Рэванш
Пасля першай сусветнай вайны, 100-годдзе з пачатку якой адзначана сёлета, у нямецкім грамадстве адразу нарадзілася і хутка ўмацавалася ідэя «справядлівага рэваншу». Якраз на гэтым падмурку мелі поспех нацысты, з яе дапамогай змог захапіць уладу ў Германіі «цёмны харызматык» А. Гітлер.
Першую крывавую бойню ад другога, больш разбуральнага, узброенага сутыкнення краін аддзяліў кароткі прамежак часу, але іх можна лічыць часткамі адной вялікай вайны, якая легла змрочным ценем на ХХ стагоддзе. Новы выбух агрэсіі ў свеце рыхтавалі розныя фактары міжнароднага жыцця, ды галоўным рухавіком трагічных падзей 1939 – 1945 гадоў быў нямецкі рэванш.
Рэваншысцкія ідэі, якія нараджаюцца ў галовах палітыкаў, з самага пачатку патыхаюць смяротнай небяспекай, але застаюцца толькі дэтанатарамі, не злучанымі з выбуховым рэчывам, пакуль не авалодаюць масамі. Гітлер казаў: «Усё маё жыццё можна лічыць бесперапыннай спробай пераконваць людзей». Яму ўдалося адурманіць фашысцкай ідэалогіяй і павесці за сабой мільёны. Сучаснікі падмецілі выразную псіхалагічную асаблівасць гэтага чалавека: у звычайных бытавых варунках ён не пакідаў нейкага прыкметнага ўражання, але ў публічных выступленнях пераўвасабляўся кардынальным чынам і меў уласцівы яму ірацыянальны, проста фантастычны ўплыў на аўдыторыю. Нямецкі гісторык фашызму К. Гейдэн падкрэсліў: «Сам факт, што такі чалавек змог зайсці настолькі далёка ў рэалізацыі сваіх амбіцый і — самае галоўнае — знайшоў мільёны старанных памочнікаў і паслухмяных марыянетак, — вось феномен, над якім увесь свет будзе разважаць яшчэ не адно стагоддзе».
Для нас гістарычны ўрок ХХ стагоддзя з’яўляецца фонам, на якім выразна высвечваюцца і нават тлумачацца навейшыя парадаксальныя падзеі. Гэта тычыцца прыходу да ўлады ў постсавецкіх краінах аўтакратаў. Тут прасочваецца яўная пераклічка. У Германіі ў 30-х гадах склаліся адкрытыя дэмакратычныя выбарчыя механізмы, але якраз яны прывялі на вышэйшую пасаду чалавека, які ў прамовах на мітынгах адкрыта гаварыў пра дэмантаж свабоднай сістэмы і затым яго здзейсніў.
Такі ж парадокс выявіўся ў суверэннай Беларусі, калі не самы выбітны прэтэндэнт з кагорты прадстаўленых прыйшоў як бы дэмакратычным шляхам на ўведзеную пасаду прэзідэнта, каб адразу ж узурпіраваць уладу і ўсталяваць «саўгасную дыктатуру».
Ёсць перазовы паміж мінулым і сучаснасцю і ва ўспрыняцці сумніўных заклікаў, якія кідаюць у масы аўтарытарныя кіраўнікі. Нават зараз няпроста адказаць на пытанне: як магло адукаванае і культурнае нямецкае грамадства прыняць і адобрыць гітлераўскія этнічныя і расавыя ідэі, згадзіцца з палітыкай «пашырэння жыццёвай прасторы» для свайго народа за кошт іншых народаў, нібыта недаразвітых у цывілізацыйным плане? Гісторыя падсунула чалавецтву надзвычай складаны рэбус для разгадкі!
Тым не менш, прыгледзеўшыся да рэалій сучаснай Расіі, можна заўважыць, што там нараджаюцца пэўныя элементы нямецкага мінулага, ідуць у чымсьці падобныя працэсы. Безумоўна, нельга наўпрост параўноўваць германскі рэваншызм, які прывёў да другой сусветнай вайны, з сённяшняй, цяжка рашаемай расіянамі задачай — «узняцця Расіі з каленяў». Але ў краіне яўна ўзмацняецца «правадырства», ідзе імклівае зрошчванне алігархічных кланаў з дзяржаўным апаратам, падаўляецца дэмакратыя, праводзіцца агрэсіўная знешняя палітыка, расце імперская настроенасць насельніцтва. Нашы суседзі ўсе апошнія гады арыентуюцца на аўтарытарную Беларусь, якая стала палігонам для выпрацоўкі жорсткіх метадаў кіравання грамадствам, пабудовы чыноўніцкага капіталізму.
Расійскі рэванш мае шмат пластоў, нібы торт «Напалеон». У ім змешаны шкадаванне з прычыны развалу СССР, крыўда на «малодшых братоў», якія з вялікай радасцю ўцяклі з-пад шчыльнай апекі на волю, зайздрасць да больш паспяховых у эканамічным развіцці прадстаўнікоў былога сацыялістычнага лагера, нянавісць да Захаду, на фоне дасягненняў якога крамлёўская вотчына выглядае надта прымітыўна і бедна. Стрэлы рэваншу на працягу 20 гадоў разлятаюцца ва ўсе бакі: Каўказ, Прыднястроўе. Цяпер мішэнню стала Украіна, якая пасля раскрадання агульнанароднага багацця чыноўнікамі і алігархамі катастрафічна аслабла ў эканамічным і ваенным аспекце.
Увогуле, Расіі не патрэбна «жыццёвая прастора», у яе хапае сваёй зямлі і прыродных рэсурсаў, якія, праўда, ніколі не асвойваюцца па-гаспадарску. Тут вінавата пачуццё помсты тым, хто не хоча жыць пад ботам Крамля, хто адчувае сябе не азіятам па духу, а еўрапейцам, хто цягнецца да цывілізацыі, да дэмакратычных традыцый.
Дарэчы, рэваншысцкія ідэі жывуць і ў душах часткі жыхароў былых рэспублік СССР, якіх яшчэ апаноўвае настальгія па велізарнай краіне. Менавіта з гэтай прычыны яны не асуджаюць агрэсію Расіі. Акрамя таго, адвакаты крамлёўскага рэваншу, як гэта ні дзіўна, часам падаюць голас і з Еўропы.
Такое патуранне расійскім захопнікам да дабра не прывядзе. Цяпер у Данбасе трымаецца адноснае перамір’е, але яны не стараюцца ўмацаваць яго, а наадварот, завозяць туды зброю, нагнятаюць «патрыятычную» істэрыю: «Новороссия будет частью России», «граждане сплачиваются вокруг лидера», «у нас президентом сильный, честный и умный человек». Гэтая пахвальба гучыць пасля таго, як Пуцін паводле слоў старшыні Еўракамісіі Ж. Барозу заявіў: «Проблема заключается не в этом. Но в том, что если я захочу, за две недели возьму Киев».
У швейцарскай газеце «Tagesanzeiger» Цімаці Гартан Эш піша: «…Пуцін, як любы аўтакрат, фанабэрысты і дзейнічае нелінейна. Але я мяркую, што яго мэта — зрабіць так, каб Украіна не змагла памацнець і запрацаваць як нармальная дзяржава, не кажучы ўжо пра нейкае збліжэнне з ЕС і НАТО. Дамагацца гэтага ён будзе з дапамогай хаоса на поўдні Украіны і захавання расійскага ўплыву ў рэгіёне. Ключ да гэтай стратэгіі — дзіравая расійска-украінская мяжа, праз якую ва Украіну трапляе ўзбраенне і агітатары з Расіі».
На дасягненне рэваншу скіравана расійская прапагандысцкая машына, якая працуе як на ўнутраную аўдыторыю, так і на знешнюю. Прытым дзейнічае яна гебельсаўскімі метадамі — чым больш бязглуздая і невераемная хлусня, тым хутчэй ёй павераць абывацелі. Подлыя абразы ў бок Украіны сыплюцца бесперапынна. У сучаснай палітычнай палеміцы слова «фашызм» страціла свой дакладны змест і стала лаянкай. Украінскіх вайскоўцаў, якія змагаюцца за захаванне цэласнасці Айчыны, называюць «бандеровцами», «фашистами», «карателями».
Тое, чым займаецца цяпер Расія, прадугледзелі пісьменнікі-фантасты браты Стругацкія ў кнізе «Обитаемый остров»: «В конце концов, что нам нужно? — сказал Тесть. — В любом случае без вторжения не обойтись… Договоримся о вторжении, а прочее — уже детали… На каждый вариант уже готов свой план…
— Тебе обязательно надо нас без штанов пустить, — сказал Деверь. — Тебе — пусть без штанов, лишь бы с орденами».
Пуцін шчодра ўручае традыцыйныя і прыдуманыя нядаўна ўзнагароды, але ніяк не атрымліваецца пераможнага рэваншу, а ёсць абсалютна бессэнсоўнае знішчэнне невінаватых і вінаватых людзей, багацця суверэннай Украіны, яе вёсак і гарадоў, грошай падаткаплацельшчыкаў Расіі.
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: