TOP

Алеся Палуян: «Людзям ёсць чаму павучыцца ў сабак: велікадушнасці і сумленнасці, напрыклад»

У нашай краіне развіццём каністэрапіі (метад лячэння і рэабілітацыі з выкарыстаннем спецыяльна выбраных і навучаных сабак) займаюцца лічаныя людзі. Адна з іх — Алеся Палуян. 

У першую чаргу Алесю ведаюць як сертыфікаванага інструктара-дрэсіроўшчыка і гаспадыню адной з першых у Мінску гасцініц для жывёл. Цяпер свае сілы дзяўчына вырашыла ўкласці яшчэ і ў развіццё тэрапіі з дапамогай сабак. Ці папулярны гэты метад лячэння ў Беларусі? Чаму людзі аддаюць перавагу дэльфінам, а не сабакам у якасці «лекараў»? Якім чынам адбываецца аднаўленне хворых пры такой тэрапіі? З якой прычыны не кожны шчанюк можа стаць «тэрапі дог»? Чаму дзяржчыноўнікі не заўважаюць станоўчага ўплыву каністэрапіі? Пытаем пра гэта ў Алесі Палуян у рамках спецыяльнага праекта “Будзьма беларускамі!”

Алеся Полуян 1

— Мне да гэтага часу незразумела, чаму ў нашай краіне ніхто не лічыць патрэбным прыслухацца да вопыту іншых краін, дзе даўно выкарыстоўваюць каністэрапію. У нас тэрапія з сабакамі — табу, а ва ўсім свеце ўжо даўно існуюць службы дапамогі, у якіх людзям дапамагаюць сабакі: жывёлам можна заходзіць у бальніцы, хоспісы, дамы састарэлых, дзе іх чакаюць з раскрытымі абдымкамі. Для лячэння прыцягваюць спецыяльна навучаных сабак, так званых «тэрапі дог», якія дапамагаюць чалавеку пераадольваць боль, страх і іншыя станы. Тэрмін «тэрапі дог» — калька з ангельскай мовы, бо ў нашай мове такога паняцця яшчэ не існуе. Хоць у мяне і ёсць вялізнае жаданне нарэшце вывесці каністэрапію на належны ўзровень, у нашай краіне мая ініцыятыва га сёння нелегальная.

Аднак я паспрабую прыкласці ўсе намаганні, каб людзі, якія маюць патрэбу ва ўдзеле, змаглі скарыстацца магчымасцю лячэння з дапамогай сабак. Бо я бачу цудоўныя гісторыі аздараўлення — чаму ж іншыя не заўважаюць відавочнай карысці ад каністэрапіі? У маёй практыцы нават быў выпадак, калі нерухомае дзіця паднялося з інваліднага крэсла, абапіраючыся на сабаку, і змагло трымацца на ножках. Я расказваю, а ў мяне мурашкі па скуры бягуць…

— Сапраўды цуд! А як гэта працуе — як адбываецца лячэнне?

— Я думаю, хворыя забываюць пра праблемы, калі бачаць побач адданую, пазітыўную жывую істоту. І замест таго каб думаць пра будучыню, якая бачыцца ім у чорных фарбах, перажываюць сітуацыю «тут і цяпер», дзе добра і прыемна. Магчыма, ад гэтага хворым робіцца лепш. Акрамя таго, сабаку абсалютна ўсё роўна, хто перад ім — хворы ці здаровы чалавек. Ён шчыра рады любым зносінам. І чалавек гэта таксама адчувае: яго ўспрымаюць такім, якім ён ёсць, яму не трэба здавацца лепшым, хаваць свае недахопы. Яго любяць абсалютнай любоўю.

Image 3964

— Дык, можа, варта толькі данесці ўсе станоўчыя бакі такога лячэння да людзей, і стаўленне да каністэрапіі зменіцца?

— Не думаю, што гэта будзе лёгка зрабіць. Пакуль што ўсе пачынанні лячэння пры дапамозе жывёл — прыватная ініцыятыва: і стайні, дзе трэнеры праводзяць іпатэрапію, і дэльфінатэрапія, і каністэрапія не ліцэнзаваныя. Тэрмін «тэрапія» наогул не прымяняецца ў Беларусі ў дачыненні да жывёл. У Міністэрства аховы здароўя ёсць выразна сфармуляваная пазіцыя: тэрапія з дапамогай жывёл забароненая. Але гэтак жа ёсць людзі, якія просяць дапамагчы ім, якія бачаць карысць у маіх навыках, у спецыяльных сабаках.

Я часта сутыкаюся з безуважным стаўленнем ў грамадстве, асабліва да тых, хто мае нейкія захворванні. Здаровым людзям зручна не заўважаць інвалідаў, сляпых, людзей, якія пакутуюць на генетычныя адхіленні. Магчыма, большая частка нашага грамадства, у тым ліку і чыноўнікі, адчувае страх і імкнецца пазбягаць кантактаў з хворымі ў надзеі, што з імі ніколі такога не здарыцца. Я назірала за людзьмі ў Польшчы і Германіі: там значна больш інвалідаў на вуліцах, сляпых з палачкай, з сабакамі-павадырамі, і стаўленне там да асаблівых людзей на роўных. Яны могуць праехаць усюды: для гэтага адмыслова прадугледжаныя лесвіцы і пандусы. У чарзе яны таксама роўныя: чакаюць разам з астатнімі. Асаблівыя людзі, якія маюць адхіленні ў фізічным або разумовым развіцці, хочуць жыць звычайным жыццём, а ў нас да іх ставяцца як да недасканалых. Вось жывёлы, дарэчы, тыя ж сабакі, з якімі мы працуем, не даюць ацэнкі якасцям чалавека — проста дапамагаюць людзям, аддаючы свае сілы і энергію.

— А навошта асабіста вам трэба дапамагаць людзям? Што вы атрымліваеце наўзамен?

— Я ведаю, як можна палепшыць самаадчуванне з дапамогай сабак, і мне хацелася б перадаваць свае веды, каб адчуваць сябе патрэбнай грамадству: у падтрымцы людзей я бачу сэнс свайго існавання. У мяне ёсць дзве аддушыны — гасцініца для жывёл і каністэрапія. Дапамагаючы гаспадарам вырашыць праблему з хатнім улюбёнцам, калі яны з’язджаюць у адпачынак, я яшчэ і зарабляю грошы — гэта мая крыніца даходу. А што да дапамогі дзецям з асаблівасцямі развіцця, то тут ні пра якія грошы я нават не думала. Тры гады займаюся гэтым бясплатна: раз на тыдзень прыязджаю са сваімі сабакамі на іншы канец горада і паўдня баўлю з дзецьмі проста таму, што мне хочацца, і адчуваю, што прыношу карысць. Бачыць шчаслівыя твары дзяцей — гэта ні з чым не параўнальнае задавальненне.

Image 3966

— Як пра вас даведваюцца людзі, якім патрэбная дапамога?

— Спачатку я сама знаходзіла людзей, якім патрабаваліся сабакі і вядомы мне вопыт лячэння. Многія сябры ведалі пра незвычайныя ўменні маіх гадаванцаў і перадавалі звесткі пра мяне ад чалавека да чалавека. Так я апынулася ў Цэнтры дзённага знаходжання інвалідаў Першамайскага раёна, дзе мной і маімі сабакамі вельмі зацікавіліся. Адзіным мінусам было тое, што нас усё ж баяліся пускаць у памяшканне праз санітарныя нормы. Таму мы праводзілі заняткі на дварэ. Узімку ўсе разам каталіся на санках, летам гулялі ў мяч.

— Атрымліваецца, што па законе вы займаецеся нелегальным відам дзейнасці. Пры гэтым у вас ёсць адчуванне, што вы робіце добрую, правільную справу. Як жыць і працаваць у такім становішчы?

Image 3965

— Я абсалютна спакойна сябе адчуваю, ведаю, што сваёй дзейнасцю ніяк не нашкоджу хвораму дзіцяці, бо дзейнічаю з добрым, станоўчым пасылам. Да таго ж у мяне ёсць дыплом псіхолага і кіналагічная адукацыя — я магу ажыццяўляць як адну, так і другую дзейнасць.

— Чаму тады гэтага добрага пасылу не ўлоўліваюць чыноўнікі з дзяржструктур?

— Яны баяцца інфекцый, блох, алергіі на сабак у пацыентаў бальніц. Увогуле, бачаць толькі мінусы, але не заўважаюць плюсаў…

— Але калі б вам раптам дасталіся паўнамоцтвы чыноўніка Міністэрства аховы здароўя, якую праграму паляпшэння жыцця грамадства вы б прапанавалі зыходзячы з той сферы дзейнасці, якой займаецеся?

— Было б добра, калі б каністэрапія стала легальным і прызнаным відам лячэння. Мне б хацелася, каб з’яўлялася больш такіх лекараў, каб для іх і іх гадаванцаў існавалі праграмы падрыхтоўкі да тэрапіі, каб навучаныя лячыць сабакі маглі бесперашкодна ўваходзіць у бальніцы і хоспісы. Я ўпэўненая, мы б змаглі дапамагчы вельмі многім хворым людзям.

— Наколькі часта людзі, якія маюць патрэбу ў дапамозе, самі звяртаюцца да вас? Ці добра ведаюць у нашым грамадстве пра такі від тэрапіі?

— Пра каністэрапію не шырока ведаюць, але нашая супольнасць робіць усё магчымае, каб пра яе даведалася як мага больш людзей. Улетку мы з сабакамі наведвалі лагеры, у якіх збіраліся дзеткі-інваліды, і аб працы з імі здымаліся рэпартажы. На жаль, журналісты падалі такую «сабачую дапамогу» не як від тэрапіі, а як альтэрнатыву выкарыстання сабак у грамадстве. Але мы ўсё роўна радыя, што пра нас расказваюць.

— Вы згадалі, што акрамя вас у Беларусі ёсць яшчэ людзі, якія займаюцца анімалатэрапіяй.

— Такіх людзей шмат. Частка з іх працуе ў дэльфінарыі. Ёсць прыватныя ўладальнікі коней, якія таксама займаюцца з асаблівымі дзеткамі. І ёсць ўладальнікі сабак, якія пішуць мне ў сацыяльных сетках з тым, каб далучыцца да нашай ініцыятывы: яны гатовыя з радасцю займацца каністэрапіяй, не атрымліваючы за гэта грашовай узнагароды. Цяпер у нашай суполцы пад назвай «Лапа дапамогі» ў фэйсбуку каля дваццаці чалавек, гатовых бязвыплатна дапамагаць разам са сваімі сабакамі.

Іншая рэч, што не ўсе бацькі разумеюць карысць ад сабакі. Людзі аддаюць перавагу таму, каб плаціць велізарныя грошы за дэльфінатэрапію, аточаную разнастайнымі міфамі, а пра сабак не хочуць нават задумвацца, таму што не лічаць гэта дзейсным метадам. Бо сабаку можна сустрэць у любым двары, а дэльфіны да гэтага часу ўспрымаюцца як экзотыка. Некаторыя і зусім думаюць, што для лячэння будзе дастаткова проста завесці ўласнага шчанюка: яны не адчуваюць розніцы паміж сабачкам, узятым на выхаванне, і сабакам-тэрапеўтам, якога навучаюць спецыяльным праграмам працы для кожнага асобна ўзятага дыягназу. Сабака — гэта таксама дзіця, яго трэба спачатку выхаваць і выгадаваць, навучыць таму, што павінен умець сабака-тэрапеўт. І толькі потым браць у працу.

— Ці гатовыя тады людзі плаціць грошы за гэты від паслуг?

— Далёка не ўсе. На жаль, мяне мала хто лічыць прафесіяналам, які прапануе лячэнне з дапамогай сабакі: пакуль для грамадства няма такой прафесіі. Таму і не спяшаюцца аплачваць маю працу. Але я зразумела, што стаўленне да мяне як да спецыяліста будзе толькі ў тым выпадку, калі я буду браць за гэта грошы. Калі я працую бясплатна, да мяне ставяцца так, быццам я штатны супрацоўнік, абслугоўваючы персанал ва ўстанове дзённага знаходжання для інвалідаў, дзе мне ўжо далі зарплату, і таму я ўсім павінная… Не ўсе, вядома, але тэндэнцыя ёсць. Пакуль мая дзейнасць не легалізаваная, я не магу браць за яе грошы. Не бяру грошай — мяне не лічаць спецыялістам. Такое замкнёнае кола адносін.

— А колькім людзям за дзень вы маглі б дапамагаць, калі б у вас было для гэтага ўсё неабходнае: дазвол, памяшканне, пацыенты?

— Калі займацца толькі каністэрапіяй, то, напэўна, каля 10 чалавек у дзень маглі б атрымліваць дапамогу ад сабак. Усё залежыць яшчэ і ад стану сабакі, бо ён у працэсе лячэння аддае частку сваёй энергіі. Бывае, сабака проста не гатовы працаваць у дадзены момант, не ў настроі, — і гэта таксама трэба адчуць. Ён можа стаміцца, і тады можна перабудаваць занятак, выключыць рухомыя практыкаванні. Важна адчуваць сабаку, разумець, што адбываецца ў кожны асобна ўзяты момант зносін жывёлы з «пацыентам».

— Наколькі проста наладзіць кантакт паміж чалавекам і сабакам?

— Усе сабакі без выключэння бескарыслівыя, адкрыты і шчырыя. Іх вельмі лёгка зразумець. Сабака нічога не схавае — у яго ўсё напісана на мордачцы. Калі ён задаволены, то віляе хвастом, усміхаецца і глядзіць добрымі вачыма. Калі злуецца, гэта таксама лёгка зразумець, чаго я не магу сказаць пра людзей: твар можа выглядаць задаволеным, а за спінай чалавек будзе рабіць гадасці. Вельмі часта параўноўваю тое, як людзі і сабакі рэагуюць на хворых дзяцей. Як правіла, людзі ставяцца да такіх дзяцей з асцярогай, адчуваюць сябе няёмка і аддаюць перавагу таму, каб куды-небудзь сысці, каб не бачыць і не думаць пра чужыя праблемы. Сабакі ж заўсёды гатовыя быць побач, незалежна ад таго, хто перад імі. І ў гэтым плане мы маглі б шмат чаму навучыцца ў сабак: велікадушнасці, праўдзівасці і адданасці. У гэтых якасцях яны дакладна нас пераўзыходзяць.

Ганна Трубачова, Таццяна Смаленская

Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч

Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»

Спецыяльны праект кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Чытайце таксама:

Ірына Брэль: «Фільм пра гвалт у сям’і — мой спосаб прыцягнуць увагу да праблемы сотняў тысяч беларусак»

На што здольная беларуска? Новы праект «Будзьма беларусКамі!»