Лера Сом: Мае ўрокі не прагульваюць
Чарговы герой падрубрыкі «Творцы» — Лера Сом, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, малявання ў Полацкай сярэдняй школе №5. Яна вядомая беларуская паэтэса, празаік і бард. Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Прапануем нізку яе цытат з інтэрв’ю беларускім СМІ ў розныя часы.
* * *
«У дзяцінстве я вельмі любіла спяваць, але рабіць гэта не выпадала: усе настаўнікі казалі, што ў мяне няма ні слыху, ні голасу. Але я працягвала нешта мармытаць сабе пад нос, і калі аднойчы мяне спыталі, што такое я мармычу, адказала, што песню… Якую? Прыйшлося тэрмінова прыдумваць словы. Атрымалася ў рыфму. Было гэта ў чацвёртым класе. А праз некалькі гадоў у мяне ўжо быў амаль агульны сшытак уласных тэкстаў».
* * *
«Калі ў дзіцяці ёсць творчы патэнцыял, яму трэба даць развіцца. Прыкладаў, калі дзіця хоча маляваць, а мама з татам заганяюць яго ў музычную школу, вакол дастаткова… А ў астатнім… Для малявання патрэбныя фарбы, для музыкі — інструмент… І яшчэ — вялікая рэдкасць — уважлівы настаўнік-дарослы, які б не заганяў дзіця ў рамкі, а даваў яму магчымасць самараскрывацца. Але ў кожным выпадку — у любой абранай творчай спецыяльнасці ёсць свае сакрэты, якія спасцігаюцца толькі праз мэтанакіраваную працу, якую за само дзіця ніхто не зробіць. А выдумляць спецыяльныя ўмовы, сілком цягаць яго па студыях ды гуртках… Гэта гаворыць, хутчэй, пра амбіцыі бацькоў, чым пра патэнцыял самога маленькага чалавека».
* * *
«На ўроку я настаўнік, а не паэтка ці палітык. Пра тое, што ў мяне ёсць кнігі, касеты, мае дзеці даведваюцца не ад мяне (а некаторыя, магчыма, і не даведваюцца). Але, на маю думку, пазіцыя чалавека бачна не толькі ў палымяных прамовах ці заявах «Я за… Я супраць…». Прыклад штодзённых паводзінаў выхоўвае значна лепей за ўсе заклікі і прамовы. Па выніках нядаўніх псіхалагічных даследаванняў і апытанняў, што праводзіліся ў нашай школе, знайшоўся толькі адзін вучань, які б пры магчымасці прагуляў мой урок. Я лічу гэта дасягненнем!»
* * *
«Жанчыны пры палітыцы… Іх хапае. Хто, па-вашаму, арганізоўвае каву і лусцікі на чарговае паседжанне чарговай рады? Хто прыводзіць у парадак дакументы, вазні з якімі хапае ў любой установе? Хто, перапрашаю, набывае туалетную паперу? Баюся, пабыўшы на безлічы сустрэч і радаў, ні разу не бачыла за вышэйпамянёнымі заняткамі мужчыну. Так, палітыка, як і любая іншая справа, — гэта процьма штодзённай чарнавой работы, да якой далёка не ўсе гатовыя і да якой звыклыя менавіта жанчыны. Але зусім не выпадкова пакуль што ніхто з маіх знаёмых жанчын-палітыкаў не рвецца на лінію фронту… Не ў апошнюю чаргу, магчыма, і таму, што іх калегі-партыйцы не могуць уявіць сабе на першым месцы разумную, адукаваную, адказную, крэатыўную жанчыну».
* * *
«Колькі гадоў таму я была сярод прэтэндэнтаў ад Партыі БНФ на пасаду кіраўніка дзяржавы. І тады сказала: мая асоба не нацыянальнага масштабу, але ў выпадку супадзення нейкіх абставінаў, калі стану адзіным кандыдатам ад партыі на наступных прэзідэнцкіх выбарах, для пачатку аб’ездзіла б усю Беларусь. Бо калі ты выходзішь на такі ўзровень, трэба ведаць кожны куток сваёй краіны. А я шмат дзе яшчэ ніколі не была».
* * *
«Кожны з нас сустракаецца ў жыцці з такімі выпрабаваннямі, якія можа адолець. І таму, калі нешта не атрымліваецца, нешта не зладжваецца, не варта казаць: «Не лёс». Варта падумаць, што ты сам яшчэ не зрабіў для дасягнення сваёй мэты. Варта зразумець, што ніхто, акрамя цябе самога, не можа рэальна табе дапамагчы ў галоўным — стаць такім чалавекам, якім ты хочаш быць».