TOP

Помніку Коласа ў Стоўбцах — быць!

У 2006 годзе мне пашанцавала пазнаёміцца з Анатолем Васільевічам Грэкавым. У той час ён ужо на працягу 20 гадоў узначальваў Стаўбцоўскі раённы аддзел культуры. Воляю лёсу давялось правесці побач з ім шмат часу. Ад яго, як і сотні іншых жыхароў раёна, запаліўся любоўю да роднай зямлі. Я даведаўся, колькі таленавітых людзей нарадзілася тут. Ну і, вядома ж, шмат размоў у нас было пра самага знакамітага зямляка — Якуба Коласа.

Анатоль Васільевіч стаўся ініцыятарам і стваральнікам міжнароднай навуковай канферэнцыі «Каласавіны». Сюды вось ужо 32 гады, на пачатку лістапада, да дня нараджэння песняра, з усёй Беларусі з’язджаецца творчая інтэлігенцыя.

Анатоль Васільевіч Грэкав

Славутасцю не толькі для Стоўбцаў, але і ўсёй Беларусі з’яўляецца мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа». Для працы над комплексам Анатоль Васільевіч прывозіў таленавітых разьбяроў па дрэве з усяго свету.

Самай галоўнай сваёй мэтай ва ўвекавечанні памяці пісьменніка ён лічыў узвядзенне помніка нацыянальнаму волату на ягонай радзіме. Але на гэта патрабаваліся вялікія сродкі. Сваімі сіламі гэта было зрабіць немагчыма. Пра краўдфандынг на той час яшчэ не ведалі. Тэма ўзвядзення помніка за бюджэтныя сродкі на пні зарубалась кіраўніцтвам раёна.

У размове пра гэта ў голасе Анатоля Васільевіча чуўся боль…

Вось ужо шэсць гадоў, як Грэкава не стала.

Пад час выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы сёлета я ды іншыя актывісты «Гавары праўду» шмат разоў казалі пра помнік Якубу Коласу. Гэтая тэма і сёння наш галоўны прыярытэт. Вось і ў мінулыя выходныя арганізавалі экскурсію нашых актывістаў з усёй Беларусі на коласаўскую сялібу ў Альбуці (на фота).

Заўсёды прыемна, што людзі актыўна падтрымліваюць нас у гэтай справе. Насамрэч: у нашым горадзе ёсць помнікі Леніну і Дзяржынскаму, а пра генія беларускай культуры і літаратуры «забыліся». Ці не ганьба?

Так, з беднага раённага бюджэта цяжка нешта ўзяць. Але ці той гэта выпадак, на якім варта эканоміць? Тым больш, ёсць прыклад, калі ў адным з самых бедных раёнаў Міншчыны змаглі паставіць помнік свайму земляку.

Максім Танк — народны паэт Беларусі. Да нядаўняга часу на ўсю краіну яму не было ніводнага помніка. І вось дзякуючы спадару Шацько, які на той час кіраваў Мядзельшчынай, на радзіме Танка з’явіўся помнік паэту. Мушу заўважыць: пры гэтым бюджэт Мядзельскага раёна значна саступае нашаму.

Тым больш прыемна, што мясцовыя ўлады ўсё ж нарэшце пачулі народную думку і паставілі на парадак дня будаўніцтва помніка Якубу Коласу.

Старшыня райвыканкама Юрый Горлаў адзначыў: «Гэта справа не аднаго месяца і нават не аднаго года. Для таго каб пабудаваць помнік, трэба прайсці папярэдняе ўзгадненне. Сёння магу дакладна сказаць, што месца для будучага манумента ўжо абрана — у цэнтры горада. Побач мы добраўпарадкавалі бульвар, дзе ўсталюем скульптуры персанажаў з твораў Якуба Коласа. У будучыні помнік стане візітнай карткай Стоўбцаў».

Я ўпэўнены, што пры ўсіх цяжкасцях, пабудаваць помнік на радзіме песняра магчыма, калі мы зможам аб’яднаць вакол гэтай справы і жыхароў, і прадстаўнікоў улады раёна.

Мікалай ЛЫСЯНКОЎ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.