Камусьці — кнігу, камусьці — фігу
Старшыня саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец выступіў з ініцыятывай увесці падатак на продаж літаратуры, якая ўвозіцца ў краіну з-за мяжы, а таксама на кнігі, выдадзеныя недзяржаўнымі выдавецтвамі. Грошы прапануецца аддаваць Літфонду, г.зн. на выданне кніг і паляпшэнне дабрабыту «чэсных» літаратараў. Бадай, сягоння знае ўсякі (І нават школьнік-карапуз), Што ў нас прыўладныя пісакі У творчы збіліся саюз.
Любой суполкі не супроць мы —
Хай толькі радуе народ.
І кніжак ад саюза — процьма.
За гэта мае шмат даброт,
Даюць тварцам узнагароды,
Іх грудзі — як іканастас.
(Сатырыкі з такой нагоды
Пускалі стрэлы ў іх не раз.)
Ды ўсё адно, як бачна, мала!
Ад той суполкі старшыні
Ва ўсякім разе прагучала:
«Улада, нас абарані!
Самаахвярна год каторы
Мы ўдзень шчыруем і ўначы.
Скрыпяць натужна нашы пёры,
Каб выдаць якасныя творы,
Якія любяць чытачы.
Аднак у крамах на паліцах
(Я кожны дзень бываю там)
Наканавана ім пыліцца,
Нібыта гэта — проста хлам.
Чаму? Бо выдаўцы з замежжа
Запрудзілі паліцы ўсе,
Хоць ад такой «духоўнай ежы»
Смуроднай пошласцю нясе…»
Заклікаў ён: прыціснуць варта
І ўсіх прыватных выдаўцоў,
Што кнігі выдаюць упарта
З саюза іншага тварцоў.
А той саюз у нас — «нячэсны»,
Зусім для ўлады не анёл.
На рынку й без «нячэсных» цесна,
Няхай і крэмзаюць «у стол».
Дык як пазбавіцца напасці?
Ёсць думка і на гэты конт:
«Падаткам трэба іх абкласці,
Яго аддаць у наш Літфонд!»
Была б дасягнутая мэта,
Як кажуць, легла б карта ў масць,
Ды згоду, мусібыць, на гэта
Улада ўсё-такі не дасць.
Ганебным будзе для дзяржавы:
Адным — усё, другіх — пад нож…
Я прапаную план цікавы,
Як ім палепшыць можна справы,
Разжыўшыся на лішні грош.
Рашыць праблему могуць самі,
Падтрымліваць не трэба іх,
Бо не сакрэт, што напісалі
Апошнім часам горы кніг.
Калі ў макулатуру тоны
Уласных опусаў здадуць,
Дык атрымаюць куш шалёны,
І будзе дабрабыт — будзь-будзь!
Здаецца мне праект удалым.
Я й сам старонкі разгарну,
Як кнігу выдадуць кагалам —
Удостатку на ўсіх адну.
Алесь Няўвесь
Чытайце таксама:
Не разлічваў дэпутат на такі электарат
Міністр нечакана пакрыўдзіў султана
Ленін пралетарыят зноў заве за далягляд