Аднавeіць «раскулачаную» сядзібу Старавойтава
Пад час фармавання ініцыятыўнай групы я праехала па глыбінных вёсках, што, на погляд многіх, выглядала непрактычна. Так, вялікую падтрымку тут не пабачыла. І не дзіва: адкуль у мясцовых узяцца грамадзянскаму імпэту, як тут ні прэсы незалежнай, ні інтэрнету?
Прэзідэнцкая кампанія якраз і дазваляе выйсці на розныя сацыяльныя слаі. Вось і заехала па дарозе ў Магілёў у бялыніцкую вёску Гута. Якое тут жыццё?
Адзін толькі прыклад. Кабета расказала, што яе муж у мясцовай лякарні. Дапамогі амаль ніякай. Прасіла завезці яго ў Магілёў — адмаўляюцца. «Цяжкіх хворых у нас па завядзёнцы дадому адпраўляюць, каб не псавалі статыстыкі — сканае, мабыць, мой гаспадар у сябе на ложку…»
Які лёс людзей — такі і ў гутаўскіх дамоў. Напаўразбураныя, занядбаныя…
Характэрны ў гэтым сэнсе лёс лецішча двойчы Героя Сацыялістычнай Працы Васіля Старавойтава. Новапабудаваную сядзібу ў яго канфіскавалі, калі пачалося следства. Перадалі на баланс лясгаса. Вынік — будыніна ў страшэнным стане.
А як ужо «раскулачылі» двойчы героя, чалавека-легенду — няўжо нельга было там аграсядзібу арганізаваць? Шмат каму б захацелася пабачыць, які дом пабудаваў сабе славуты на паўзямлі гаспадарнік…
У тым і справа, што ён — з вялікай літары Гаспадар зямлі, краіны. А тыя, хто выконваў дурныя загады, — звычайныя прыблуды… Без патрыятызму ў сэрцы і разліку ў галаве.
Гледзячы на тое, што адбываецца ў навакольных вёсках — у Барку, дзе нарадзіўся і вырас Васіль Канстанцінавіч, Лебядзянцы ды іншых, выразна ўсведамляеш: хоць і ўкладаюцца сотні мільёнаў долараў у сельскую гаспадарку, але толку асаблівага няма, эффект на выхадзе зусім не такі, як чакаўся. Таму што паступова імем «народнай улады» раскулачылі па сутнасці большасць з тых, хто не прагінаўся перад моцнымі, бо сам меў моц. Хто прыкіпеў да гэтай зямлі ўсёй сваёй істотай, сутнасцю. А як такога кіпення ў крыві няма — пішы прапала.
Уласна, тыя мільярды не прападаюць — ого як «рупліўцы» шчыруюць на «распіле»! Яны багацеюць, а мы ў выніку бяднеем — гляньце, колькі каштуюць беларускія прадукты, проста ганьба! А Старавойтава як ні хацелі абвінаваціць у крадзяжы, але не змаглі пераканаць у тым народ. Бо людзі — а землякі ягоныя дык дакладна — ведалі: хто-хто, а гэты не крадзе, а стварае, не балбоча, не рапартуе, а дасягае еўрапейскіх, сусветных вышынь.
Вось на такіх гаспадарнікаў, як Старавойтаў, як Лявонаў — хай нават вельмі часам нязручных, якраз і трэба кіравацца, ім трэба даваць права эксперыментаваць…
Пайшла ў Бялыніцкі райвыканкам з ідэяй аднавіць сядзібу славутага беларуса, зрабіць там як не музей, то ўзорную аграсядзібу. З дошкай-напамінам пра тое, хто гэты дом збудаваў. Узорную, бо сам Васіль Старавойтаў і быў, i застаецца ўзорам беларускага гаспадарання на сваёй зямлі.
…Кажуць: дарма, не дадуць аднавіць памяць «ворага народа»… Я адказваю: Старавойтаў не баяўся — ішоў і дабіваўся свайго. Мне падабаецца гэты «кулацкі» алгарытм.
Карацей, пайшла і сустрэлася з намеснікам старшыні Бялыніцкага райвыканкама Ірынай Фурсавай. Абмеркавалі праблему і, падаецца, знайшлі паразуменне: мне паабяцалі, што мясцовыя ўлады возьмуцца за прывядзенне дома Васіля Канстанцінавіча ў належны парадак.
Таццяна Караткевіч, фота Антона Матолькі