TOP

Дранікі — стэрэатып, наша кухня — свіныя вушы!

Што елі беларусы трыста гадоў таму? Якія стравы здольныя растапіць сэрца беларускага мужчыны? Чаму ў Гомелі ўсё больш бацькоў хочуць, каб іх дзеці навучаліся па-беларуску? Вядомая кулінарная блогерка і кіраўнік гомельскай філіі Таварыства беларускай мовы Алеся Аўласевіч завітала ў госці да «Снплюс» і адказала на гэтыя ды іншыя пытанні.

— Алеся, ці любяць беларусы добра пад’есці?

— Беларусы заўсёды шмат працавалі, у іх была цяжкая праца на полі, таму, канешне, і паесці любілі шчыльна. Асабліва тлустую ежу, у прыватнасці, свініну. Наагул, беларуская кухня — вельмі каларыйная, таму калі я выкладваю ў сваім блогу «Смачна есці» чарговы рэцэпт, мушу таксама падумаць, каб гэтая страва была не толькі смачная, але і здаровая.

— Ці ёсць нейкія адрозненні ў кулінарных перавагах на поўначы Беларусі і, скажам, на поўдні?

— У вялікіх гарадах людзі намагаюцца есці нешта, што хутка гатуецца, каб доўгі час не стаяць каля пліты. А вось, напрыклад, на Шаркаўшчыне, дзе жыве мой бацька, любяць і каўбасы пальцам пханыя, і свіныя вушы, і шмат чаго іншага. То бок у рэгіёнах да сёння захаваліся старыя кулінарныя традыцыі.

— Ці адрозніваецца ежа, якую елі беларусы сто—трыста гадоў таму ад таго, што падаецца на стол сёння?

— Калі ўзяць кніжку «Літоўская гаспадыня» — бадай, першую настольную кулінарную кнігу беларускай і літоўскай кухні, там можна знайсці вельмі шмат рэцэптаў, не характэрных для кухні нашага рэгіёну. Напрыклад, рэцэпт цірамісу. Гэта кажа пра тое, што рэцэпты страваў вандравалі з краіны ў краіну. Сёння, я думаю, мала што змянілася. Канешне, у гэтай кнізе ёсць і зусім арыгінальныя рэцэпты: напрыклад, суп з чарапахi, што цяпер наўрад ці гатуецца штодзённа. Сучасныя беларусы, як і шмат гадоў таму, любяць гатаваць курыцу, бульбу, салаты. Але кухня — гэта яшчэ і добрая нагода для размоў за жыццё, пра палітыку, як за савецкім часам.

— Сярод айчынных рэстарацыяў праявілася тэндэнцыя да беларускіх страў. Да прыкладу, нават «Макдоналдс» прапаноўвае дранікі. Што за гэтым?

— Мы проста паступова вяртаемся да свайго, беларускага, гэта тое, што нам блізка, што зразумела. Можна паесці сушы, але то далёкая страва для нас і нашых страўнікаў.

— Пра дранікі: вы сабралі больш за тысячу рэцэптаў, але сярод іх няма ніводнага, як прыгатаваць гэтую самую пазнавальную страву беларусаў. Чаму?

— Беларуская кухня — далёка не дранікі. Гэта проста адна са страў, якая ў асобны перыяд стала звышпапулярнай. Беларуская кухня — гэта смажаныя свіныя вушы, бігас, дзмюхаўцы з тварагу. Але нават і тут трэба падзяляць традыцыйную кухню сялян і кухню шляхты. Першая — больш вегетарыянская, другая — больш тлустая, мясная.

— Кажуць, шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз ягоны страўнік. У вас у запашніку ёсць страва, здольная растапіць сэрца беларускага мужчыны?

— Трэба пасмажыць грыбы з цыбуляй, пакласці іх у жбанок і запекчы разам з мясам, паліўшы ўсё гэта падлівай. Альбо прыгатаваць боршч-смалец — старадаўні беларускі афрадызіяк. Але галоўнае — гатаваць з любоўю, думаць пра добрае на кухні, і тады атрымоўваецца нашмат смачней.

— Вы ачольваеце філію ТБМ у Гомелі. Што паспелі зрабіць на гэтай пасадзе?

— Я з прафесіі настаўнік замежнай мовы і заўсёды хацела працаваць у школе. Заўсёды марыла зрабіць нешта, каб дзецям хацелася прыходзіць на заняткі, атрымліваць новыя веды. Калі пераехала ў Гомель з Мінску, сабрала групу дарослых, якія хацелі навучыцца размаўляць па-беларуску, і гэта было першым маім поспехам на ніве беларускай адукацыі. Але больш за ўсё мне хацелася навучаць дзяцей. Таму першапачаткова разам з іншымі сябрамі ТБМ мы распачалі збор подпісаў за стварэнне беларускамоўных груп у гомельскіх садках. У выніку здолелі сабраць дзве, аднак праз нейкі час адна з іх была расфармаваная, бо выкладчыца сышла на пенсію. Але мы будзем працягваць гэтую ініцыятыву і надалей, бо нашыя дзеці мусяць навучацца па-беларуску.

Але галоўнае дасягненне — стварэнне суполкі «Мова дзяцей». Жадаючых навучаць сваіх дзетак па-беларуску апынулася шмат — і гэта вельмі добрая тэндэнцыя, улічваючы, наколькі Гомель рускамоўны горад. У нас нават была дзяўчынка, якую бацькі прывялі на заняткі ва ўзросце двух гадоў! Цяпер маем некалькі груп, усяго больш за паўсотні дзяцей.

— А ці ёсць у вас арыгінальны рэцэпт беларускага шчасця?

— Я думаю, зараз, калі ў краіне крызіс і людзі падаўленыя, важна не спяшацца і не хвалявацца. Трэба кожны дзень рабіць хоць крышачку для сваёй мары — дзе б вы ні знаходзіліся: на кухні, на занятках ці проста на працы. Не трэба хвалявацца нават тады, калі пазваніў муж і сказаў, што праз 20 хвілін будуць госці, а вам трэба нешта накрыць на стол — крэатыў і спакой выратуюць любую сітуацыю!

Віталь Бабін

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.