• Погода
  • +23
  • EUR3,0262
  • USD2,4954
  • RUB (100)3,4673
TOP

Права на рэвалюцыю

«Дзе не забываюць пра герояў, там заўсёды будуць новыя» — гэтыя словы па праву можна лічыць галоўным лозунгам мерапрыемстваў, якія прысвечаныя 60-годдзю венгерскай рэвалюцыі 1956 года.

Але гэта, так бы мовіць, вербальная увасабленне тых падзей. Віртуальнае ж можна ўбачыць на выставе «1956. За свабоду і незалежнасць», якая распачала працу ў папулярнай крэатыўнай прасторы «Цэх».

Цвёрда прытрымліваюся думкі, што выставы лепш глядзець на свае вочы, чым чытаць водгукі іншых, таму — запрашаю на Кастрычніцкую, 16. Ад сябе ж дадам толькі тое, што венгры аднымі з першых выступілі супраць «сацыялістычнага раю» і што любая нацыя мае права на рэвалюцыі, калі, канешне, не лічыць «божай расой» любыя амапаўскія ваткасці…

Прыемная сенсацыя

Калі калега з «Белсату» Наталля Валакіда, даведалася пра тэму гэтай прэзентацыі, склад выступоўцаў, адразу сказала пра сенсацыю. І мела рацыю, бо праходзіла імпрэза ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прадстаўляў новую серыю Зміцер Колас, сярод выступоўцаў былі Лявон Баршчэўскі і Андрэй Хадановіч, а вітальнае слова прамаўляў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў.

Серыя «Паэты свету» будзе складацца мінімум з 70-ці кніжак, аднак, па словах яе заснавальніка вядомага перакладчыка і выдаўца Зміцера Коласа, можа нават перавысіць сотню, калі будзе адпаведная ўвага чытачоў.

На мінулым тыдні ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі былі прэзентаваныя дзевяць тамоў кніжнай серыі, у якой у кішэнным фармаце выдаюцца шэдэўры сусветнай класікі ў перакладзе на беларускую мову. Дэбютантамі (толькі ў гэтым сэнсе) сталі — Сапфо, Амар Хаям, Франчэска Петрарка, П’ер дэ Рансар, Уільям Шэкспір, Ёган Вольфганг Гётэ, Райнер Марыя Рыльке, Шарль Бадлер, Габрыэла Містраль.

Спіс выступоўцаў таксама гучаў даволі пераканаўча.Па вялікаму ж рахунку нічога экстраардынарнага не адбылося. І можна толькі сумаваць, што прэзентацыя кніжак на беларускай мове ў галоўнай бібліятэцы Беларусі, якую вітаў міністр беларускай культуры, сёння ўспрымаецца як прыемная сенсацыя…

Сенсацыйная прэмія

Падобна на тое, што традыцыйная непрадказальнасць Нобелеўскай прэміі, якую ў гэтым сэнсе можна параўнаць з выбарамі Рымскага Папы, не дае пакою і ў Беларусі.

Ва ўсякім выпадку Літаратурную прэмію Ежы Гедройца, якую пяты год запар пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскага Інстытута ў Мінску, Інстытута імя Гётэ ў Мінску, Шведскага саюза пісьменнікаў ўручаюць Беларускі ПЭН-Цэнтр і ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», цяжка назваць самай простай, бо пераможцамі ў ёй далёка не заўсёды становяцца тыя, каго прэса называе фаварытамі. Выключэннем можа быць толькі Віктар Казько.

Вось і ў гэтым годзе часцей за другіх гучалі прозвішчы Альгерда Бахарэвіча і Валянціна Акудовіча, а перамог Макс Шчур. Калі хто не ведае, гэты літаратар жыве ў Празе, а першае месца ён атрымаў за кнігу «Завяршыць гештальт». Другім быў ужо абазнаны Альгерд Бахарэвіч, трэцім Андрэй Адамовіч.

Варта таксама адзначыць, што з вітальным словам выступаў пасол Польшчы ў Беларуси Конрад Паўлік, адзін з прызоў уручаў дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Мінску Франк Баўман, а вёў імпрэзу як заўсёды востры на гумар старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч.

Яшчэ адной сенсацыяй, на мой погляд, стала тое, што грашовы эквівалент польскай прэміі для беларусаў упершыню паменшыўся ўдвая. І я нават не ведаю, чаго тут болей — крызісу альбо «лібералізацыі»…

Мерапрыемствы наведаў Аляксандр Тамковіч