TOP

Айсберг «Беларусь»

Аўтар артыкула — вядомы бард, літаратар, чалавек, які пастаянна вандруе па глыбінцы. Яго творчасць разбурае стэрэатыпы аб тым, што па-за Мінскам няма, маўляў, нічога жывога, што творцы там абмежаваныя рамкамі «тутэйшага» жыцця… Сённяшні дыскусійны артыкул Мельнікава даказвае: гэта зусім не так.

У юнацтве сувязь паміж вядомасцю, здольнасцямі, сацыяльным статусам і карыснасцю чалавека для грамадства падавалася мне неаспрэчнай. Вельмі хацелася верыць у тое, што талент заўсёды прабівае сабе дарогу і знаходзіць прымяненне. Дарослае жыццё прымусіла перагледзець гэтае наіўнае бачанне. Прынамсі, у дачыненні да беларускай сітуацыі.

Image 5493

Ператварэнне крышталаў у ваду

На сёння інтэлектуальная, культурная, творчая Беларусь бачыцца мне айсбергам, надводная частка якога то ззяе ў промнях сонца, то пагрозліва паўстае сярод цемры. Тое, што над вадою, не абавязкова складаецца з лепшага, створанага беларусамі. Піяр і самапіяр, трыванне і праца, інтрыгі і сервілізм, кланавая салідарнасць і плагіят — гэтыя рэчы могуць суправаджаць як геніяльныя рэчы, так і пустышкі. Большасць вартаснага так і застаецца малапрымянімай, а часцяком і папросту гіне, нават у быццам бы зрэалізаваных творцаў.

Неяк я падзяліўся гэтай думкай са свабодаўцам Міхасём Скоблам, і той поўнасцю пацвердзіў тэзу прыкладам з творчай спадчынай быццам бы і моцна папулярнай у нацыянальных колах Ларысы Геніюш: грамадскасці на сёння вядома хіба дзясятая частка таго, што яна напісала, астатняе яшчэ патрабуе публікацыі ці хаця б захавання. А колькі эксклюзіўных архіваў гіне на сметніцах, выкідаецца ў макулатуру, паступова збаёдваецца з-за абыякавасці сваякоў і нават сяброў!

Пасля рэдагавання майго інтэрв’ю ў ім не знайшлося месца кавалку пра беларускі айсберг. Магчыма, каб не пакрыўдзіць тых, хто апынуўся ў надводнай частцы і лічыць свае творы, распрацоўкі, праекты і г.д. (часам — слушна) геніяльнымі, таленавітымі ці хаця б такімі, якія маюць грамадскі сэнс. Абраным сітуацыяй цяжка пагадзіцца з тым, што з не меншым абгрунтаваннем іх месца заслугоўваюць многія і многія іншыя…

Некалі Сяргей Дубавец назваў Беларусь нацыяй паэтаў, звяртаючы пры гэтым асаблівую ўвагу на пэўныя рысы нацыянальнага характару. Напачатку я ўспрыняў тую фармулёўку утрыраваным вобразам, але стаў прыглядацца, разважаць… І… Збольшага пагаджаюся з Дубаўцом. Паэзія — яна не ў дабразычлівым ці ліслівым сервілізме-рыфмаванні да чарговай нагоды, яна ў здольнасці захапляцца прыгажосцю і трансляваць вобразнае мысленне. А гэткая здольнасць у беларускай душы ёсць і няслаба праяўляецца. Праяўляецца ў тым ліку ў трасянкавым багацці, дзе часам атрымліваюцца яскравыя, шчырыя, пранізлівыя творы… Ды творы без далейшай рэалізацыі…

Беларускі айсберг паступова і няўхільна драбнее, тае, ператвараецца ў ваду; ператвараецца ў элементарныя часціцы і беларуская моц, і беларуская самабытнасць, і беларускае прызначэнне ў свеце. А мы ж верым, што яно ёсць?!

Панты, амбіцыі і амуніцыя

Наш зямляк з Гарадзеншчыны і па сумяшчальніцтву ідэолаг заходнерусізма Іван Саланевіч, характарызуючы свядомых грамадскі актыўных беларусаў першай паловы ХХ стагоддзя, пісаў: «Хорошо я знаю эту публику. На рубль амбиции, на грош амуниции».

Пагодзімся, у гэтым плане беларусы стабільныя. Успомнім нашых даўніх і ў чымсьці сімпатычных знаёмцаў з «адраджэнскіх» (і не толькі) колаў. Колькі з іх, вітаючыся, упарта працягваюць руку «домікам» — як бы даючы нам выбар: паціснуць яе так сціпленька ці пацалаваць… Бо, падобна, шчыра вераць у магчымасць паспяховай супрацы, адводзячы сабе ролі ці мудрых дарадцаў, ці шэрых кардыналаў, ці хаця б ні за што не адказнай, але эліты.

«Вялікія мэты нараджаюць вялікую моц», — выдаў Напалеон Банапарт. Ці можна прызнаць вялікімі мэтамі такія класічныя фармулёўкі, як «у людзі выбіцца», «людзьмі звацца», «займаць пачэсны пасад між народамі»? Мэйнстрымная беларуская мэта скіравана перадусім на паказуху, а таму і не нясе ні сапраўднага шчасця, ні сапраўднай моцы. І не можа сапраўды яднаць большасць. Ну з’ядноўвае, у разумных выпадках, такі кланчык у некалькі дзясяткаў ці соцень персаналіяў, які дасягае пэўнага поспеху на сцэне жыцця, але астатнім адводзіць ролю масоўкі, гледачоў з цёмнай залы, з таго боку медыяў, з падводнай часткі айсберга. І ніякіх шанцаў быць прынятым у той асяродачак на галоўныя ролі роўных моцаю, але іншакланавых асоб, бо — медыі «не резиновые», беларускі «Балівар» таксама не ўсемагутны, каб вельмі ўжо дзяліцца ды салідарыцца. Што ва ўладзе, што ў апазіцыі, што ў апалітычных творцаў свайго і кланавага дабрабыту…

Няма нічога дзіўнага ў тым, што сённяшняя беларуская моладзь абірае пры першай сімпатычнай магчымасці іншыя краіны для жыцця і рэалізацыі. І што прагнучы абмежаваць падобныя перспектывы, дзяржава перадусім рупіцца не пра ўзровень адукацыі, а пра ўзровень кіруемасці ды падкантрольнасці грамады…

Я не толькі пра беларускамоўных тут кажу, а пра ўсіх «нашых», незалежна ад другасных прыкметаў. Адказна і прадумана сцвярджаю: мова — прыкмета другасная. І сітуацыя не адно беларуская. Больш за тое, сітуацыя ці не самая распаўсюджаная ў свеце. Эгаістычная цывілізацыя ператварае ў айсбергі ўсе структуры, да якіх дакранаецца. Усе намагаюцца паразітаваць на ўсіх; тыя, хто на сцэне — маніпулююць масоўкай, трымаюць яе ў ілюзіях, і масоўка, можа, пад уплывам стадных інстынктаў, часцей за ўсё пагаджаецца, ды шчэ і грошы прыплочвае за сеансы, каб яе паймелі.

І няўжо ў гэткай сыстэме Беларусі свеціць штось, апроч энтрапіі, асіміляцыі і знікнення?! На мой погляд, менавіта энтрапія з асіміляцыяй Беларусі хутчэй за ўсё і свеціць. Праўда, паспяховыя кланчыкі яшчэ паатрымваюць пэўны час асалоду ад таго, што ў людзі выбіліся і імі завуцца. А потым — месца ўсім вам пад цёмнаю вадой іншых айсбергаў…

Што рабіць?

На шчасце, свет жыве не толькі эгаізмам. Сімпатычныя і несімпатычныя нам дзяржавы ды нацыі ліцамерна ці самаахвярна, але бяруць на сябе нейкія адказныя агульначалавечыя, рэгіянальныя ці хаця б агульнанацыянальныя абавязкі. «Сусветны жандар» — ЗША, «святая» — Расея, «закваска» — габрэі… Можна колькі заўгодна саркастычна «кпіць» з імперскасці ды месіянізма, але і ў першым, і ў другім ёсць неабыякавасць ды зацікаўленасць у іншым чалавецтве. Беларускія ініцыятывы быць міратворцамі таксама, спадзяюся, не толькі паказушныя. Магчыма, у іх ёсць перспектыва для трывалага месца Беларусі ў свеце.

«Люби и говори правду» — напісала расейская імператрыца Кацярына ІІ князю Пацёмкіну перад вянчаннем з ім. Ключавое слова тут, канечне, «любі». Але яно пазначае праграму-максімум, да выканання якой можа ўсё жыццё давядзецца патраціць. У сучаснай беларускай сітуацыі гаварыць праўду — ужо подзвіг, ужо — шанец стаць мішэнню. Як мінімум, для кпінаў і знявагаў, троху больш — для сілавікоў і псіхіятраў. Нашае грамадства настолькі звыклася з хлуснёй, што нават пры абсалютнай бяспецы для праходу, напрыклад, прызначанага ўладай кандыдата, выбарчыя камісіі ўсё адно займаюцца падлогамі, падманамі, прыпіскамі ды падтасоўкамі… Можа таму, што ўжо і не ведаюць, як жыць і працаваць без хлусні?!

Выхад з сітуацыі айсберга патрабуе выхаду з уласнага і кланавага эгаізму. Так: індывідуалізм і кланавасць, кумаўство — істотныя складнікі беларускага менталітэту. Але і ў эстонцаў, напрыклад, індывідуалізм не меншы: варта хаця б згадаць іх завядзёнку будаваць хутары на адлегласці бачнасці дыма з трубы суседняга хутара. І пры гэтым эстонцы — цэльная нацыя, якія памятаюць і праяўляюць павагу да сваіх, незалежна ад таго, пад якімі сцягамі і за каго яны ваявалі, дасягнулі поспеху ў кар’еры ці проста перажылі 90-гадовую мяжу. Усіх старажылаў там віншуюць на ўзроўні дзяржаўных медыя, а адсутнасць дыма з трубы суседняга хутара — стымул завітаць на дапамогу… Для эстонца — свае ўсе эстонцы…

Веру, Беларусь уратуе агульнанародная салідарнасць. Калі ў нас атрымаецца яе абудзіць. Калі яна стане мэйнстрымам.

Жыць болькамі іншых — клопатна і напружна. Але толькі тое і застаецца, што ты аддаў — напісаў некалі вялікі Уладзімір Караткевіч. Схаванае для сябе — ядуць час і мышы.

Радуюся, што зразумеў гэтае не ў апошнія хвіліны жыцця…

Андрэй Мельнікаў