TOP

Беларускі сцяг у Любліне

У Любліне на фасадзе гандлёвага цэнтра “Galа” – аднаго з самых вядомых будынкаў у горадзе і адначасова адной з найстарэйшых гандлёвых галерэй – размясцілі вялікі сцяг незалежнай Беларусі. Пасярэдзіне палотнішча - жэст перамогі, які суправаджаў палякаў у часы дзяржаўных перамен.

– Гэта спантанны рэфлекс салідарнасці з пратэстуючай Беларуссю, гаворыць ініцыятар акцыі Влодзімеж Гермасіньскі – люблінскі бізнэсмен і кіруючы дырэктар «Gala S.A.»

– Назіраючы за падзеямі ў Беларусі перад маімі вачыма паўстаў моцны вобраз жывога ланцуга, які я бачыў у 1989 годзе падчас паездкі з Вільні ў Рыгу. У часы перабудовы літоўцы, латышы і эстонцы выкарысталі гадавіну падпісання пакта Молатава-Рыбентропа, каб заявіць пра супрацьстаянне злу і гістарычнай несправядлівасці. Яны ўзяліся за рукі. Вывешваючы сцяг Беларусі, я хацеў далучыцца да сімвалічнага, жывога ланцуга падтрымкі, які патрэбны нашым суседзям цяпер. Паказаць, што іх голас чуваць, паказаць ім, што мы ведаем пра іх, – гаворыць вядомы люблінскі прадпрымальнік.

– Я салідарызуюся з беларусамі, чую суседзяў і такім жэстам хачу сказаць: іх падзеі мне не абыякавыя, – дадае Влодзімеж Гермасіньскі. – А сцяг на будынку застанецца да таго часу, пакуль улада не змірыцца з воляй свайго народа. Жадаю, каб каб тое здарылася без кровапраліцця, мірна, каб беларусы змаглі ў самыя кароткія тэрміны дасягнуць таго, чаго прагнулі дзесяцігоддзямі.

Будынак гандлёвай галерэі, дарэчы, размешчаны на кальцавой развязцы ў гонар падзей гэтак званага «люблінскага ліпеня 80». Гэтым тэрмінам называецца хваля забастовак і пратэстаў рабочых, якія з 8 па 24 ліпеня 1980 ахапілі больш за 150 устаноў на Любліншчыне, з іх 91 – у Любліне. «Люблінскія» страйкі пачалі агульнанацыянальны рух супраць камуністычных уладаў, рэжыму і сітуацыі ў краіне. У выніку ў 1989 годзе рэжым у Польшчы рухнуў.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.