TOP

Застойны «паразітарый»

Шмат разоў бачыў у тэкстах замежных палітыкаў, журналістаў, асабліва расійскіх, слова «паразітарый», якім характарызуецца Беларусь. Краіне далі абразлівую мянушку, з чым не пагаджаюцца яе працавітыя жыхары. Але ад праўды, якой бы яна ні была крыўднай, не схаваешся.

Праўда заключаецца ў тым, што наша насельніцтва з прычыны доўгага знаходжання ў цісках савецкай прапаганды і татальнай русіфікацыі, маючы нізкі ўзровень палітычнай культуры, зрабіла ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя памылковы выбар на карысць аўтарытарнага рэжыму. А той вырашыў правіць бясконца, жывучы за кошт дапамогі Расіі і пазык замежных фінансавых арганізацый і фондаў.

Прыўладныя эксперты даказваюць, што ў беларусаў не мелася іншага выйсця. Трэба было стаць нахлебнікамі, бо іначай мы вымерлі б з голаду.

Але гэта няпраўда. Так казаць пра лепшую ў эканамічным плане рэспубліку ў СССР і яе грамадзян, якія пастаўлялі ў саюзны фонд значны працэнт малака і малочнай прадукцыі, мяса, бульбы, грузавых аўтамабіляў, трактараў, мінеральных угнаенняў, халадзільнікаў, тэлевізараў, развівалі навуку, могуць толькі недасведчаныя людзі або подлыя хлусы. Грунтоўнасць беларускай прамысловасці і сельскай гаспадаркі, крыху вышэйшы дабрабыт людзей у параўнанні з іншымі рэгіёнамі сведчу асабіста, бо на працягу дзевяці гадоў меў доступ да рэальнай інфармацыі, быў у блізкіх і далёкіх камандзіроўках, мог параўнаць убачанае.

Сутнасць сітуацыі палягала ў іншым: кіраўніцтва СССР баялася імкнення народаў да самастойнасці, а таму праводзіла ідэю суперінтэрнацыяналізму, выхавання адзінага савецкага народа. Гэтаму служылі не толькі ідэалогія і прапаганда, пераход на рускую мову, але і эканоміка. Для вырабу на нашых заводах канчатковай прадукцыі камплектуючыя часткі пастаўляліся з іншых рэгіёнаў, што дало падставу называць рэспубліку «зборачным цэхам».

Пасля набыцця суверэнітэту гэтая акалічнасць перашкаджала пераходу да паспяховага самастойнага эканамічнага жыцця. Аднак асноўнай прычынай таптання на месцы стала адмова ад рэфармавання і мадэрнізацыі, і ў першую чаргу ў сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці. Працэс расцягнуўся, праводзіцца рыўкамі, спантанна, няякасна і безвынікова.

Несумненна, што перыяд пасля распаду СССР можна было прайсці менш драматычна і мець прагрэс у развіцці. Але згода памяркоўных беларусаў з узурпацыяй улады самаўлюбёным індывідам загнала ўсіх у «паразітарый». У ім мільярды пазычаных долараў праядаюцца, раскрадаюцца або татальнай безгаспадарчасцю пускаюцца на вецер, пра што вымушана расказваць нават афіцыйная прапаганда.

Гэта тым больш крыўдна, бо прад вачыма беларусаў меўся станоўчы вопыт Польшчы. Яна выкарыстала ўласны патэнцыял, рашуча правяла рэформы і мадэрнізацыю, эфектыўна ўклала амерыканскую дапамогу ў развіццё. Пры аўтарытарным праўленні В. Ерузельскага палякі прыязджалі ў Беларусь, скуплялі не толькі нашы халадзільнікі, тэлевізары, але і ўсё, што трапляла пад руку, каб карыстацца самім і перапрадаваць, мець прыбытак. А цяпер беларусы едуць на закупы да іх. У Польшчы зарплаты і пенсіі значна вышэйшыя, а кошты на тавары, харч і лекі ніжэйшыя.

А Беларусь працягвае капіраваць СССР. Але паміж мінулым і цяперашнім часам ёсць важная розніца, якая не выяўляецца павярхоўным позіркам замежных гасцей. За разрэкламаванымі чысцінёю галоўных вуліц Мінска і абласных гарадоў, новымі будынкамі, дысцыплінаванасцю пешаходаў і вадзіцеляў, прыстойнымі дарогамі, прылізанымі аграгарадкамі хаваецца глабальная дэградацыя якасці жыцця і асабліва чалавечай маралі.

Грамадства радыкальна падзелена па маёмасных і фінансавых цэнзах, яно не мае ні нацыянальнага, ні грамадзянскага ўнутранага стрыжня, пачуцця агульнай еднасці і салідарнасці. Яго сацыяльныя пласты жывуць паралельна, не перасякаючыся.

Выдатна ўладкаваліся правіцель, чыноўнікі, дэпутаты, сілавікі, прыўладныя фінансісты і бізнесоўцы, прадстаўнікі сродкаў прапаганды і забаўляльнай індустрыі, што бачна па багацці. Тут прэстыжныя, уплывовыя і грашовыя пасады перадаюцца ў спадчыну, жэняцца або выходзяць замуж за «сваіх», будуюць шыкоўныя дамы побач. З прычыны развіцця і запатрабаванасці кампутарных тэхналогій няблага ў матэрыяльным плане адчуваюць сябе ІТ-спецыялісты. Ёсць спецыфічныя галіны ў прамысловасці і на транспарце, дзе зарплаты даходзяць да 4000 рублёў. Пераадольваючы бар’еры бюракратаў, з пераменным поспехам працуюць найбольш рызыкоўныя прадпрымальнікі. Пералічаным катэгорыям не трэба думаць пра тое, як забяспечыць сям’ю.

Але ж ёсць яшчэ мільёны людзей (большасць грамадства!), якія пазбаўлены прыстойнага дабрабыту, працуюць толькі на тое, каб заплаціць жыллёва-камунальныя паслугі і пракарміцца. Нават у Мінску маецца шмат жыхароў, якія атрымліваюць зарплату ніжэй 300 рублёў.

Вёсцы, якая прывяла А. Лукашэнку да ўлады, ён адплаціў нізкім узроўнем жыцця. Тут у многіх месцах няма працы, сыходзіць моладзь, бытуе павальнае п’янства, скарацілася колькасць жывёлы ў прыватных гаспадарках, палі і лугі зарастаюць баршчэўнікам, бур’янам і хмызняком. Жыхары старых вёсак дзякуюць не правіцелю, а лясам, бо выжываюць за кошт здачы лісічак, баравікоў, чарніц, брусніц, журавін. Ураджайны сезон дазваляе працавітай сям’і мець пэўны запас грошай на год. Сюды ж дадаецца невялікі прыбытак з прысядзібных участкаў, садоў.

Не такое радаснае жыццё і ў аграгарадках, як гэта распісвае прапаганда. Жыллё перададзена людзям за высокую цану. А зарплаты такія нізкія, што запазычанасць выплачваць давядзецца ўсё жыццё, у некаторых выпадках яна перакладзецца і на дзяцей. Часта працаўнікі не атрымліваюць заробак, ён выдаецца праз магазін харчам і таварамі першай неабходнасці.

У вёску вярнуўся нават не феадалізм, а рабаўладальніцкі лад. Паспяховыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і заможныя фермеры выбліскваюць зялёнымі астраўкамі сярод акіяна запушчанасці.

Рэсурсы, атрыманыя за 24 гады ад Расіі і Захаду, выкарыстаны пераважна на ўмацаванне аўтарытарызму. А цяжар за ўласнае бяздарнае кіраўніцтва рэжым узвальвае на плечы новых пакаленняў беларусаў, якім давядзецца сплачваць пазычанае, выпаўзаць з пасткі.

Але насельніцтва пакуль замерла, ніяк не адважваецца на змены, хоць без эфектыўнай эканомікі, марнуючы пазыкі, займаючыся кантрабандай, перапрадажай чужога дабра, нармальнае жыццё пабудаваць немагчыма.

Недалёка ад Беларусі стаіць і Расія, якая таксама не выходзіць са стану «паразітарыя», бо праядае прыродныя рэсурсы. Расійскі палітолаг А. Малашанка з’едліва кажа: «Господь дал богатства — нефть, газ, лес, и мы паразитируем. Так зачем меняться?»

Cумна, што прагноз на будучыню — несуцяшальны. Эксперты лічаць, што ў стане нахлебнікаў аўтарытарныя рэжымы могуць існаваць яшчэ 20 — 30 гадоў. Надзея застаецца толькі на імкненне людзей да свабоды, якое канчаткова знішчыць нельга.

У канцы роздуму хачу падкрэсліць, што слова «паразітарый» не тычыцца сумленных і працавітых людзей, якіх большасць як у Беларусі, так і ў Расіі. Яно адрасавана кланам сапраўдных паразітаў, якія ўладараць у нашых краінах і шыкуюць за кошт прыгнечаных народаў.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Падчыстка памяці

Футбольная радасць

Парад крывадушнасці

Налёт «саранчы»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.