TOP

Што з гэтага будзе? Сахара будзе!

Яшчэ ў сёмым класе я пачаў змагацца супраць меліярацыі нашай рачулкі Гавязнянкі. Днямі адзначыў 65-годдзе і з сумам канстатаваў: а нічога ў яе лёсе і ў адносінах уладаў так і не змянілася…

І менавіта ў дзень нараджэння аднёс у раённую пракуратуру матэрыялы датычна рэканструкцыі «мэліярацыйнай сыстэмы» рэчкі Гавязнянкі ў Стаўбцоўскім раёне. Сведчу парушэнні законаў Рэспублікі Беларусь і прыродаахоўных міжнародных канвенцый. Маю дастатковую доказную базу, каб адстаяць рачулку, на якой нарадзіўся, не дапусціць паўторнага гвалту.

Адначасова збіраю подпісы пад адпаведнай петыцыяй. На сёння яе падпісалі больш як 50 чалавек… Людзі адназначна супраць!

Вось з якім лістом мы звяртаемся да выканаўчай улады:

«На працягу цэлага паўстагоддзя вопытам трох пакаленняў мясцовых жыхароў было шматразова засведчана, што асушэнне балотных участкаў і поўнае спрамленне рэчкі нічога, апроч шкоды, не прынеслі, толькі наадварот: былі патрачаны велізарныя сродкі, панішчана жывая рэчка з непаўторным хараством прыбярэжных мясцін, загублены дзясяткі крыніц і крынічак, збяднелі флора і фаўна, у тым ліку іхтыяфаўна (запасы рыбы), а ў прылеглых вясковых дварах абмялелі і перасохлі калодзежы.

Гэта было спусташэнне прыроды і навакольнага асяроддзя. У любога ўдумлівага чалавека спытай — і тады, і цяпер, ці варта было гэта рабіць у нашым тутэйшым краі, на нашай зямлі, — ён, не задумаўшыся, скажа: «Не, не варта!»

Спытай у разумнага чалавека: «Што з гэтага будзе?», ён скажа: «Сахара будзе!». Бо відавочна — знішчэнне нашых біялагічных запасаў, перш-наперш вады і жыццяноснай вільгаці, зялёных лазнякоў і альшанікаў зніжае ўстойлівасць прылеглай тэрыторыі, пагражае катастрофай і катаклізмамі.

Мы асуджаем практыку неабгрунтаванага ўмяшання ў адвечныя прыродныя працэсы і патрабуем ад выканаўчай улады спыніць марнатраўства народных сродкаў, а зноў распачатыя гвалтоўныя дзеянні на тэрыторыі нашага пражывання прызнаць памылковымі і шкоднымі, даць рачулцы самой узнавіцца пасля катастрафічнай «каналізацыі» і знішчэння ў пачатку 60-х гадоў, акрыяць і вярнуць свае скарбы людзям».

Валер Дранчук

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.