TOP

Па закліку сэрца

Апошнім часам на ўсіх расійскіх тэлеканалах ішлі перадачы, у якіх героямі выступалі прадстаўнікі вайсковых фарміраванняў гэтак званых Данецкай і Луганскай народных рэспублік — не грамадзяне Украіны. Свой удзел у баях на замежнай тэрыторыі яны апраўдвалі тым, што дзейнічалі «по зову сердца».

З экрана гучалі розныя гісторыі пра тое, як людзі траплялі ў «дабравольцы», але ідэалагічны падтэкст учынку заставаўся нязменным — «шли защищать русский народ». Нікога з апытаных абсалютна не бянтэжыла, што ніхто іх рабіць гэтага не прасіў, што яны са зброяй у руках незаконна пераходзілі мяжу суверэннай краіны. Але яны падкрэслівалі — іх вялі патрыятызм, пачуццё братэрскай дапамогі. Дэпутат Дзярждумы РФ, былы «афганец» Ф. Клінцэвіч, які каменціраваў інтэрв’ю, нават заявіў: «Это суть русского человека».

Афіцыйныя журналісты і каментатары, масіравана ўслаўляючы расійскіх ваяк, выкарыстоўвалі ўвесь арсенал банальных выразаў і зацяганых штампаў: «настоящие мужчины из России» , «вот она — мужская скупая слеза», «герои-богатыри». Сцвярджалася, што «наши добровольцы не получают ни одной копейки», што «сами купили всю военную амуницию» і т.п. Але ў сумбуры прапагандысцкай акцыі з’явілася шмат «праколаў». Тэлевізійнікі тут жа сябе абвяргалі, калі давалі слова больш гаваркім палявым камандзірам. Тыя раптам расказвалі пра бунты «апалчэнцаў», якім затрымалі зарплату, пра грашовыя сродкі, новую зброю і амуніцыю, што паступаюць у Данецк і Луганск з-за ўсходняй мяжы. Многім тэлегледачам станавілася ясна, што з экрана пастаянна падсоўваецца хлусня.

Канкрэтныя дэталі сюжэтаў з месцаў баявых дзеянняў абвяргалі прапагандысцкі тэзіс пра «заклік сэрца». У прадмове да сваёй кнігі «Воіны. Развагі пра чалавека ў сучасным баі» франтавік, амерыканскі філосаф Джэс Глен Грэй піша: «Я далёкі ад сцвярджэння, што развагі пра ваюючых людзей, якія складаюць гэтую кнігу, дастаткова глыбокія, каб усталяваць нейкую вяху. Але я ўпэўнены, што намаганні, патрачаныя на вывучэнне майго вопыту салдата Другой сусветнай вайны, даюць магчымасць неяк асвятліць мінулае і крыху зазірнуць у будучыню і тым самым дапамагаюць зменшыць разрывы ў разуменні жахлівай сучаснасці». Твор глыбока асэнсоўвае паводзіны людзей на вайне, яе вялікі ўплыў на псіхічны стан чалавека. Аўтар слушна кажа: «Я мяркую, што прычын прыцягальнасці бітвы па меншай меры тры: захапляльная грандыёзнасць відовішча, незвычайнае пачуццё таварыскасці, што ўзнікае ў час бою, і задавальненне, якое атрымліваеш ад разбурэння. На некаторых байцоў уздзейнічае толькі адна з гэтых сілаў, некаторыя падуладныя ўсім тром».

У Расіі пасля афганскай і чачэнскіх войнаў, іншых узброеных канфліктаў назапасіліся тысячы вайскоўцаў, якія маюць баявы вопыт. Многія з іх не знайшлі сабе месца ў мірным жыцці. Гэта людзі, якія прывыклі не ствараць, а забіваць і разбураць. Акрамя вайны, у іх лёсе не было нічога больш значнага і запамінальнага. Іх, як магніт, прыцягвае ўзброены канфлікт. Такі служылы люд і дзеючыя расійскія вайскоўцы, якія «практыкуюцца», дратуюць Украіну.

У параўнанні з індывідыумамі, чыя сутнасць грунтуецца на прынцыпе, супрацьлеглым біблейскай запаведзі «Не забі!», вельмі годна выглядаюць жыхары Украіны, якія сапраўды па закліку сэрца выйшлі ў мінулым годзе на плошчы Кіева, іншых гарадоў. Пачатак быў перспектыўным. Гэтага не адмаўляюць нават расійскія журналісты. В. Косцікаў заўважае: «Все началось с Майдана, на который украинцы пришли с совершенно справедливыми требованиями — социальной справедливости, борьбы с коррупцией, с жадностью олигархов, с продажностью и эгоизмом элиты». Можна было мірным шляхам змяніць уладу і сістэму, якія сябе дыскрэдытавалі.

Але Расія не дала ўкраінцам спакойна вырашаць набалелыя праблемы. Яе агрэсіўныя, ваенізаваныя вярхі пайшлі на яўную подласць — цынічны захоп тэрыторый суседняй, аслабленай у гэты момант краіны…

«Па закліку сэрца» з’явіліся «зялёныя чалавечкі» ў Крыме, ваенны пажар распалілі «апалчэнцы» ў Данбасе, мяжу Украіны без дазволу перасякалі танкавыя калоны, «гуманітарныя канвоі», а расійскія самалёты неаднаразова парушалі паветраную прастору Фінляндыі, на тэрыторыі Эстоніі, якая ўваходзіць у NATO, ФСБ выкрала супрацоўніка паліцыі бяспекі.

Цытую расійскага гісторыка і пісьменніка В. Рыбакова: «Умные люди говорят, что Россия — единственная в мире страна с непредсказуемой историей. Мол, во всех странах, которые нормальные, уж если что произошло — так именно это и произошло. И только на Руси каждая власть кроит по себе прошлое, чтобы оправдаться, замазать свои уродства, представить себя наследницей каких-то там очередных славных традиций — от которых, вообще-то, у любого разумного и порядочного человека лишь волосы дыбом встают и срабатывает рвотный рефлекс. А мы, дураки, каждой власти верим и раз за разом даем себя обмануть…

Людоедской власти своей, лгущей спокон веку, верим, а искренним бескорыстным доброжелателям, порой жизнями своими рискующим ради того, чтобы вправить нам мозги, — ни в какую».

З гэтымі праўдзівымі словамі перагукваецца «іранічная і злая легенда» з выдатнай кнігі У. Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі», у якой сказана, што Бог шчодра адарыў беларусаў, стварыў ім рай на зямлі, але «для раўнавагі», каб не «ганарыліся», даў «найгоршае ва ўсім свеце начальства».

Замест таго, каб заклікаць людзей да салідарнасці і мацаваць яе, улада ў Расіі і Беларусі сваімі дзеяннямі нагнятае ў грамадстве варожасць і нянавісць, настройвае сваіх зашораных, апантаных прыхільнікаў на «барацьбу са знешнімі і ўнутранымі ворагамі». Напалоханыя падзеямі ва Украіне, абодва правіцелі выказаліся за выкарыстанне арміі супраць мірных апазіцыйных сілаў. Вось такі атрымліваецца ў іх «заклік сэрца»!

А мне імпануе сардэчная пазіцыя мілай жанчыны, мэра ўкраінскага горада Ізюма, якая на просьбу тэлеканала РБК спакойна адказала: «Агрэсарам не даю інтэрв’ю». Згодзен я і з першым прэзідэнтам Украіны Л. Краўчуком: «Перамовы з тэрарыстамі для мяне незразумелыя». Паэтычны водгук на ўкраінскія падзеі перадаў жыхар Мінска, рабочы чалавек. Ён піша пра экран, «где льется ложь», пра «аналитиков в верхах», якім «неймется», пра «истуканов» і «сволочей», пра тое, што «виноват опять солдат, землёй придавленный былинной», і заканчвае верш радкамі:

Я не смотрю телеэкран,
Где убивают «наших», «ваших».
Мне, слава Богу, выбор дан…
И я зажгу свечу за павших.

Нядаўна Віктар Статкевіч — бацька беларускага палітыка, мужнага і сумленнага чалавека М. Статкевіча, які не ідзе на кампраміс з хлуслівым, садысцкім рэжымам і таму, не маючы ніякай віны, пакутуе ў турме, — знайшоў у сваёй паштовай скрыні подлы ліст. Жонка палітвязня распавяла, што ў ім былі пагрозы «…яму, Мікалаю і мне. У прыватнасці, напісалі, што калі Мікалай выйдзе з турмы, яго заб’юць». Трэба адзначыць адну важную дэталь — ананімка прыйшла ў Дзень беларускай вайсковай славы, які адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі, да ўсталявання якога мае непасрэднае дачыненне М. Статкевіч.

Няўжо і гэты мярзотны ўчынак рабіўся па закліку сэрца?

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Ратавальны крызіс

Тры вайны

Дзіцячая гульня

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.