TOP

Подых тыдня

На мінулым тыдні было так шмат цікавых падзей, што лагічным стала вяртанне да рубрыкі «Подых тыдня».

Турызм для ўсіх

У гэтым годзе Міжнародны дзень турызму быў прысвечаны даступнаму турызму. У першую чаргу даступнаму для людзей з інваліднасцю і людзей сталага ўзросту. Таму цалкам лагічна пачаць з адпаведнага «круглага стала», які праходзіў пад эгідай Офіса па правам людзей з інваліднасцю і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Супольнымі намаганнямі спецыялісты гэтых устаноў правялі маніторынг 54 розных аб’ектаў сталіцы (гатэлі, хосталы, цэрквы, паркі і г.д.) і канстатавалі, што большасць з іх не з’яўляецца прыдатнай для ўсіх.

У пацверджанне гэтых высноў прагучала мноства лічбаў і фактаў. Я ж хачу звярнуць увагу толькі на некаторыях. Яны былі агучаныя ініцыятарам гэтага даследавання, выкладчыкам кафедры міжнароднага турызму факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталляй Барысенка-Клепач.

Сёння ў свеце розніца паміж попытам і прапановай на даступныя турыстычныя паслугі складае 27,8 адсотка на карысць першага, а ў краінах з больш развітым рынкам турызму (Вяліка­брытанія, ЗША, Аўстралія) «каля 11 адсоткаў выдаткаў турыстаў складаюць выдаткі менавіта на безбар’ернае падарожжа. Па прагнозах да 2020 года выдаткі на безбар’ерны турызм складуць 22 адсотка ўсіх выдаткаў на адпачынак і падарожжа ў свеце».

Такім чынам, патэнцыял для таго, каб тут зарабіць вялікія грошы, якія мы шукаем, ёсць і ездзіць далёка няма ніякай патрэбы. Другая справа, якім чынам яго будуць выкарыстоўваць…

Украінскі напрамак

Карыстаючыся нагодай, адразу хачу выказаць шчырую падзяку першаму сакратару ўкраінскай амбасады ў Мінску Марыі Гуцала — для папулярызацыі сваёй краіны яна робіць так шмат, што часам нават цяжка зразумець, як на ўсё гэта хапае часу. А галоўнае — робіць шчыра.

Не стала выключэннем і сустрэча з кіраўніцтвам Кіеўскай, Харкаўскай і Львоўскай гарадскіх дзяржаўных адміністрацый,а таксама украінскімі тураператарамі, прадстаўнікамі гатэльнай інфраструктуры і чарговая прэзентацыя турыстычных магчымасцяў Украіны. Пералічваць іх можна даволі доўга. Акцэнтую ўвагу на двух галоўных момантах.

Першае. Адпачынак і лячэнне ў Украіне амаль цалкам бяспечныя, бо месцы, куды запрашаюць беларусаў, знаходзяцца ў сотнях кіламетраў ад зоны баявых дзеянняў. Так што «жахі» тэлевізійнай прапаганды — не больш чым рэцыдывы звычайнай інфармацыйнай вайны. Другое. Адпачынак і лячэнне ў Украіне таннае, што для небагатых беларусаў надзвычай важна.

Украінская свята

Думаю, у тым, што ў Украіны вельмі багатая гісторыя нікога пераконваць не трэба, і імпрэза, якая прысвечана жыцці бліскучага вучонага, старшыні Украінскай Цэнтральнай Рады прафесара Міхайлы Грушэўскага (дакладней 150-ці годдзю са дня яго нараджэння) толькі ўмацоўвае гэтую думку.

Кажуць, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць, таму я прапаную абавязкова паглядзець на сайце Саюза Беларускіх пісьменнікаў фотарэпартаж пра гэта свята.

Ад сябе ж дадам толькі тое, што адбылася імпрэза ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, і што заснавальнік украінскай навуковай гістарыяграфіі Міхайла Грушэўскі (яго называюць «першым прэзідэнтам Украіны») вядомы яшчэ і як аўтар дзесяцітомнай манаграфіі «Гісторыя Украіны—Русі». Работы, якая базіруецца на тэзе ідэнтычнасці ўкраінскага этнасу і яго незалежнасці ад папулярнай зараз сярод нашых усходніх суседзяў тэорыі «рускага свету»…

Нямецкая разнастайнасць

Падстаў наведаць ужо ўзгаданы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі даволі шмат, аднак на мінулым тыдні паявілася яшчэ адна. У межах традыцыйных Тыдняў Германіі тут пачала працаваць унікальная выстава «Разнастайнасць культур», дзе прадстаўлены стэнды культурнай спадчыны розных краін свету. Дакладней фатаграфіі, якія былі зроблены па адпаведнай праграме МЗС Германіі, на працягу 35 год.

Некаторыя аб’екты гэтай спадчыны ўдалося захаваць менавіта дзякуючы намаганням наконт разнастайнасці культур людзей розных веравызнанняў і жыццёвых арыенціраў. Аб гэтым і казалася ў прывітальным лісце, які накіраваў з нагоды адкрыцця выставы пасол ФРГ у Мінску Петэр Дэтмар , а зачытала яго намесніца спадарыня Аня Лютэр. Раней у другой якасці яна ўжо працавала ў Мінску.

На думку дыпламата, талерантныя адносіны да чужой культурнай спадчыны дазваляюць лепш зразумець сваю. Цалкам згодны з такой тэзай, толькі ва ўмовах сучаснай Беларусі варта зрабіць адваротную парафразу — талерантныя адносіны да сваёй культурнай спадчыны дапамагаюць лепш зразумець культуры другіх народаў…

Мерапрыемствы наведаў Аляксандр Тамковіч

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.