Чаму знікае сорам?
Чалавек вылучаецца сярод астатняга жывога свету, створанага Вышэйшай Воляй, тым, што мае сорам. Гэтае незвычайнае, унікальнае пачуццё не было падарункам людзям, яно выпрацоўвалася на працягу безлічы тысячагоддзяў. Небяспечна, што апошнім часам такая патрэбная нам душэўная каштоўнасць стала прыкметна знікаць.
Тлумачальны слоўнік дае слову «сорам» такое вызначэнне: «Пачуццё моцнай збянтэжанасці, хвалявання ад усведамлення непрыгожасці свайго ўчынку». Думаецца, што яно няпоўнае, бо ў гэтым стане чалавек бывае не толькі па ўласнай, але і па чужой віне.
На мінорны лад у сувязі з вымываннем прыстойнасці з паўсядзённага жыцця настройваюць прыклады рэчаіснасці. Сапраўды, побач і ў далёкім свеце здараюцца такія ўчынкі, пасля якіх парушальнікі маралі і здаровага сэнсу павінны былі б згарэць ад сораму. Але нічога падобнага не адбываецца. «Героі» жывуць і шакіруюць публіку сваімі выхадкамі.
Паказальна, што ў большай ступені падуладным пачуццю сораму застаецца звычайны люд, якому даводзіцца выжываць, а імкліва яго страчваюць прадстаўнікі сённяшняй «эліты»: чыноўнікі, дэпутаты, сілавікі, прыўладныя бізнесоўцы, што не абцяжараны цяжкім здабываннем надзённай лусты хлеба.
Не ведаю, як каму, а мне бывае часта сорамна, калі гляджу на родную Беларусь:
Жалезныя песні над намі грукочуць,
Фанерныя песні хістаюць зямлю,
І некуды зносяць даўно дні і ночы
Усё, што я ў долі айчыннай люблю…
Быццё — тыя ж песні:
Ні ладу, ні складу,
Нічога свайго, як ты вокам ні кінь.
Змяніліся душы пад націскам звады,
Асушана мовы гаючая плынь.
Спагаду, мілосць, быццам ссохлае лісце,
Панеслі вятры — паспрабуй дагані.
І нельга цяпер, як вялося калісьці,
Пагрэцца радні ля кастроў дабрыні.
Шукае людзей марна роднасці пошта,
Іх зло, нібы пыл, размяло па кутках.
Таму мне агідны да кроплі апошняй
Разбэшчаны гвалт і прадажніцкі страх.
Мне сорамна за маю краіну, калі чую з мясцовых трыбун махровую хлусню, якая разносіцца па свеце. Выпальваючае ўсё нутро пачуццё ахоплівае тады, калі бачу, як дзеці, унукі і праўнукі расстраляных, замардаваных у канцлагерах людзей славяць крывавага тырана Сталіна, апраўдваюць дыктатуру.
Мне сорамна, што ўлада дзеліць людзей на «сваіх» і «чужых», прымушае шукаць ворагаў, замест таго каб вучыць іх размаўляць, спакойна рашаць, як далей жыць.
Мне сорамна, што амаль штодзённа заводзяцца крымінальныя справы на «слуг народа».
Мне сорамна, што беларускія гарады ператвораны ў суцэльныя гульнёвыя цэнтры і казіно. Каму яны прапануюцца? Тым, у каго грошай не хапае нават на ежу і лекі? А крыху багацейшыя нясуць ад сям’і туды грошы, і гэта таксама стала праблемай, як нарастаючыя алкагалізм і наркаманія. Хочаш—не хочаш, а прыходзіць вядомая думка, што народ можна вынішчаць не толькі тэрорам.
Мне сорамна чытаць друкаваныя і электронныя СМІ, якія расказваюць, што землякі перапрацоўваюць тушы здохлых жывёл і вывозяць мяса ў Расію, што туды ж прадпрымальныя хлопцы сплаўляюць сурагатную гарэлку, што свае гандляры абвешваюць і падсоўваюць гніллё беларускім пакупнікам.
Чаму знікае сорам? Відаць, перш за ўсё таму, што катастрафічна зніжана патрабавальнасць людзей да саміх сябе, а грамадства ў цэлым — да ўсіх дзяржаўных інстытутаў, пачынаючы з адміністрацыі прэзідэнта, урада, парламента і да нізавых звёнаў ЖКГ. У нас ва ўсіх сферах вельмі мала асобаў, на якіх хацелася б раўняцца. А здаровае грамадства магчымае толькі пры наяўнасці маральных аўтарытэтаў.
Чалавекам, які глыбока саромеўся людскіх агідных учынкаў, непрыстойных паводзінаў, быў Васіль Быкаў. Ён чуйна рэагаваў на гвалт, подласць, хамства. Пачынаючы з 1966 года, са смелага выступлення Васіля Уладзіміравіча на памятным пятым з’ездзе пісьменнікаў Беларусі, мне не раз давялося бачыць рашучасць, мужнасць воіна і геніяльнага творцы ў адстойванні праўды. Сорам за тое, што выраблялі партыйныя чыноўнікі, пракуроры, кадэбісты на арганізацыйным сходзе па стварэнні «Мартыралогу Беларусі» і адначасова аргкамітэту БНФ, змусіў яго ў самую напружаную хвіліну узяць кіраўніцтва ў свае рукі і давесці патрэбную справу да канца, чаму я быў сведкам, пра што расказана ў кнізе ўспамінаў Быкава «Доўгая дарога дадому».
Пацвярджэнне назіранням знайшоў нядаўна ў нататках заслужанага настаўніка Расіі, кандыдата педагагічных навук Л. Айзермана «О себе и о нас». Ён піша: «Быков был для меня человеком, который и после войны продолжал оставаться все тем же мужественным, честным, непреклонным фронтовиком. Я тогда и представить не мог, как в Белоруссии ему перекрывали кислород. Обо всем этом я в полной мере узнал лишь после смерти писателя, прочитав русский перевод его посмертно изданной мемуарной книги». Аўтар помніць сустрэчу з Васілём Быкавым у 1976 годзе ў Гародні, «долгий разговор с ним», які «стал самым главным разговором» у ягоным жыцці. Асабліва ўразіла педагога, як рэагаваў пісьменнік на яго аповед пра дзікунскія паводзіны экскурсантаў у Хатыні, якія, рагочучы і абдымаючыся, фатаграфаваліся на фоне трагічнага помніка, а затым і на хамскую дурноту дзяжурнай у гасцініцы. Яму было сорамна за гэтых людзей.
Для вялікага талентам і разам з тым сціплага чалавека Васіля Быкава не было дробязных выпадкаў, калі гэта тычылася маральных або нацыянальных праблем. Яго сорам сягаў да самых балючых ісцін беларускага існавання: «Каяцца трэба ўсім перад усімі… Не пашкодзіла б і народу. Ужо хоць бы перад гісторыяй і наступнымі пакаленнямі — за тое, што на стагоддзе затрымалі прагрэс, на крывавых недарэчнасцях зацыклілі нашу гісторыю, што менавіта па нашай віне нашы нашчадкі і ў ХХІ стагоддзі будуць жабракамі, прынамсі, самымі беднымі ў Еўропе. І гэта пры такіх рэсурсах і такіх геапалітычных магчымасцях…»
Ці не праўда, дакладнае і актуальнае прароцтва, выказанае амаль чвэртку стагоддзя назад! А яшчэ мне хочацца падсвяціць словамі Быкава разумны тэзіс пра тое, што чым менш чалавек культурны, тым больш ён абыякавы да акаляючага свету. Вось што кажа пісьменнік: «Усё ж гарманічна развітае грамадства павінна мець паўсядзённую патрэбу ў культуры. Уся вытворчая дзейнасць у нармальным грамадстве — прамысловая, сельскагаспадарчая, інтэлектуальная — павінна адбівацца ў аўры культуры. Культура павінна пранізваць усё. Пачынаючы ад тэхналогіі і заканчваючы побытам, паўсядзённым жыццём».
Ёсць мудрая думка, што ўсе людзі дзеляцца на тых, каму сорамна і тых, каму не сорамна. Пакуль у нашай краіне першых не стане болей, на жаль, паварот да лепшага не адбудзецца.
Вярнуць усім людзям сорам пры дапамозе ўладных указаў або дэкрэтаў немагчыма. Ён адраджаецца не масава, а ў кожным самастойна, у выніку сакральнай працы душы. Трэба заставацца аптымістамі і арыентавацца на вядомае выказванне вялікага А. Эйнштэйна: «Нам нельга губляць веру ў чалавецтва, таму што мы самі людзі».
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: