TOP

Перамога або безуладдзе?

Тое, што зараз адбываецца ў галіне адукацыі, больш нагадвае перманентнае змаганне паміж нармальнай логікай і спробай «ламаць праз калена», чым тую «стабільнасць», пра якую нам гавораць ужо амаль трыццаць гадоў. Сваімі думкамі на гэты конт мы папрасілі падзяліцца намесніцу старшыні Таварыства беларускай школы Тамару Мацкевіч.

— На мой погляд, — гаворыць Тамара Мацкевіч, — адбываецца тое, што грамадства ўбачыла: Міністэрства адукацыі, як і іншыя ўладныя структуры, у нестандартных умовах недзеяздольныя і толькі перашкаджаюць жывым ініцыятывам. Замест разумных дзеянняў чыноўнікі ад адукацыі пачалі вайнушку, каб загнаць рабоў назад у стойла.

Іх дзеянні не паддаюцца ніякай логіцы. Спачатку адмянілі рашэнне мясцовых уладаў пра ранейшы пачатак канікулаў, потым двойчы іх працягнулі, пры гэтым адмаўляючы небяспеку каронавіруса. Калі прадоўжылі канікулы, указанняў настаўнікам рыхтавацца да дыстанцыйнага навучання ніхто не даў, замест гэтага тыя шылі маскі і падмяталі вуліцы. Аднак калі стала зразумела, што бацькі аб’явілі «народны каранцін» і большасць дзяцей пасля канікул не вернуцца ў класы, настаўнікі самаарганізаваліся і пачалі рыхтавацца да таго, што дзяцей трэба неяк вучыць. І нават пачалі абменьвацца досведам, як у каго атрымліваецца, кааперавацца. Для гэтага нават суполку ў фэйсбуку стварылі.

Так у Беларусі стала рэальнасцю дыстанцыйнае навучанне.

Міністэрству гэта моцна не спадабалася. Усё, што яно можа, — гэта кантраляваць і караць.

Чыноўнікі ўзгадалі, што ў састарэлым Кодэксе аб адукацыі няма і згадкі пра дыстанцыйнае навучанне, таму яго фактычна дэлегітымізавалі. Я ўжо не кажу пра матэрыяльную кампенсацыю настаўнікам, якія пасля асноўнай працы вучаць дзяцей дыстанцыйна, ствараюць для іх новыя матэрыялы, засвойваюць платформы. А гэта нават не двайная нагрузка па часе!

Далей новыя нестыкоўкі.

Каб загнаць вучняў назад у школы, бюракраты абвясцілі пра неатэстацыю за 4-ю чвэрць. Пры гэтым гадавая адзнака ў тых, хто не вернецца ў клас, будзе такой, нібыта вучань атрымаў за апошнюю чвэрць нуль. Выпускнікоў, у якіх сярэдняя ацэнка ўпала б пры такім падліку на 3 балы мінімум, міністэрства паставіла перад выбарам: ці страціць магчымасць паступіць у добрую ВНУ, ці рызыкаваць здароўем. Хіба гэта маральна?

Тут настаўнікі забілі трывогу. Пад адкрытым лістом, які ініцыявала Ганна Севярынец, падпісаліся сотні яе калег. Міністэрства пайшло на саступку: гадавую адзнаку выведуць як сярэдняе арыфметычнае за тры чвэрці.

Гэта грамадскасць не задаволіла, і якраз сёння міністэрства зноў крыху адступіла: цяпер тых, хто вучыцца дыстанцыйна, дазволена атэставаць, калі вучні прыйдуць у суботу і здадуць залікі. Для атэстацыі за чвэрць трэба мець не менш за 3 такія адзнакі.

Аднак, лічу, і гэта малая саступка.

— Што азначае для вучняў і бацькоў адсутнасць атэстацыі за чвэрць?

— Для асноўнай большасці, можа акрамя выпускнікоў, якім патрэбны бал атэстату для паступлення, — нічога страшнага. Тут я бачу больш пазітыўных момантаў.

Першы раз за шмат год настаўнікам далі выбар. Фактычна, яны цяпер самі выбіраюць: пакінуць большасць дзяцей без ведаў і працаваць па інструкцыях з тымі, хто прыйдзе, ці заняць грамадзянскую пазіцыю і выконваць сваю прафесійную місію? Ёсць яшчэ адзін выбар — я ведаю школы, дзе шмат педагогаў сышлі ў адпачынак за свой кошт, некаторыя з іх вучаць дзяцей толькі дыстанцыйна, а тыя адзінкавыя вучні, што прыходзяць у школу, не маюць ні фізікі, ні матэматыкі, ні хіміі.

Робяць выбар і бацькі, і вучні. Бацькі выбіраюць паміж адказнасцю за здароўе дзяцей і асабістай паслухмянасцю. Дзеці — паміж ведамі дзеля адзнак і ведамі для сябе, дзеля сваёй будучыні. Хочаце — не вучыцеся. Гэта ваша адказнасць.

Пра гэта можна было толькі марыць. Мы атрымалі ўнікальную магчымасць навучыць грамадства на практыцы асноўнай кампетэнцыі дэмакратыі — уменню рабіць усвядомлены і адказны выбар. Самастойна прымаць рашэнні аказалася нялёгка. А хто казаў, што вучыцца — лёгкая справа?

— Наколькі ўсё гэта паўплывае на працэс паступлення?

— Пакуль невядома. Думаю, чыноўнікі не могуць самастойна прыняць нават самага дробнага рашэння, бо з аднаго боку на іх ціснуць зверху, з другога — яны адчулі, што ігнараваць волю грамадства, настаўнікаў стала небяспечна.

Сітуацыя такая, што цяпер адукацыя ў стане безуладдзя. Дзяржаўныя органы ўхіліліся ад вырашэння праблем, пусціўшы ўсё на самацёк. Міністэрства адукацыі і кіраўнік дзяржавы размаўляюць са школай праз журналістаў, іх рашэнні мяняюцца, як вясновы вецер. На гэтыя рухі многія перасталі зважаць.

Грамадства, найперш настаўнікі, самаарганізуюцца і знаходзяць рашэнні праблем самастойна. І хочацца аднаго: каб дзяржава не перашкаджала гэтаму працэсу. Хаця б у галіне адукацыі.

Александр Томкович

Читайте также:

Прогноз от Чалого: помощь, которая может и опоздать

Философ Владимир Мацкевич: «Политика политикой, а проблемы надо решать при любом режиме»

Уладзімір Някляеў: Трэба разлічваць на сябе такіх, якія мы ёсць, а не трызніць…

Оптимизм Сергея Харевского

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.