TOP

Як ствараўся TUT.BY

Сумная навіна пра заўчасную смерць вельмі паважанага Юрыя Анатольевіча Зісера застала мяне ў 130 км ад Мінска. Менавіта ў той момант і падумалася пра гэты тэкст. Амаль тры гады таму (дакладней 18.06.2017) я больш за дзве гадзіны размаўляў з цудоўнай Юлій Вісаріёнаўнай Чарняўскай.Цалкам біяграфічны нарыс быў нарукаваны у кнізе «Мазаіка жыцця» і неўзабаве паявіцца ў фэйсбуку, а сёння я прапаную яе ўспаміны пра самага блізкага чалавека. Чалавека, жыццёвы шлях якога варты вялікай колькасці слоў, але зараз я абіраю толькі два — ТАЛЕНТ І МУЖНАСЦЬ.

«…З Юрам мы пазнаёміліся 2 мая 1986 года. Я прыехала ў Львоў з сябрамі на «майскія». Паехалі ў лес на пікнік пагаманіць, паспяваць. Юра не захапляўся бардаўскай песняй, а ў нашу тусоўку трапіў дзякуючы свайму сябру. Амаль выпадкова.

Ён больш любіў джаз. Што не перашкодзіла яму падысці да мяне і спытаць: «Дзе ты навучылася так пець?». Гэта і стала нагодай для знаёмства. А потым ён навучыў мяне любіць джаз.

Бацькі Юры збіраліся эмігрыраваць у ЗША, аднак з-за мяне ён адмовіўся ад гэтага, і іх сям’я засталася ў Львове. Калі праз шмат гадоў яго маці памерла, я доўга адчувала віну. Напэўна, у Амерыцы яна б пражыла даўжэй: усё ж такі якасць жыцця і медыцына там непараўнальныя з нашымі…

…Па непрыемных этнічных абставінах Юра працягваў сваю львоўскую вучобу ў Ленінградзе і ў час чарговай паездкі на сесію на некалькі дзён прыехаў у Мінск і спыніўся ў нашага сябра Вадзіма Казначэева.

…Пасяліўся ў Вадзіма і пачаў мяне ўгаворваць. І ўгаварыў… на летні адпачынак прыехаць у Львоў. Там высветлілася, што я ўжо ўладкавана на работу адразу ў два тэхнікумы, што для нас зняты пакой у невялікай кватэры, што мяне кахаюць больш за жыццё. Так і выйшла, што той «летні адпачынак» цягнецца трыццаць другі год…

У Львове Юра быў жывой легендай толькі-толькі ўзнікаючай IT-сферы. Пра яго геніяльнасць ведалі амаль усе, а выкладчыкі пачыналі дрыжаць, калі на занятках ён падымаў руку для пытання.

Нягледзячы на гэта, ён ставіўся да мяне, як да нейкай іконы. Для яго мае вершы былі значна вышэй за новыя тэхналогіі. Я чытала, прыкладна так ставіўся акадэмік Андрэй Дзмітрыевіч Сахараў да сваёй жонкі Алены Мікалаеўны Бонэр. «Што — я, вось Люся колькі вершаў ведае», — так ён казаў.

Львоў — цудоўны горад. У мяне там было шмат сяброў па аўтарскай песні. Мне было там добра. Але такога антысемітызму, як у тым савецкім Львове, я не бачыла нідзе… Я не магла чуць, як абражаюць майго мужа… проста нават на вуліцы, ці суседзі. Мне ўсё больш хацелася ў Мінск, і праз год мы вярнуліся — ён, я і дачка Жэня ў маім жываце.

Як сказаў тады Юра, у Беларусі ён трапіў у рай, бо «жыдоўскай мордай» тут амаль не называлі.

…Жэня нарадзілася вельмі хваравітым дзіцем, а аднойчы і ўвогуле ледзь не памерла, пра што, дарэчы, ёсць фрагмент у кнізе Святланы Алексіевіч «Час сэканд хэнд». Спачатку працаваць я не магла па гэтай прычыне, потым па прычыне, якая ўжо абазначана.

…Першыя сем гадоў жыцця дачкі я выкладала вельмі мала. Той, хто ведае, што такое «ліхія дзевяностыя», добра памятае, як тады жылі людзі. Мы былі такім ж беднымі, як усе. Здымалі «хрушчоўку» на Залатой Горцы, з якой нас перыядычна спрабавалі выгнаць, але абмяжоўваліся пад’ёмам платы. Муж працаваў у Бараўлянах праграмістам, атрымліваў 160 руб., плюс мае 35 руб. «дэкрэтных», мінус 45 руб. аплаты за жытло… Каляска, магазіны, купоны… Адно слова — галеча…

Потым Юра «вахтавым метадам» уладкаваўся працаваць на Поўнач, у кааператыў горада Лангепаса, што знаходзіцца ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе. Гэта Цюменская вобласць, недалёка ад Ніжнявартаўска.

Ён з’язджаў на паўгода. Я заставалася з дзіцем адна. Хапалася за любую работу. Памятаю, клеіла аплікатуры для векаў, распісвала месцы на канцэртных квітках (тады гэта рабілі ўручную) і г.д. Але па начах пачала пісаць прозу. Вельмі хацелася пісаць! Прычым, пра дзяцінства і юнацтва.

Майго заробку не хапала нават на ежу, аднак Юра, слава Богу, пачаў нармальна зарабляць, і праз два гады (з матэрыяльнай дапамогай усіх сваякоў) мы купілі першую асабістую кватэру. Заводскі раён, вуліца Васняцова, 42 квадратныя метры, «распашонка».

Але мы здаваліся сабе багачамі. Таму давалі прытулак шмат каму: тым, каму было горш за нас. Хто там толькі не жыў… Некаторыя гадамі… Кім Хадзееў кожны тыдзень прападаў у нас з пятніцы па панядзелак, і я кожны раз старалася да гэтай сустрэчы нешта напісаць, каб было, што абмяркоўваць. Я ведала: да пятніцы трэба як мінімум 20 старонак тэксту, з якім мы маглі працаваць. І пры гэтым я чытала лекцыі, вяла семінары, шмат студэнтаў тады хадзіла да нас у госці — дыскутавалі, абмяркоўвалі кіно і кнігі, пелі песні, разважалі наконт нейкіх экзістэнцыяльных пытанняў… Было хораша і весела. Час надзей.

Як кажуць, жыццё пачало наладжвацца.

Дачка падрасла, я ўладкавалася на пастаянную работу ў Інстытут сучасных ведаў, мы нават пачалі ездзіць адпачываць у Палангу, Крым альбо ў Балгарыю ў танны пансіянат, і ў гэты момант фірма мужа «Надзейныя праграмы» збанкруцілася.

У пэўным сэнсе «Надзейныя праграмы» — няўдалы папярэднік партала TUT.BY. Узнікла гэтая ідэя ў Лангепасе, дзе, паўтаруся, Юра працаваў у кааператыве, які абслугоўваў мясцовы банк. Паўтаруся таксама, што ён быў геніяльным праграмістам. Чэргі па заробкі ў банках тады расцягваліся на гадзіны, а то і дні. Юра прыдумаў камп’ютарную праграму, якая рабіла ўсе банкаўскія аперацыі за 35 секунд.

Парадокс, але дырэктар кааператыва адмовіўся ад яе распаўсюду, і тады Юра прапанаваў іншым банкам сваю распрацоўку. Урэшце рэшт, амаль траціна банкаўскіх устаноў былога Савецкага Саюза пагадзілася на інавацыю.

Фірма, якая пачыналася з маленькага пакоя нашай «распашонкі», дзе сядзеў камтуршчык Дзіма, а Юра са сваёй «персаналкай» сыходзіў да маіх дзядулі і бабулі. Фірма, дзе, акрамя іх дваіх, быў яшчэ бухгалтар — дастаткова хутка ператварылася ў калектыў з пяцідзесяці супрацоўнікаў.

У 1996-м усё гэта рухнула з пачаткам банкаўскага крызісу. Жыццё зноў ператварылася ў паўтара года пекла.

Мы былі вінныя ўсім. Здавалася, усё вакол складаецца толькі з пазыкаў. Людзі не могуць працаваць без заробкаў, і фірма зноў «скукожылася» да некалькіх чалавек.

Я круцілася, як магла. Працавала ў дзвюх ВНУ, раз на тыдзень выкладала ў школе, пісала артыкулы для часопіса «Здароўе і поспех». А ўлетку займалася звычайным каміваяжорствам, гандлявала касметыкай Swiss Formula.

Наколькі гэта прыніжае чалавека, зразумее кожны, хто на дзвярах розных фірмаў бачыў надпіс «Гандлёвым агентам уваход забаронены»…

Потым нам пашанцавала, нечакана паступіў заказ, які пакрыў усе запазычанасці. А праз некалькі гадоў узнікла ідэя стварэння TUT.BY.

Калі парталу споўнілася два гады і мы «выйшлі на самаакупнасць», журналісты пачалі пытацца пра стартавы капітал. Зразумела, яны намякалі на нейкія гранты. На самай жа справе гэта былі грошы, сабраныя на набыццё большай кватэры. Юра ўклаў іх у новую справу, і мы яшчэ сем гадоў жылі ў «распашонцы»…

Я была не супраць ні хвіліны, хоць, шчыра кажучы, не верыла ў тое, што беларуская электронная пошта будзе камусьці патрэбная. Ужо былі і Yahoo, і mail.ru, і г.д. Але ж тыя грошы зарабіў менавіта мой муж, і ён меў права карыстацца імі, як заўгодна.

Удалую назву TUT.BY прыдумаў мой сябра Мікола Раманоўскі — рэдактар, перакладчык і паэт, унук нашага класіка Кузьмы Чорнага.

Вось такім складаным шляхам мы ішлі…

На мой погляд, жанчына не павінна станавіцца вядомай проста як «другая палова» свайго мужа. Адна знаёмая мяне некалі цікава прадставіла свайму спадарожніку. Кажа: «А гэта жонка TUT.BY». Быць «жонкай шэфа» мне заўсёды было і будзе агідна. Таму я доўга і свядома дыстанцыянавалася ад партала, займаючыся сваімі справамі: кнігамі, п’есамі, артыкуламі, дысертацыямі, выкладаннем. А цяпер і літаратурным клубам GRAPHO. На партале я пачала паяўляцца, калі ён існаваў ужо дзевяць гадоў. Я там мала каго ведаю. Пішу артыкулы, дасылаю рэдактару. Калі рабіла перадачы — з’яўлялася менавіта на іх…»

Александр Томкович

Читайте также:

Экономист Борис Желиба: «Наши начальники не любят «затягивать пояса» за свой счет»

Перамога або безуладдзе?

Прогноз от Чалого: помощь, которая может и опоздать

Философ Владимир Мацкевич: «Политика политикой, а проблемы надо решать при любом режиме»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.