Стаўка на творчасць
Прызнана, што руцінная праца паводле каманд і пад пільным вокам «пастухоў з пугамі» не прыносіць добрых вынікаў. Стаўка на масавую творчасць, ініцыятыўнасць і прадпрымальніцтва — гэта правільны кірунак у развіцці грамадства. Але ці спраўджваецца яна ў краінах, дзе няма свабоды?
Кіраўнікі аўтарытарнай Расіі ганарацца тым, што ў СССР у «шарашках» (закрытыя ўстановы турэмнага тыпу, дзе вучоныя працавалі пад наглядам органаў дзяржбяспекі. — С. З.) нараджаліся ўнікальныя навукова-тэхнічныя ідэі, вынаходзілася сакрэтная зброя, распрацоўваліся новыя лятальныя апараты, у тым ліку і для асваення касмічнай прасторы. Настальгія па лагерных парадках уласцівая і многім беларускім начальнікам, якія адкрыта ўслаўляюць сталінскую «жалезную руку». Ніхто з іх не здольны задумацца над тым, наколькі было б лепш, калі б ствараліся ўмовы для сапраўднай свабоднай творчасці ўсіх грамадзян, асабліва тых, у каго маецца вялікі талент або ўнікальныя здольнасці? Толькі разняволены народ можа зрабіць значныя прарывы ў эканоміцы, навуцы і культуры.
На жаль, з савецкага часу мала што памянялася. Людзей, якія хвалююцца, трывожацца за будучыню Айчыны, прапануюць прагрэсіўныя ідэі і праекты, залічваюць у «ворагі народа». Паўстае пытанне: калі ў разуменні аўтакратаў Расіі і Беларусі яны — «ворагі», то якім ім уяўляецца народ? Атрымліваецца, што астатнія людзі павінны быць «цёмнай, паслухмянай масай», што існуе толькі для таго, каб забяспечыць нахабным «царам» бясконцае сядзенне на троне і жыццёвы камфорт. Магчыма, узурпатары ўлады маюць рацыю. Расіяне і беларусы не толькі дазваляюць рабіць з сабою ўсё, што заўгодна, але і добрыя «мастакі» беспадстаўна паздзекавацца над некім і саміх сябе няшчадна памучыць.
У аўтарытарнай краіне жыццё непазбежна становіцца спрошчаным, прымітыўным. Бюракратычная сістэма, якая ад часоў царскай Расіі дайшла да нашых дзён, вымагае гэтага. Але чым больш адміністратыўных каманд і масавага паўтарэння грамадзянамі навязанага стылю паводзін, тым больш узнікае глупства. Тысячы людзей займаюцца толькі імітацыяй, прафанацыяй нейкай дзейнасці ды публічна б’юць кулаком у грудзі і заяўляюць: «Я — человек творческий!» Чаму так адбываецца? А таму, што стала модным падкрэсліваць, што ты маеш адносіны да творчасці. А яшчэ ўсе раптам зрабіліся «крутымі», «харызматычнымі» і «сексапільнымі».
Цяпер няма манікюрш, замест іх з’явіліся «мастера ногтевого сервиса», а парыкмахераў замянілі «стилисты внешности». Магчыма, літаратары на мяне пакрыўдзяцца, але вядомы выраз «писатели — инженеры человеческих душ», першапачатковы варыянт якога І. Сталін пазычыў у пісьменніка Ю. Алешы, з такога ж шэрагу. Быць проста выдатным прадаўцом, слесарам, токарам, сантэхнікам, парыкмахерам, манікюршай, пажарнікам чамусьці сорамна. Нам падавай іншыя словы — «менеджер», «логист», «стилист»…
У краіне скасаваны інстытуты, яны даўно называюцца ўніверсітэтамі і акадэміямі. Але якасць падрыхтоўкі выпускнікоў ад гэтага не палепшылася, а стала горшай, бо і са школы моладзь прыходзіць з надта слабымі ведамі.
Назваў напрыдумлялі шмат, але ці ёсць за высокімі абазначэннямі творчасць? Дзеля справядлівасці скажу, што крышку маецца, але яна існуе насуперак аўтарытарнай палітыцы на ўдушэнне смелых, ініцыятыўных людзей.
Даўно зразумела, што без развіцця малога і сярэдняга бізнесу немагчыма эканамічная бяспека краіны і рост дабрабыту насельніцтва. Тым не менш многія людзі даведзены да таго, што вымушаны закрываць бізнес. Прыўладнае прадпрымальніцтва, якому правіцель стварыў прывілеяваныя, цяплічныя ўмовы, ніколі не ўратуе эканоміку.
Складнікі паступленняў у бюджэт у нас вядомыя — гэта ў першую чаргу падаткі з грамадзян, выручка за калійную соль, за перапрацоўку расійскай нафты і продаж вырабленых з яе прадуктаў, за транзіт, а таксама мытныя і штрафныя паступленні. Яшчэ дапамагаюць не скаціцца ў прорву банкруцтва розныя пазыкі, якімі Беларусь абвешана, бы навагодняя ёлка цацкамі.
За гады аўтарытарызму беларусы наслухаліся з высокай трыбуны шмат дэмагагічных разважанняў пра падтрымку творчага пачатку ў грамадстве. Напрыклад, правіцель рэкамендуе моладзі: «Не бойтесь отстаивать свою точку зрения и бороться за реализацию собственных идей, не разменивайте свой талант на мелочи и не предавайте мечту». Спічрайтары падрыхтавалі яму банальны, але нібыта прыгожы, рамантычны тэкст, разлічаны якраз на юнакоў і дзяўчат. Можа, пасля напышлівых, высокіх слоў і заб’юцца сэрцы маладых стваральнікаў жаданнем зрабіць усё дзеля развіцця Айчыны і пабудовы лепшага жыцця, ды я ўпэўнены, што такая рэакцыя праіснуе нядоўга, толькі на час сустрэчы з першай асобай па чыну. За сценамі палаца або тэатра, дзе праходзіць сход, іх чакае рэальнае быццё. Які грунт для самарэалізацыі маладога грамадзяніна маецца ў ім? Прэзідэнцкія і любыя іншыя гранты — гэта добрая практыка, перанятая ў Захада, але яна праблемы не рашае. Падтрымку павінны атрымліваць не выбраныя чыноўнікамі дзясяткі, а сотні тысяч маладых людзей. Толькі тады нешта талковае можа атрымацца ў маштабах краіны.
Правіцель лічыць, што выдатна разбіраецца ва ўсім, і ставіць у прыклад сябе. Дэкрэт пра лічбавую эканоміку, які яму падрыхтавалі, ён называе ўзорам належнага падыходу да сваёй працы: «Такой элемент творческого риска должен присутствовать всегда». Але рэакцыя на пахвальбу зусім не тая, якую чакаў не падкантрольны нікому аўтакрат. Людзі заўважаюць, што лацно рызыкаваць таму, хто на працягу чвэрці стагоддзя за ўласныя дзеянні не адказвае ні рублём, ні пасадай. А ты пабудзь у скуры прадпрымальніка, фермера або вынаходніка!
Асаблівы сарказм у грамадстве выклікаюць трыбунныя намаганні А. Лукашэнкі выхаваць беларускі патрыятызм, які ў ідэале наўпрост звязаны з ініцыятыўнай творчасцю: «Себя начнем больше уважать, своих — ценить»; «Надо поднимать национальное достояние, вспоминать те великие имена». Людзі крывяцца ад крывадушнасці і згадваюць, як правіцель шчодра адорвае ўзнагародамі, грашовай падтрымкай прадстаўнікоў расійскай папсы, сумніўных дзеячаў суседняй краіны накшталт Г. Зюганава, Г. Селязнёва, І. Мельнікава, Л. Слуцкага, але «не заўважыў» важныя даты далёкай і блізкай айчыннай гісторыі, юбілеяў Васіля Быкава, Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна і іншых талентаў ва ўсіх галінах жыццядзейнасці ўласнай краіны.
Наадварот, на выдатных нацыянальных творцаў, пажылых людзей з аслабленым здароўем навешваліся ярлыкі «ворагаў народа», афіцыйныя СМІ аблівалі іх слоўным брудам, лаянкай і фантастычнымі паклёпамі. Усё гэта рабілася спецыяльна і толькі з-за таго, што яны не прынялі і крытыкавалі аўтарытарную сістэму, адстойвалі дэмакратычны лад жыцця.
Як паказвае практыка, стаўка на творчасць у несвабодных грамадствах заканчваецца бясконцай папулісцкай балбатнёй, пыхлівым узвялічваннем бяздарных людзей, вынаходніцтвам амбіцыйных планаў, якім не суджана збыцца.
Слушна кажа вядомы расійскі сацыяльны прадпрымальнік Р. Варданян: «Павага да чалавека павінна стаць дамінуючай». Толькі тады ён зможа выявіць свой талент або здольнасці, рэалізавацца ў свабоднай творчасці.
Сяргей Законнікаў
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»: