага дыктатара Франка супраць Іспанскай рэспублікі!

Меркантыльная повязь з Расіяй многіх краін Еўропы, шкурніцкія інтарэсы палітыкаў і бізнесоўцаў ва ўсходнім рэгіёне не дазваляюць паставіць на месца агрэсара, які зарваўся і плюе на нормы міжнароднага жыцця. Прытым «апалчэнцы» маўчаць, а пра «государственность востока» за іх спіной галосіць Пуцін. Толькі яму і зборнаму кантынгенту расійскіх ваякаў, мясцовых сепаратыстаў не ўдасца адкусіць яшчэ адзін кавалак тэрыторыі Украіны. Думаю, што яны падавяцца.

Крэмль актыўна вядзе інфармацыйную вайну. Расіяне і жыхары суседніх краін, у тым ліку Беларусі, шчыльна абкладзены тэлеканаламі, друкаванай прадукцыяй. Альтэрнатыўных крыніц атрымання інфармацыі ў мільёнаў грамадзян няма. Расійская прапаганда грунтуецца на грубых фальсіфікацыях, падтасоўках, хлусні, таму ўплывае на аўдыторыю, не здольную крытычна асэнсоўваць падзеі. Але шмат людзей карыстаюцца інтэрнэтам, незалежным друкам, іх не накорміш інфармацыйнай мякінай. З гэтай прычыны на постсавецкай прасторы паміж прыхільнікамі Расіі і абаронцамі Украіны ўзнікла жорсткае супрацьстаянне.

Перш чым весці спрэчкі, трэба глянуць у корань праблемы. Думаю, што карысна ўспомніць выступленне расійскага міністра замежных спраў А. Козырава на пасяджэнні Савета Нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе ў Стакгольме 14 снежня 1992 года: «Сохраняя в целом курс на вхождение в Европу, мы отчетливо сознаем, что наши традиции во многом, если не в основном, в Азии, а это устанавливает пределы сближения с Западной Европой… Пространство бывшего СССР не может рассматриваться как зона полного применения норм СБСЕ. Это, по сути, постимперское пространство, где России придется отстаивать свои интересы с использованием всех доступных средств, включая военные и экономические. Мы будем твердо настаивать на том, чтобы бывшие республики Союза незамедлительно вступили в новую федерацию или конфедерацию. И об этом пойдет с ними жесткий разговор».

Прысутныя былі шакіраваны, яны падумалі, што ў Маскве адбыўся пераварот. Але далей дыпламат пачаў тлумачыць, што такой будзе палітыка Расіі, калі ў ёй возьмуць верх «реакционные националистические силы». Відаць, гэты час прыйшоў.

Для Расіі, якая прывыкла ваяваць і апраўдваць захопы хлуснёй, самым непрыемным сталі санкцыі, эканамічная вайна. Апякунка беларускага аўтарытарнага рэжыму на 75% трымаецца на экспарце газу і нафты. Харчаванне на 43% — імпартнае. Укараненне новых тэхналогій, як і ў нас, ідзе марудна. Надзея на імпартазамяшчэнне слабая. Той, хто за амаль 100 гадоў не змог забяспечыць сябе ежай, выпускаць якасную прадукцыю, імгненна не перабудуецца. А цяпер яшчэ манія велічы і непамерныя амбіцыі У. Пуціна загналі краіну ў ізаляцыю. Фехтаванне санкцыямі паміж Захадам і Расіяй несумненна скончыцца не на карысць апошняй…

30 жніўня г.г. па НТВ трансліравалі перадачу «Контрольный звонок», якая расказала пра ўмовы, у якіх працуе фельчарскі пункт у Бранскай вобласці, пра сям’ю з шасцю дзецьмі ў падмаскоўнай Лобні, што жыве на 12 кв.м., і пра тое, як даймаюць пацукі жыхароў дома ў сталічным Любліна. Сюжэты жахлівыя. Так жыць у ХХІ стагоддзі нельга! Але чыноўнікі лічаць, што можна.

Для піяру Расія правяла зімнюю Алімпіяду, на якую пакладзены дзесяткі мільярдаў долараў. Спартыўныя, гасцінічныя збудаванні ў Сочы стаяць пустымі, затое дыктары тэлебачання з гордасцю паведамляюць, што рэйтынг Пуціна дасягнуў гістарычнага максімума.

Так, усё з рэйтынгам як бы цудоўна, але ёсць пытанні. Можа, правільней не прыхопліваць чужыя «агароды», а скіраваць увагу на ўнутраныя праблемы краіны? Ці не карысней сродкі, якія паглынае вайна з Украінай, накіраваць на сацыяльныя патрэбы расіян? Урэшце, ці варта расійскаму тэлебачанню браць прыклад з колішняга кіраўніка беларускага КДБ, які палохаў насельніцтва тым, што апазіцыя атручвае здохлымі пацукамі водаправод, і расказваць лухту пра тое, як у Данбасе галодныя людзі ядуць… мярзотных грызуноў? Можа, лепей, хоць бы ў межах Масквы, перамагчы антысанітарыю?

Урокі гісторыі і развіццё сучасных падзей наводзяць на думку, што ні адну з трох войнаў, пра якія ішла гаворка, Расія не выйграе. Але яна не супакоіцца, працягне марнаваць прыродныя рэсурсы, лічачы, што дабра ў яе хопіць надоўга, будзе прэсаваць суседнія краіны, гарбузуючы за кошт іх нейкі свой «рускі свет».

Калі некаму здаецца, што небяспекі няма, той памыляецца. Раю ўспомніць, як пачыналася першая, а затым і другая сусветная вайна. Бяда ходзіць побач і ў любую хвіліну можа выбухнуць. З тымі слепатой і глухатой, якія апанавалі цяпер многіх людзей, можна і не заўважыць, як цераз парог чалавечага дома вераломна ўварвецца трэцяя сусветная вайна.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Дзіцячая гульня

Транзітная тэрыторыя

Перакосы

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.