TOP

Да Коласа едуць кітайцы, немцы, а свае — не…

Амаль тры дзесяцігоддзі жыхары Стаўбцоўшчыны дамагаліся ад уладаў усталявання помніка Якубу Коласу на яго радзіме.

За гэты час неаднаразова змяняліся кіраўнікі, хтосьці абыходзіў гэтае пытанне бокам, хтосьці прыслухоўваўся. Летась былы старшыня райвыканкама абвясціў: помніку песняра ў цэнтры горада быць!

Неабыякавыя жыхары з нецярпеннем чакаюць: калі ж пачнуцца грамадскія абмеркаванні? Галоўнае пытанне, што хвалюе творчую інтэлігенцыю Стаўбцоўшчыны, — якой будзе скульптурная кампазіцыя?

На мінулым тыдні актывісты грамадскага аб’яднання «Гавары праўду» ў рамках праграмы «Робім разам!» наведалі коласаўскі музей.

У «Аўтабіяграфіі» класіка чытаем: «Нарадзіўся я ў 1882 годзе 22 кастрычніка (па старому стылю) ва ўрочышчы Акінчыцы, недалёка ад сяла Мікалаеўшчына (зараз Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці). Бацькі мае — Міхаіл Казіміравіч і Ганна Юр’еўна Міцкевічы — былі малазямельныя сяляне. Бацька служыў лесніком у князя Радзівіла — польскага магната».

Акінчыцы — мемарыяльная сядзіба. У мінулым засценак, потым вёска. Рашэннем Мінскага аблвыканкама ў 1977 годзе ўключана ў межы Стоўбцаў.

Сустрэла нас Соф’я Пятроўна Міцкевіч — унучка паэта. Вось ужо амаль палову стагоддзя яна працуе ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

Якім Соф’я Пятроўна бачыць помнік? Не задумваючыся, адказала: «Гэта павінен быць помнік сапраўдным сябрам — Якубу Коласу і Янку Купалу разам». А потым у падрабязнасцях распавяла, як у жніўні 1912 года вялікія беларускія пісьменнікі ўпершыню пазнаёміліся ў Смольне. Менавіта тут, на Стаўбцоўшчыне, пачалося сяброўства двух славутых сыноў Беларусі.

У размове пра помнік Соф’я Пятроўна нагадала, што нават у далёкай Паднябеснай ужо ёсць помнік Якубу Коласу. Яна паказала кнігу водгукаў, дзе адна з кітайскіх дэлегацый пакінула запіс, у якой называла беларускага песняра «нашым» паэтам. «На жаль, — працягнула Соф’я Пятроўна, — сюды прыязджаюць у асноўным замежныя турысты, ажно з 43 краін свету, а беларусы, на жаль, рэдкія тут госці».

Магчыма, калі ў цэнтры горада з’явіцца адліты ў бронзе Колас, стаўбчане і госці будуць часцей наведваць тыя месцы, дзе так і хочацца згадаць славутыя радкі: «Мой родны кут, як ты мне мілы»…

Ну, а пакуль мы з нецярпеннем чакаем, калі пачнуцца грамадскія абмеркаванні пра тое, якім будзе помнік: ці гэта сталы Колас, ці маленькі Кастусь, альбо два сябры…

Мікалай Лысянкоў, г. Стоўбцы

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.