TOP

Першы, хто праз суд абараніў сваю мову

Нядаўна Навабеліцкі суд Гомеля аштрафаваў на 10 базавых велічынь былога міліцыянта, супрацоўніка дэпартамента аховы МУС Васіля Варушчанку за публічную абразу беларускай мовы. Судовы працэс ініцыяваў актывіст Ігар Случак.

— Гэта не перамога, а толькі юрыдычны прэцэдэнт, які паказвае, што за абразу нацыянальнай мовы наступае адказнасць. Абражаць нацыянальныя каштоўнасці дзяржавы, а спробы гэтага апошнім часам істотна ўзраслі, недапушчальна. Ёсць надзея: судовае рашэнне знізіць градус антынацыянальнай агрэсіі.

— Што вас падтрымлівала ў гэтым змаганні?

— Артыкул за абразу мовы з’явіўся яшчэ ў 1999-м, але да 2016 года фактычна не працаваў. І вось я ініцыяваў першую справу па ім, прыцягнуўшы да адказнасці былога журналіста з Мазыра Дзмітрыя Шчарбатых. Але тады справа да суда не дайшла: адміністрацыйная камісія прысудзіла яму мінімальны штраф, бо чалавек прызнаў сваю віну.

У мяне з’явіўся спадзеў, што прэцэдэнт стане навукай іншым. Аднак інфармацыя не дайшла да адрасатаў.

І як вынік — новы «кандыдат». Ён падыходзіў па ўсіх параметрах: абражаў не толькі беларускую мову, але сваімі паводзінамі і ўсю судовую сістэму, МУС. Цяпер адбыўся першы судовы працэс: адказчык да апошняга не прызнаваў віну, нават у судзе. Толькі выказаўся: раз экспертыза прызнала мае словы абразлівымі, я пагаджуся. А каб не суд, ён і далей стаяў бы на сваім: «беларуская мова — гнілы труп, які трэба закапаць».

Цяпер, спадзяюся, да ўсіх адрасатаў дайшло: яе трэба паважаць, трэба з павагай ставіцца не толькі да нацыянальнай культуры, але і адзін да аднаго.

— Чаму вы пачалі ў адзіночку змагацца за беларусізацыю? Ёсць жа адпаведныя арганізацыі — напрыклад, Таварыства беларускай мовы.

— Ідэя нарадзілася ў 2009 годзе. Я вучыўся ў Эстоніі, і мяне дэлегавалі на З’езд беларусаў свету. Пачуў, як тагачасны амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан размаўляў па-беларуску, ці не лепей за мяне, а міністр культуры Павел Латушка абяцаў зрабіць сваё міністэрства цалкам беларускамоўным. Калі шведскі пасол так цудоўна прамаўляе па-нашаму, то чаму не перавесці ўсе міністэрствы на нацыянальную мову?

Так пачалася мая перапіска з дэпутатамі, міністэрствамі і ведамствамі. Я дабіўся змен у закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», каб дзяржаўныя структуры адказвалі на звароты грамадзян на мове звароту. Хацелася б, канечне, каб чыноўнікі і камунікацыю вялі на мове грамадзян. Але знайшлі кампрамісны варыянт. Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» — адзіны ў Беларусі, які прапісаў працэдуру выкарыстання мовы ў стасунках дзяржавы з грамадзянамі.

— Як да вашых ініцыятыў ставяцца дзяржаўныя органы?

— Апошнім часам, здаецца, чыноўнікі сталі больш разумець праблему, прынамсі, пазітыўныя змены ідуць. Не скажу, што паўсюль і ў вялікіх маштабах. І, магчыма, яны не столькі з боку дзяржаўных структур, колькі з боку вытворцаў, спартовых клубаў. Асабліва ў футболе пазітыўна ўспрымаюць беларускую мову, спадзяюся, што сёлета яе стане яшчэ больш на стадыёнах.

Хацелася б, каб працэс дайшоў і да сферы паслуг, абароны правоў спажыўцоў: вельмі важна, каб інфармацыя па-беларуску змяшчалася на ўсіх упакоўках.

— І тут без вас не абыйшлося?

— Гэтай праблемай я пачаў займацца яшчэ ў 2012-м, але пасля засяродзіўся на іншых сферах: спорце, справаводстве. У 2009 годзе накіроўваў адпаведны зварот у міністэрства гандлю — яго пераадрасавалі ў міністэрства культуры; адтуль, у сваю чаргу, накіравалі ў Цэнтр заканадаўства і прававых даследванняў. А там палічылі мае прапановы мэтазгоднымі, мінкульт таксама падтрымаў. Але тады, як патлумачылі чыноўнікі, план законатворчай дзейнасці на 2012 год ужо быў складзены, таму паабяцалі вярнуцца да праблемы пазней.

А пазней — і Цэнтр заканадаўства і прававых даследванняў памяняў сваю пазіцыю, і міністэрства культуры, а міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання не падтрымлівае мае прапановы ўвогуле. Мінгандлю заяўляе, што ўвядзенне беларускай мовы павялічыць выдаткі для вытворцаў, але ніводнага разу не назвала ніводнага канкрэтнага вытворцу, ні разу не прывяло канкрэтных разлікаў. Аднаго разу мінгандлю спаслалася на «Савушкін прадукт», а ён, як высветлілася, свой каментар міністэрству ўвогуле не даваў.

Насамрэч праблемы няма! Многія-многія вытворцы гатовыя выкарыстоўваць мову на ўпакоўках; большасць таварыстваў спажыўцоў таксама гавораць пра тое, што змены неабходныя. Электронная петыцыя, складзеная за ўжыванне беларускай мовы на таварах, сёння лічыцца самай вялікай — каля 5 тысяч чалавек падпісаліся за змены. Ёсць попыт! Не бачу ніякіх праблем, каб ураўняць у правах беларускую і рускую мовы ў сферы гандлю і паслуг.

— А як вы сумяшчаеце працу з грамадскай дзейнасцю?

— Перапіска насамрэч займае не так і многа часу. Гэта маё пакліканне: мая маці — выкладчыца беларускай мовы. А я раблю свой унёсак…

Юрый Дубіна

Чытайце таксама:

«Все свои гонорары я получал книгами»

Андрэй Мельнікаў: Я чалавек, а не функцыя

Культура — в «очереди угроз»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.