TOP

Любімы прыёмчык

У аўтакратаў ёсць любімы прыёмчык — у стасунках з журналістамі, калі тыя задаюць вострыя, непрыемныя пытанні, прыкідваюцца, што не ведаюць пра падзеі або палітычнага апанента. Прыкра глядзець, як ссівелыя дзяды дзяцінеюць, перапытваюць пра што і каго ідзе гаворка, хлусяць, гуляюць у прымітыўныя «хованкі».

Сёння магчымасці мець звесткі пра кожны факт міжнароднага і мясцовага жыцця, пра любога публічнага чалавека — выключныя, пад рукой ёсць шмат даведнікаў і інтэрнэт. Трэба толькі ўмець адвейваць хлусню ад праўды. Яшчэ больш інфармацыі маюць кіраўнікі краін, якім спецслужбы, вайскоўцы і цывільныя аналітыкі рэгулярна пастаўляюць сакрэтныя дакладныя.

У сучасных людзей, якія ведаюць пра дасведчанасць першай дзяржаўнай асобы, што заведзена яшчэ з часоў старажытнасці, хлуслівыя выкрутасы аўтакратаў выклікаюць гідлівасць. Інфармацыйная прастора, узрушаная важнымі падзеямі, бурапеніць, а яны цынічна заяўляюць: «Мне об этом не докладывали!», «Ничего не слышал!», «А кто это такой? Что за деятель?». Часта самі аўтакраты з’яўляюцца стваральнікамі або фігурантамі кепскай сітуацыі, але надаюць свайму твару выгляд «рыдлёўкі» і, не чырванеючы, заяўляюць, што чуць — не чулі, ведаць — не ведаюць.

Постсавецкія правіцелі-хлусы маюць у мінулым сумнавядомага настаўніка, у якога перанялі любімы прыёмчык. Дыктатар Сталін маніў савецкім людзям пастаянна, пачынаючы са смерці У. Леніна. У Горках пад Масквой разам з першым правадыром тады адпачываў М. Бухарын, які бачыў яго адыход на вечны спачын: «Когда я вбежал в комнату Ильича… он делал последний вздох. Его лицо откинулось назад, страшно побледнело, раздался хрип, руки повисли».

Сведчанне, якое магло выклікаць падазрэнні ў атручванні, Сталіну было непатрэбным. Ён выкрэсліў Бухарына са сцэны смерці Леніна, падказаў Р. Зіноўеву напісаць у артыкуле для шырокай аўдыторыі так: «Через час мы едем в Горки уже к мертвому Ильичу: Бухарин, Томский, Калинин, Сталин, Каменев и я». М. Бухарын быў перанесены маной у сталіцу, каб не пайшлі злавесныя чуткі.

Пазней, калі ў вусатага крывавага тырана спыталі пра польскіх афіцэраў, якіх паводле яго загаду нкусаўцы забілі пад Смаленскам у Катыні, то Сталін без ваганняў схлусіў, што яны не расстраляны, а збеглі ў Маньчжурыю. Такіх выпадкаў можна пералічыць сотні.

Аўтакратам значна прасцей закрыць людзям рот або нахабна зманіць, чым наладзіць прыстойнае жыццё. З гэтай прычыны любімы прыёмчык не сыходзіць у нябыт, ім карыстаюцца палітычныя прайдзісветы і прыстасаванцы ўсіх часоў і народаў.

У дыктатарскіх або аўтарытарных краінах не можа быць нармальнага палітычнага, эканамічнага, навуковага, сацыяльнага і культурнага жыцця, бо татальная хлусня яго разбуральна дэфармуе.

Становіцца сорамна за лад быцця, у якім мы існуем цяпер, калі чытаеш у сацыяльных сетках такі водгук на падзеі ў мясцовых судах: «Чего ждать от милиционеров, если враньё возведено до уровня госполитики?»

У змаганні праўды з хлуснёй не ўсё проста. Часта яна да такой ступені нявыгадная тым, хто за кошт папулізму і фальсіфікацый акупіраваў высокія крэслы, што хаваецца надоўга пад сукно або наогул сплаўляецца ў магілу. Але нельга забіць неўміручае. У паэме «Цівалі» (1994) я напісаў: «Праўда вяртаецца і з таго свету».

На Захадзе пакуль яшчэ ў сіле застаецца правіла — за публічную хлусню, за фальсіфікацыі і падтасоўкі, якія выкрыты і даказаны, дзяржаўны дзеяч пазбаўляецца пасады. А ў нас правіцелі самі (!) на ўвесь свет прызнаюцца ў падмане наконт «мірнага далучэння» чужой тэрыторыі, у фальсіфікацыях на выбарах, даюць падрабязны каментарый пра здзейсненыя імі парушэнні законаў — і абсалютна нічога. Уяўляеце, колькі разоў кіраўнікі Расіі або Беларусі за час доўгага праўленя пасля нахабнай хлусні маглі б вылецець з крэслаў, калі б расіяне і беларусы паводзілі сябе сумленна, прынцыпова і мужна!

У тым, што ў дзяржаве пануе хлусня, вінаватыя ўсе мы. Сярод нас ёсць шмат такіх, хто нават не задумваецца пра драматычныя наступствы цынічнага падману, пра тое, як гэта адаб’ецца на грамадстве і на кожнай сям’і. Яны, гледзячы тэлевізар, радасна падхіхікваюць: «Во выкручваецца! Во даёць!»

Я разумею, што людзям уласціва лайдачыць як фізічна, так і душэўна, быць абыякавымі. Але вынік гэтага — страшны і непапраўны. Застаюцца толькі пакуты і жаль. Гісторыя паказвае, што хлусня, скіраваная канкрэтным чалавекам на ратаванне ўласнай улады, заўсёды заканчваецца кепска для ўсяго народа і краіны.

Мы не абмяркоўваем яшчэ адну сур’ёзную загану беларускага жыцця, якую можна перадаць трапным словам «мімаходзь». Сапраўды, у айчыннай гісторыі многае рабілася не грунтоўна, не назаўсёды, а спехам. Адсюль складаныя праблемы ў нацыястварэнні, у моўным пытанні, у адукацыі і культуры. Многія людзі і ўласнае жыццё прабягалі павярхоўна, мімаходзь, каб у канцы яго сядзець ля разбітага карыта. Даўняя хвароба, назва якой — нацыянальная і сацыяльная негрунтоўнасць, застаецца.

Насельніцтва Беларусі, нягледзячы на кволае палітычнае абуджэнне, у большасці сваёй — гэта бязвольная, інертная маса, якой рэжым маніпулюе праз адміністратыўны рэсурс і хлуслівы тэлеэкран. Тут жа прысутнічае і сацыяльны аспект праблемы — завышаныя жаданні пры мінімуме ўласных намаганняў. Што казаць, вельмі ганебны стан для людзей, якія нібыта маюць пэўны ўзровень адукацыі і культуры. Выдатны паэт сучаснасці Я. Яўтушэнка ў кнізе «Шестидесантник» заўважыў: «Чтобы не позориться и дальше, надо научиться смотреть в глаза своему позору». Слушная парада!

Мадыфікацыі хлусні існуюць розныя. Мы найперш заўважаем падман, які тычыцца ўнутранага жыцця Беларусі, нас асабіста. Але акрамя таго ёсць яшчэ пустая балбатня на міжнародным узроўні, якую на Захадзе прымаюць за шчырыя намеры. А яна практычна азначае толькі адно: дайце!

Наогул, аналізуючы даўнюю выхаваўчую валтузню, я задумваюся: хто ж каго вучыць? Дэмакратычны свет выцягвае аўтакратаў да прынятых міжнародных нормаў і правілаў, або гэта яны паспяхова «дояць» Захад і адначасова маральна разбэшчваюць развітыя краіны, іх эліту, «без шуму і пылу» праводзяць антычалавечныя метады ў жыццё? Аспрэчыць тое, што паўсюдна ў свеце адбываецца адкат да аўтарытарных метадаў кіравання, да ўжывання грубай сілы, нельга. А яшчэ — як можа застацца незаплямленым той, хто згаджаецца на меркантыльныя гешэфты з душыцелем свабоды думкі і слова, махляром, фальсіфікатарам, карупцыянерам?

Ва ўсякім разе беларускі рэжым актыўна выкарыстоўвае ўвагу еўрапейскіх і амерыканскіх «выхавацеляў», кожнае нязначнае сумеснае мерапрыемства для свайго ўнутранага ўмацавання і самаўзвялічвання. З высокіх трыбун і на тэлебачанні нават загучалі патрабаванні мець «равноправие с западными партнерами во всем» і такія «заляпухі» — «за конкретику Минск ценят во всем мире».

Тое, што свет не бачыць нашу сталіцу «пупом планеты», мне добра вядома. Шмат у якіх краінах, дзе давялося быць, пра яе наогул не ведаюць. А канкрэтыкай мясцовыя прапагандысты, відаць, лічаць рэгулярныя просьбы рэжыму да міжнародных фінансавых арганізацый пра выдачу пазык…

Але ў мяне ёсць падставы для аптымізму. Любімы прыёмчык аўтакратаў пачынае не спрацоўваць. Людзям абрыдла слухаць нахабных хлусаў, нават тых, што займаюць высокія пасады.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Стаўка на творчасць

Трагічны кругазварот

Параліч волі

Хітрая ізаляванасць

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.