TOP

Бутэрброд з ікрой

У беларускай інфармацыйнай прасторы тэма прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў займае мізэрнае месца. Відаць, гэта адбываецца таму, што яна ва ўмовах аўтарытарызму стала надзвычай слізкай, няўдзячнай і небяспечнай. Нікому не хочацца, як дурному пеўню, падстаўляць галаву пад сякеру.

Для дэмакратычных краін выбары з’яўляюцца самай важнай падзеяй. На перамогу без перапынку працуюць партыі і асобныя палітыкі, перацягваючы на свой бок электарат. Іх асвятляюць тэлеканалы, радыёстанцыі, газеты, інтэрнэт. Гэта руцінны, але часта і драматычны працэс, у якім ёсць узлёты і падзенні, што інтрыгуе актыўнае грамадства.

У Беларусі паміж выбарчымі кампаніямі варушэння амаль не заўважаецца. Хіба толькі «неўміручая» старшыня ЦВК Л. Ярмошына ў сіратлівым інтэрв’ю заявіць, што яна і падначаленыя старанна «вучацца дэмакратыі». Праўда, вучоба зацягнулася, і я ўпэўнены, што скончыцца разам з крахам рэжыму. Нядаўна мы прачыталі яе бадзёры каментарый наконт чарговых выбараў: «В белорусском законодательстве существует только термин «не позднее». То есть проводить выборы позднее этой даты нельзя. А раньше можно. А вот насколько раньше, в законодательстве не прописано». Словам, калі будзе выгадна нам, тады і правядзем.

А чым запамінаюцца выбары грамадзянам? Сталічны жыхар, які пастаянна галасуе, падзяліўся ўражаннямі: «Хорошо с друзьями оттянулся в последний раз. В буфете выбросили по дешевке бутерброды с икрой и пивко. Славно посидели. С поганой овцы хоть шерсти клок». Пытаюся: «А за каго ж вы галасавалі?» Адказвае: «А не все ли равно? На президентских выборах у нас одна кандидатура, а на парламентских —как подскажут «знающие» люди».

Сапраўды, у грамадстве ёсць шмат людзей, якія любяць падачкі. Частка насельніцтва ідзе на выбары, каб толькі паглядзець, што на гэты раз будзе ў буфеце. А хто ў спісах для галасавання — ім напляваць! За іх думае «разумная» ўлада.

Аўтарытарны рэжым звёў выбарчую кампанію да падсоўвання пэўных кандыдатур і загону грамадзян любымі спосабамі ў кабіны для галасавання. Вынік загадзя вядомы, інтрыгі няма. Працэс займае некалькі месяцаў, а затым усталёўваецца цішыня…

Выснова пра засцярогу гаварыць нешта крытычнае пра выбарчыя кампаніі зроблена мною пасля назірання за бясплоднай, імпатэнтнай практыкай. Калі гаворка заходзіць пра мэтазгоднасць выбараў пры аўтарытарызме, то палітыкі, палітолагі, эксперты, журналісты круцяцца як уюны на патэльні. Кожны са сваёй званіцы апраўдвае бессэнсоўны працэс. Але ў грамадстве ёсць і радыкальна настроеныя людзі. Яны пытаюцца: «Навошта прыкідвацца і ўбухваць народныя грошы ў стварэнне «дэмакратычнага макіяжу», у прымітыўную шырму, якая засланяе гвалт, разгул цемрашальства ўнутры краіны, уводзіць у зман міжнародную супольнасць? Няхай правіцель праз вызначаныя прамежкі часу проста прызначае ўласным указам сам сябе прэзідэнтам, пакуль сціло з пазалочаным пяром не вываліцца з рукі.

Парламент таксама не патрэбны, бо за яго самыя важныя праекты законаў рыхтуюць адміністрацыя прэзідэнта і ўрад».

Чаму грамадства песімістычна глядзіць на тутэйшую выбарчую практыку? Ды таму, што пры аўтарытарызме працаваць паводле Канстытуцыі, законаў, юрыдычных і маральных нормаў, адкрыта і сумленна — немагчыма!

Ці ёсць у Беларусі праўдзівая статыстыка? Няма! Пра гэта зрэдку кажуць нават самі чыноўнікі.

Як працуюць прызначаныя зверху суды? Пад наглядам і з пастаянным умяшальніцтвам у іхнюю дзейнасць прэзідэнцкай вертыкалі.

Чым вызначаюцца дзяржаўныя СМІ? Татальнай некрытычнасцю да дзеянняў улады, няспынным услаўленнем правіцеля, бясконцай пахвальбой «поспехамі», роўных якім, на думку прыдворных журналістаў, няма ва ўсім свеце, падманам нават у дробязях.

Даўно ясна, што пры аўтарытарнай сістэме сапраўдных выбараў не будзе. Маючы хлуслівыя, непадкантрольныя грамадству выбарчыя камісіі, якія фарміруюцца рэжымам, мы не можам мець праўдзівых дадзеных ні па адным пытанні, звязаным з іх дзейнасцю. Па-першае, застаецца недасканалай сама арганізацыя выбарчага працэсу, якая дазваляе ўладзе рабіць махінацыі. Найперш — гэта датэрміновае галасаванне, бескантрольны падлік галасоў. Акрамя гэтага ёсць яшчэ шэраг вузкіх месцаў для падману. Напрыклад, сотні тысяч выбаршчыкаў не ходзяць галасаваць, бо не хочуць удзельнічаць у фарсе. Але ў спісах маюцца дадзеныя, якія можна выкарыстаць, падрабіць подпісы. Злавіць за руку фальсіфікатараў немагчыма, бо доступу да дакументаў у незалежных экспертаў і журналістаў няма.

На выбарах ёсць безліч розных махінацый. Гэта вядомыя ўсім «каруселі», «укіды» (да пачатку або ў ходзе галасавання), а яшчэ «хітры палец» — псуюць бюлетэні за непажаданага кандыдата, непрыкметна ставячы лішнія рысачкі, птушачкі, «салянка» — падмена бюлетэняў на карысць патрэбнага ўладзе прэтэндэнта, перамешванне нармальных і сапсаваных бюлетэняў, пераблытванне пачак. Выязное галасаванне звычайна заканчваецца тым, што інвалідам, старым людзям і хворым паказваюць, дзе ставіць птушачку.

У дурным становішчы знаходзіцца апазіцыя, ушчэнт знясіленая татальным ціскам улады і правакацыямі КДБ. Яна незгуртаваная і слабая, але ёй усё роўна трэба ўдзельнічаць у выбарах, змагацца за ўладу і перамагаць. Толькі як? Некаторыя амбітныя асобы, якія зрабілі палітыку прафесіяй, задавальняюцца тым, што трапляюць у спісы прэтэндэнтаў, прапіярваюцца і затым катаюцца з важным выглядам у замежжа. А толку?

Якія могуць быць варыянты для пазітыўных перамен? Масавага байкоту хлуслівых выбараў ніколі не адбудзецца. Вырас пласт грамадзян, якім пры аўтарытарызме жывецца камфортна, яны ідуць за яго галасаваць.

Пасля сфальсіфікаваных вынікаў выбараў неаднойчы адбываліся народныя пратэстныя выхады на вуліцы і плошчы, але яны былі жорстка падаўлены рэпрэсіўнымі органамі. Цяпер насельніцтва затаілася, бо не хоча дарэмна падстаўляць галовы пад дубінкі, кулакі і абцасы амапаўцаў. Яно здаўна прывыкла да сціплага дабрабыту і баіцца згубіць нават яго. Голад, які выводзіць на акцыі пратэсту мільёны людзей, нам не пагражае. Уратуе прагматычны Захад, які вядзе выгадныя для сябе гульні з беларускім аўтакратам, дае яму пазыкі, аказвае гуманітарную дапамогу.

Еўрапейцам, якія крытыкуюць нашу апазіцыю за разброд і бяздзейнасць, раю адно: калі ласка, прыязджайце і тут папрацуйце. Тады і пагаворым пра практыку выбараў у аўтарытарнай краіне!

Беларусы і расіяне ў канцы ХХ стагоддзя зрабілі трагічную памылку. Да кіравання прыйшлі індывіды зусім іншай выхаванасці і сумленнасці. Яны прафесійна няздольныя, а таму не ўяўляюць свайго існавання без улады, адзін другому дапамагаюць яе ўтрымліваць. Гэтыя дзеячы руль у народныя рукі не аддадуць, кінуць сілавікоў на падаўленне пратэстуючых. А каму хочацца праліваць кроў? Кола замкнулася, разарваць яго няпроста.

Тым не менш дэмакратычная Беларусь абавязкова паўстане. У ёй будуць праводзіцца выбары, пасля якіх грамадзяне не будуць пратэставаць, а з даверам да абраных людзей стануць самааддана працаваць дзеля дабрабыту сваіх сем’яў, на карысць незалежнай Айчыны.

Пакуль жа галоўнымі героямі і сімваламі ў нас на выбарах застаюцца танны бутэрброд з ікрой і пляшка піва.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Халодная зброя

Паніклыя люцікі

Усе — на абарону!

Пагоня за піярам

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.