Прыдуманая Беларусь Уладзіміра Караткевіча
Для таго, каб была больш зразумелай назва гэтага артыкула, раю звярнуцца да тлумачальных слоўнікаў, дзе гаворыцца, што часцей за ўсё прыметнік «прыдуманая» выкарыстоўваецца для стварэння ў думках нечага надзвычай станоўчага.
Менавіта ў гэтым сэнсе на канцэрце, які бліскуча зладзіў і прысвяціў дню нараджэння Караткевіча слынны спявак Зміцер Вайцюшкевіч, ужываў у сваёй прамове гэтае слова паэт Уладзімір Някляеў.
У выніку яно стала амаль рэфрэнам на першым фестывалі Уладзіміра Караткевіча.
Сапраўды, Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч прыдумляў Беларусь лепш за ўсіх астатніх пісьменнікаў і паэтаў сучаснасці.
Прыдумляў рамантычна, пранікнёна, шчыра.
Арганізатары, у першую чаргу беларускі ПЭН-цэнтр і аршанская філія ТБМ імя Ф.Скарыны (да іх далучыліся Саюз беларускіх пісьменнікаў, магазіны «5 элемент» і рэдакцыя сайту orsha.eu) назвалі гэты фэст вандроўным. І мелі рацыю.
Перад паездкай у родную для пісьменніка Оршу ўдзельнікі наведалі старажытныя Смаляны, дзе часта бываў Караткевіч і дзе з інфармацыйнай падтрымкай апантанага краязнаўцы Віктара Мяжэвіча яны (дакладней — мы) наведалі Дамініканскі касцёл, Спаса-Прэабражэнскую царкву, замак «Белы Ковель» і мясцовыя могілкі. Там пахаваная сям’я Занаў — у першую чаргу славуты арганізатар Таварыства філаматаў Тамаш Зан.
А пачалося ўсё 12 лістапада, калі ў ПЭН-цэнтр звярнулася вядомая не толькі сваімі кніжкамі, але і добрымі ініцыятывамі Паліна Сцепаненка. Яна і прапанавала цудоўную ідэю фэста, які па вялікаму рахунку павінен быў пачаць свой шлях больш трох дзесяцігоддзяў таму, бо Уладзіміра Караткевіча з намі няма ўжо 35 гадоў.
Праз 18 дзён у Оршы адбыўся адпаведны фэст. І па выніку скажу адно — малайцы пэнаўцы!
Крытыкаваць у нас умеюць вельмі многія (у тым ліку і аўтар гэтых радкоў), але тыя, хто ведаюць, як усё робіцца пры вельмі абмежаваных магчымасцях па фінансах і часе, на сто адсоткаў падтрымаюць маю выснову.
Не магу таксама не адзначыць экскурсію ў музей імя Уладзіміра Караткевіча, дыскусію, якую грунтоўна правяла першы ў беларускай гісторыі доктар тэалогіі Ірына Дубянецкая, прэстыжны падарунак ад кампаніі «5 элемент» цудоўнай паэтцы Насце Кудасавай, прэзентацыю «Вандроўнай кнігарні», што правяла дачка Ігара Логвінава Аляксандра, і як заўсёды дасціпны драйв паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча.
А яшчэ літаратурна-музычную імпрэзу, якая, дзякуючы Таццяне Нядбай, адразу стала нагодай онлай-трансляцыі ў інтэрнэце.
І, канешне, нельга не згадаць неардынарны ўспамін знакамітага пісьменніка Уладзіміра Арлова пра выпадак, які адбыўся адразу пасля смерці Уладзіміра Караткевіча.
Праходзіў літаратурны семінар. Малады пісьменнік Арлоў спытаў, якія адносіны маюць касманаўты да Оршы, раз у іх гонар назвалі вуліцу, дзе шмат гадоў жыў Караткевіч, напісаў «Чорны замак Альшанскі»?
У адказ прагучала, што над Оршай касманаўты праляталі і «никогда улица, которую назвали в их честь, не будет носить имя Короткевича»…
Час паказаў — чыноўнік памыліўся.
І ўвогуле.
Калі Уладзімір Караткевіч прыдумляў сваю Беларусь, то 30 лістапада 2019 года беларускі ПЭН-цэнтр прыдумаў фэст у ягоны гонар.
Як адзначыла паэтка Марыйка Мартысевіч, сёлета фестываль быў «пілотным». У 2020-м адзначаецца 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, і няма ніякіх сумневаў, што пілотнае тады стане ўзорна-палётным…
Аляксандр Тамковіч, Мінск—Орша
Читайте также:
«Власть вплотную подвела страну к тумблеру социального взрыва»
Антон Астапович: «Я не подстраиваюсь под чье-то мнение»
«Я совершал ошибки, но я не торговал убеждениями»