TOP

Проста не ўдзельнічай у зле!

Чарговы герой падрубрыкі «Творцы» — гарадзенец Алесь Астроўскі. Ён доктар медыцынскіх навук, грамадска-палітычны дзеяч, аўтар і суаўтар шэрагу кніг, у тым ліку «Тэхналогія прапаганды ва ўмовах таталітарнага рэжыму», «Беларуская нацыянальная ідэя» і інш. Летась бацьку трох непаўнагадовых дзяцей, прафесара кафедры медыцынскай біялогіі і генетыкі Гродзенскага медуніверсітэта звольнілі з працы, якой ён аддаў 34 гады жыцця — не прайшоў конкурс

Пра дысідэнтаў:

— Дысідэнт — гэта чалавек, які нязгодны з пэўным рэжымам, выказвае нязгоду, але ў адрозненне ад палітыкаў, апазіцыянераў, — у асноўным у пасіўнай форме. Пад лозунгам «Не браць удзелу ў зле». Гэта самае мінімальнае, што ты заўсёды можаш зрабіць, калі ў цябе няма іншых магчымасцяў. Проста не рабі зла, не ўдзельнічай у ім. Але гэтага ў большасці выпадкаў сапраўды недастаткова.

Зло актыўнае, агрэсіўнае. Калі мы хочам дамагчыся зменаў у нашым жыцці, то таксама павінны быць актыўнымі. І дабро павінна быць з зубамі, мы павінны змагацца, арганізоўвацца, ясна акрэсліваць свае мэты. Інакш без поспеху. Простай пасіўнай нязгоды ў большасці выпадкаў недастаткова.

Пра мову:

— Да моўнага рэферэндума 1995 года з расійскамоўнымі я гаварыў па-расійску, з беларускамоўнымі — па-беларуску. Але пасля галасавання падумаў, што калі мы вось так будзем гуляцца ў гэтыя справы, не будзем мець пэўнай пазіцыі, нічога не выйдзе. Я для сябе вырашыў, што буду весці заняткі, чытаць лекцыі, займацца навуковай працай па-беларуску. Што і раблю ўжо 20 гадоў…

Як толькі па-беларуску пачнуць вучыць ва ўніверсітэтах, то адразу бацькі пацягнуцца запісваць дзяцей у беларускія класы.

Пра лібералізм:

— Той лад, які пануе зараз у якасьці стрыжнёвай, стратэгічнай плыні на Захадзе, называюць дэмакратыяй, але па змесце фактычна гэта менавіта лібералізм, што мяне і насцярожвае. Бо змест дэмакратыі там зведзены па сутнасці да такіх паняццяў, як палітычны плюралізм і фармальна якасна выкананая выбарчая працэдура.

Пра лекараў:

— Нас, лекараў, вельмі вучаць абавязкам перад хворымі. А як мы павінны ставіцца да грамадства, да народу, якія апынуліся ў хворым стане? Акрамя свайго прафэсійнага абавязку, трэба думаць таксама, як вылечыць грамадства? Грамадскі арганізм? Чым я і займаюся досыць шмат апошнія гады.

Пра выхаванне:

— За БССР мы выхоўваліся ва ўмовах няпраўды. А цяпер, у РБ, ва ўмовах маральнага распаду. У мяне трое малых дзетак. Рэцэпт іх выхаваньня? Па-першае, рэальныя ўмовы і рэальная праца. Па-другое, патрабаваньне праўдзівасьці: мець ты павінен табой заробленае. Па-трэцяе, будзь заўсёды сумленным, але — не дурным.

Пра крэда:

— Крэда ўсіх Астроўскіх — ніколі не здавацца! Вось і ўсё… Ніколі не паддавацца! Ні ворагам, якія звонку, ні шэпту, які бывае знутры.