TOP

Плаціць ці змагацца?

Максім Ціханаў па прафесіі юрыст. Сябра рады ініцыятывы «Дзея». Як удаецца яму спалучаць працу і грамадскую дзейнасць? 

— Навошта маладому і кваліфікаванаму юрысту, які мае магчымасць зарабляць добрыя грошы на юрыдычных паслугах, марнаваць час на грамадскую дзейнасць?

— Мая ліцэнзія датычыцца толькі юрыдычных асобаў. Дапамога жыхарам у аднаўленні правоў, парушаных дзяржаўнымі органамі ўлады — гэта ўжо праваабарончая дзейнасць. Мне цікава ёй займацца, таксама хочацца дапамагчы людзям, якім не па кішэні юрысты.

— Ты заўсёды быў такім актыўным?

— Так. Разам з іншымі маладзёнамі Вілейкі ладзілі розныя летнікі, ездзілі па цікавых гістарычных мясцінах… А на апошніх прэзідэнцкіх выбарах быў назіральнікам. Назіранне мяняе погляды нават звычайнага чалавека, бо ён бачыць рэальны выбарчы працэс, тэхналогію парушэнняў… Летась сам удзельнічаў у выбарах у якасці кандыдата ў дэпутаты ў Вілейскім рэгіёне.

— Пасля парламенцкай кампаніі твая грамадская дзейнасць не скончылася?

— Ні ў якім разе. Спачатку дапамагаў жыхарам вёскі Зацемень у змаганні за рамонт дарогі на Стайкі. Было шмат папер, бюракратычнай валтузні, але ўрэшце дамагліся: асфальт пакладзены! Неблагая перамога.

Дарэчы, праблема аварыйных дарог вельмі актуальная для нашай краіны. Асабліва для рэгіёнаў. І можна памяркоўна плаціць дарожныя падаткі, нечага чакаць гадамі, хоць лепей змагацца за свае правы, дамагацца пазітыўных вынікаў.

— Што зараз на парадку дня?

— Пачынаю анкетаванне жыхароў горада, каб даведацца пра найбольш актуальныя мясцовыя праблемы. Пасля буду рухацца ў кірунку іх вырашэння. 

— Ці ўзаемадзейнічаеш ты з іншымі грамадскімі актывістамі?

— У нашым горадзе існуе «Вольная прастора», на якой збіраюцца мясцовыя прадстаўнікі розных грамадскіх і палітычных арганізацый, актывісты. Мы ўсе аб’яднаныя адной мэтай, і заўседы працуем разам. Ладзім адукацыйныя мерапрыемствы, звязаныя з вырашэннем мясцовых праблем, абаронай правоў чалавека, культурніцкія мерапрыемствы. Так, 24 чэрвеня да нас завітаў Алесь Дзянісаў, спяваў песні на вершы Чобата. У свой час мы выпускалі гісторыка-краязнаўчае выданне «Волат», якое распаўсюджвалася па бібліятэках горада ды раёна.

— Ты сябра рады рэспубліканскай ініцыятывы «Дзея». Чым яна жыве зараз?

— Хоць мы і новая арганізацыя, але правялі ўжо некалькі мерапрыемстваў у Баранавічах, дапамаглI жыхарам Слуцка ў будаўніцтве аўтапрыпынку. Зараз намагаемся ўсталяваць помнік Слуцкім паўстанцам. Адначасова плануем правесці талаку ў Вілейскім раёне каля вёскі Ўладыкі — на магіле, у якой пахавана больш за 100 паўстанцаў 1863 года.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.