Андрэй Мельнікаў: Я чалавек, а не функцыя
Бард Андрэй Мельнікаў з Гомеля не супраць рэкламы, бо знаходзіцца ў той частцы беларускага айсберга, якая па-за межами медыйнай увагі.
— Неяк вы сказалі, што і напісалі многае, і многія творы вядомыя, але па сутнасці вас няма на беларускім музычным полі? Як тое разумець?
— Гаворка пра маю адсутнасць у медыйным полі, у верхняй частцы «айсберга Беларусь». Большая частка музыкаў схаваныя пад вадой: іх не бачна і не чутна.
— То бок, сёння вы пераважна даеце «лясныя канцэрты»?
— Так, сябры мяне часцяком запрашаюць выступіць на нейкіх лакальных імпрэзах. За апошні месяц пабываў у Свіслачы, дзе штогод адзначаюць дзень памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, а таксама выступаў на вечарыне TUT.BY, дзе прэзентавалі фільм «Суд над камунізмам».
— Як і большасць музыкаў, незаангажаваных уладаю, вы не маеце магчымасці спяваць на вялікіх пляцоўках?
— Мяне многія наогул не лічаць за музыку, і ў пацверджанне прыводзяць нават такі «аргумент»: маўляў, не валодае інструментам, як след. Але ж спяваю сваё і маю сваю аўдыторыю. Некаму, напэўна, яна падаецца невялікай, каб зацікавіць медыя.
— Дзіўна: вы бард, які запісаў больш за дваццаць альбомаў…
— Удакладню: усё гэта запісваў у хатніх умовах, і толькі тры — у студыі, прычым у Польшчы.
— За кошт чаго выжываеце?
— Напрыклад, я дапамагаю царкве — царква дапамагае мне. Гэтак і далей: я — людзям, людзі — мне. Ніхто ж не забараняе займацца ахвяраваннямі.
Яшчэ за былым епіскапам Арыстархіем быў панамаром у адным храме і адначасова ахоўнікам… Пазней працаваў чцяцом — кожную службу чытаў патрэбныя рэчы. Аднак усё скончылася неўзабаве пасля выбараў 2010 года: думаю, дзяржаўныя структуры пачалі звяртаць больш увагі на царкву.
— Ці змяніўся ваш рэпертуар за апошнія гады?
— Рэальна ў мяне пішуцца рускія тэксты, праўда, не ведаю, куды іх прыткнуць. Вершы па-руску, на трасянцы, проза… Адну беларускую песню напісаў… Нішу, якую я займаў раней на музычнай дзялянцы, цяпер занялі людзі больш папулярныя і больш прафесійныя: тут і Міхалок, тут і Вайцюшкевіч, і Вольскі. Хаця мы з Вольскім працуем на розных дзялянках.
— Зараз вы больш займаецеся літаратурай, чым музыкай?
— Ці можна назваць літаратурай напісанне тэкстаў? Напэўна — так, але ў мяне няма ніводнай выдадзенай кнігі.
— Аднак жа, відаць, матэрыялу для кнігі ўжо назапасілі. Не спрабавалі знайсці спонсара?
— Некалькі дзесяцігоддзяў я размаўляю з рознымі людзьмі на гэты конт. Але сёння не тая сітуацыя, як у 90-я гады: тады ў Беларусі працавала многа прыватных выдавецтваў і досыць проста можна было выдаць кніжку. Сёння захаваліся толькі некаторыя, але найперш варта думаць, каб іх не падставіць. Каб у такіх умовах выдацца, трэба кагосьці адпіхнуць.
Прызнаюся, ёсць у мяне адзін канкрэтны заказ, які спадзяюся закончыць цягам месяца. І тады, магчыма, выйдзе кніга.
Юрась Дубіна