TOP

Чаму дзяржавы слабеюць і гінуць?

У гэтым годзе адзначаецца 225-годдзе паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі.

Калі мінае той момант невяртання, пасля якога дзяржаву ўжо не ўратаваць? Чаму беларусаў вучыць у гэтым сэнсе наша гісторыя?

Касцюшку шануюць палякі і амерыканцы. Ён герой, наш вялікі зямляк. Але ягоны і ягоных паплечнікаў гераізм не ўратаваў Рэчы Паспалітай ад падзелу. Ці можна было той заняпад прадухіліць? Ці магла дзяржава вырвацца з залежнасці ад магутных суседзяў, у якую трапіла яшчэ пры канцы XVIII стагоддзя?

І біяграфія — няпростая — Касцюшкі, і аналіз дзеянняў апошняга кіраўніка Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага даюць нам адказ на гэтыя пытанні.

Суседнія дзяржавы старанна блакавалі любыя спробы рэфармаваць краіну. Ім было выгадна захаваць тую ўяўную «стабільнасць», пры якой год за годам падточваўся фундамент дзяржавы. У выніку да крытычнага моманту Рэч Паспалітая падышла, не маючы ні структур, здольных яе абараніць, ні рэсурсаў для супраціву.

Элітам Рэчы Паспалітай здавалася, што яны зноў і зноў здолеюць у буру прайсці сухімі між сценамі дажджу. Пасля падзей XVII стагоддзя шляхта паверыла ў несмяротнасць Рэчы Паспалітай. Маскоўскі цар тады дайшоў да Вільні, шведы — да Брэста, Хмяльніцкі адарваў Украіну, — але краіна ўваскрэсла з попелу.

Мы вельмі здзівілі б нават караля Станіслава Аўгуста, прадказаўшы такі лёс ягонай дзяржаве нават за пару гадоў да падзелу. Адставанне ў эканоміцы, кансервацыя анахранічных сацыяльных адносін, эгаізм магнатаў-«алі­гархаў», слабасць арміі — такім патрыётам, як Касцюшка, там проста не знаходзілася месца, і ён стаў генералам у вайне за незалежнасць ЗША.

…Касцюшка — знакавы персанаж еўрапейскай гісторыі. Слаўна, што за апошнія гады з’явілася два беларускія помнікі яму: адзін у швейцарскім Залатурне, дзе ён памёр, другі ў беларускай Мерачоўшчыне, дзе ён вырас. Што важна: у абодвух выпадках ініцыятыва ўстаноўкі належала грамадскім дзеячам, а грошы збіраліся па людзях. Памятаючы пра памылкі мінулага, трэба памятаць і пра яго рыцараў. Яны не былі такімі, як мы, яны думалі і гаварылі інакш, але мы ўсе — адной зямлі.

Пра нашу зямлю і яе людзей і піша ілюстраваны часопіс «Наша гісторыя». У яго №3 вы знойдзеце таксама артыкулы пра дарагога Леаніда Ільіча Брэжнева і яго несмяротныя творы, біяграфію Канстанціна Сіманава, які не плакаў па жонцы, а плакаў па Сталіну. Аматары добрай кухні знойдуць падрабязны артыкул пра традыцыйныя святочныя бабы і бульбяную бабку.

Традыцыйна часопіс публікуе шмат гісторый «з першых вуснаў», успамінаў людзей з розных куткоў краіны. Гэтым разам з цікавых артыкулаў варта адзначыць «Остарбайтар, або Падарожжа туды і назад» пра тое, як 17-гадовы хлопец з-пад Нарачы трапіў у Нарвегію і працаваў з людзьмі з розных канцоў Еўропы. А таксама пра незвычайныя камяні ў вёсцы Патапавічы пры старым гасцінцы, што злучае Ляхавічы і Клецк.

Нагадаю, што на «Нашу гісторыю» цяпер можна і падпісацца.

Падпіску на другі квартал 2019 года прымаюць на ўсіх поштах, а таксама дома, запрасіўшы паштальёна. Падпісны індэкс 00469. Варта адзначыць, што па падпісцы цана будзе ніжэйшая, чым у кіёсках і кнігарнях.

Андрэй Дынько

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.