TOP

Уладзімір Някляеў: «Лукашэнка рыхтуецца да вайны»

Мяркуючы па танальнасці апошніх выступаў Лукашэнкі, ён рыхтуецца да вайны. І не да вайны ў саюзе з Расіяй супраць Еўропы, ці ў саюзе з Еўропай супраць Расіі, а ў саюзе з сілавымі структурамі супраць народа. 

Тэатрам ваенных дзеянняў мусяць стаць прэзідэнцкія выбары 2015 года. Менавіта пра гэта сведчаць публічныя дырэктывы Лукашэнкі на сустрэчах з сілавікамі, з якіх вынікае, што гэтым разам у падаўленні любога супраціву цяперашняму рэжыму будуць задзейнічаныя не толькі сілы МУС і КДБ, але і армія.

«Забяспечыць «выбары»! Ніякім «плошчам» не бываць!» — вось задача, пастаўленая перад кіраўнікамі сілавых структур кіраўніком краіны, які спіць і бачыць адзін і той жа жахлівы сон: Плошчу, Плошчу, Плошчу. І перад кожнымі выбарамі першы пачынае пра яе гаварыць, тым самым яе рыхтуючы.

Хто ў апазіцыі (якая, аказваецца, «узвышаючы фашысцкіх памагатых крывавых спраў», збіраецца «дэстабілізаваць абстаноўку ў грамадстве агрэсіўнымі формамі палітычнай барацьбы» нават на святкаванні 70-годдзе Вялікай Перамогі) хоць раз сказаў пра Плошчу на выбарах 2015 года? Ніхто. Ні разу. Пасля падзей ва Ўкраіне яе ўвогуле ніхто не плануе і не рыхтуе, апроч Лукашэнкі. Дык хто тады збіраецца «дэстабілізаваць абстаноўку ў грамадстве агрэсіўнымі формамі палітычнай барацьбы»?

Да расстрэлаў на Майдане, да вайны ва Ўкраіне я сапраўды не бачыў «выбараў» 2015 году без Плошчы. Пачаў думаць пра яе новы сцэнар адразу пасля арышту. На допытах думаў, на нарах… Гатовы быў, дальбог, да ўсяго… Але пасля ўкраінскіх падзей, узважыўшы ўсе рызыкі, усе магчымыя наступствы «беларускага Майдану» пад бокам агрэсіўнай, гатовай ваяваць з усім светам Расіі, змушаны быў сказаць сабе: не лёс.

Можа быць, калі «беларускі Майдан» не рыхтуе беларуская апазіцыя, дык яго рыхтуе «Гей-Еўропа», у бок якой з рэзідэнцыі Лукашэнкі (як заўсёды пры абвастрэнні адносін з іншага боку) зноў заківалі галовамі, замахалі рукамі: «Гэй, Еўропа!..» Але колькі і з якімі еўрапейскімі (як, зрэшты, і з амерыканскімі) палітыкамі ні размаўляў я пасля пачатку вайны ва Ўкраіне, усе яны думаюць і кажуць пра адно: як не дапусціць у Беларусі крызіснага развіцця падзей.

Не дапусціць на выбарах 2015 года Плошчы, небяспечнага ў цяперашніх варунках супрацьстаяння ўлады і народа, можна. Але не так, як гэта плануе зрабіць Лукашэнка: кінуць на народ міліцыю, армію. Гэта будзе канцом і беларускай міліцыі, і беларускай арміі, і беларускага народа. Ці ва ўсякім выпадку — дзяржавы.

І калі насамрэч думаць пра тое, як захаваць Беларусь, а не пра тое, як захавацца ва ўладзе, трэба рашыцца на крок, якога патрабуюць абставіны, вымагае палітычная сітуацыя: правесці ўрэшце свабодныя, справядлівыя выбары. Гэта найкароткі шлях да яднання грамадства, усіх беларускіх сіл перад рэальнай небяспекай страты незалежнасці.

Калі дзейнага кіраўніка краіны падтрымлівае, як ён заяўляе, 90% насельніцтва, дык проста немагчыма зразумець, што справядлівым, свабодным выбарам замінае? Апроч хіба жахлівах сноў пра Плошчу…

Але ёсць часы, і гэтакі час менавіта цяпер, калі кожны з нас, а тым больш палітык, рашэнні якога могуць паўплываць на развіццё падзей найперш, мусяць падняцца над усім асабістым — у тым ліку і над сваімі страхамі. Бо інакш будзе яшчэ страшней.

Уладзімір Някляеў, naviny.by

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.