TOP

Моўная сітуацыя: яшчэ не ўсё страчана, але трэба спяшацца

Сёння, як ніколі да гэтага, беларусам рэальна пагражае страта нацыянальнай ідэнтычнасці. Адбываецца такое з прычыны сур’ёзных хібаў у дзяржаўнай моўнай палітыцы. 

Беларусы, аднак, маўчаць і трываюць — а гэта ні да чога іншага не можа прывесці, як толькі да этнічнага вымірання, прытым ні дзе-небудзь на чужыне, а на сваёй гістарычнай радзіме.

Беларусь ніколі не жыла без сур’ёзных, складаных праблем. Дастаткова іх і сёння, у тым ліку такая архіважная, як моўная: нацыятворная, жыццёдзейная і дзяржаватворная. На вялікі жаль, да ўзважанага развязвання яе яшчэ не прыступілі ні ўлады, ні само грамадства, што нельга апраўдаць ні элементарнай логікай, ні гісторыяй, ні нашым абавязкам перад цывілізаваным светам. Ад таго, як мы справімся з гэтаю праблемаю, напрамую залежыць захаванне не толькі беларускай нацыі, але і самой дзяржаўнасці.

Невыпадкова апошнім часам многія палітыкі, прычым не без гонару, называюць нас «русскими высшего качества». Во да чаго давяла закладзеная дзяржавай практыка самарусіфікацыі!

Пэўна, многія думаюць: «Чаму ў нас усё так не па-людску?». Адказ тут вельмі просты, элементарны і для маладасведчаных людзей. У Беларусі забяспечваецца нехарактэрнае нават для савецкіх часоў бязмежнае панаванне рускага культурна-моўнага пачатку ва ўсіх сферах жыцця. І гэта нягледзячы на наш суверэнны статус, што не толькі дазваляе, але і канстытуцыйна абавязвае дзяржаву праводзіць у галіне культуры такую палітыку, якая максімальна ўлічвае этнічную самабытнасць тытульнага народа, надзейна ахоўвае яго ад любых формаў нацыянальнай дэградацыі.

Растварэнне нашага этнасу ў рускай культурна-моўнай стыхіі нясцерпным болем адгукнецца ў яго не толькі сёмым, але і сямідзясятым пакаленнях. Пераважная бальшасць людзей пад цяжкім гнётам жыццёвай рэальнасці змушана звыклася з асяроддзем, у якім яны амаль нідзе не чуюць свайго роднага слова, па радыё і тэлебачанні слухаюць галоўным чынам толькі рускамоўныя і да таго ж яшчэ пераважна папсовыя песні.

Высілкі толькі адных грамадскіх арганізацый прадухіліць навіслую нацыянальную катастрофу не далі і не могуць даць жаданага пазітыўнага выніку.

Хоць мы недаравальна залішне спазніліся ў супрацьстаянні асіміляцыйнай навале, ёй трэба абавязкова пакласці канец, на што яшчэ ёсць усё неабходнае. Менавіта пра гэта мы, карыстаючыся дадзеным Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь правам, і пажадалі пагаварыць з самымі аўтарытэтнымі ў краіне ўладнымі структурамі: Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь, Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь.

Наспеў час аглянуцца і асэнсаваць, карэнным чынам выправіць, палепшыць рэальнае станошча ў культурна-моўнай сферы. Прыбліжаецца ж знакавая гістарычная дата — 25 год ад часу абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь. І ўлады павінны штосьці канкрэтнае зрабіць па выратаванні беларусаў ад цяжкіх наступстваў русіфікацыі.

Каб прывесці людзей у шырокі, актыўны нацыястваральны адраджэнскі рух, дапамагчы ім паўней усвядоміць усё гістарычнае значэнне яго, патрэбна найперш непараўнальна больш грунтоўнае, сістэмнае растлумачэнне прычын нашага глыбокага нацыянальнага заняпаду.

Гэта мусіць зрабіць шырока разгалінаваны дзяржаўны ідэалагічны апарат, укамплектаваны кадрамі досыць высокай кваліфікацыі. З афіцыйных СМІ вядома, што сёння ў ім налічваецца прыкладна 10 тысяч чалавек! Армія немалая. Зразумела, хапае і такіх, хто арганічна не прымае ідэі беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння, — такіх ніяк нельга дапускаць да вядзення нацыянальна-культурнай працы, бо яны толькі нашкодзяць.

На сваёй культурна-моўнай платформе — дый то далёка не ў поўнай меры — беларускі народ будаваў нацыянальна-культурнае жыццё толькі ў самыя спрыяльныя гады міжваеннай беларусізацыі (1924—1929), у апошнія гады гарбачоўскай перабудовы і да правядзення ў 1995 годзе майскага рэферэндуму. Але яшчэ не ўсё страчана. Надзея на выратаванне захоўваецца.

Таму, шаноўныя палітыкі і ідэолагі Рэспублікі Беларусь, знайдзіце час паглядзець па спадарожнікавых тэлеканалах, як жывуць і як шануюць сваё роднае нашы суседзі ў Расіі, Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі. Асабліва рэкамендуем звярнуць увагу, на якіх мовах у гэтых краінах выконваюць службовыя функцыі дзяржаўныя чыноўнікі, на якіх мовах працуюць парламенты.

З канцылярый названых вышэй дзяржаўных структур мы, як адзначалася раней, не атрымалі адказу. Даць яго зверху даручылі Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якія не займаюцца заканатворчай дзейнасцю ў сферы дзяржаўнай моўнай палітыкі. Іх адказы не ўтрымліваюць таго канструктыўнага пачатку, што дапамог бы выявіць беларускі народ з мёртвай моўнай пасткі.

На такое здольныя толькі адмысловыя прафесіяналы сацыялінгвісты ў супрацы з надзеленымі ўсёй паўнатою ўлады дзяржаўнымі асобамі. Моўная палітыка была, ёсць і будзе заставацца адной з самых складаных і адказных, асабліва з паглыбленнем глабалізацыйных працэсаў, бо ад яе напрамую залежыць быць ці не быць людской супольнасці народам, нацыяй. Тут, калі памылішся, не дапамогуць ужо аніякія крэдыты.

Так, некалі ўлады дапусцілі вельмі цяжка папраўную памылку. І хоць са спазненнем, але яе трэба выпраўляць, абапіраючыся на калектыўны розум усяго народа, а не толькі на аўтарытэт і жаданні зрусіфікаванага, адарванага ад роднай глебы чыноўніцкага апарату.

Заклікаем навукоўцаў, палітычную эліту, грамадскія арганізацыі, усіх неабыякавых людзей да супольнага пошуку шляхоў пераадолення трагічнага стану беларускай мовы ў незалежнай Беларусі.

Леанід Лыч, прафесар, Мікола Савіцкі, прафесар

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.