TOP

Пі ці каву, ці віно — заграбуць усё адно

У магілёўскім скверы на бульвары Непакароных быў затрыманы грамадзянін Алег Цітоў, які піў каву на лаўцы. У Кастрычніцкім РУУС на яго склалі пратакол за адзіночны пікет. Мазгі гарэлка людзям паліць, І так было ва ўсе вякі… З юнацтва захавала памяць Малюнак ранішні такі:

Мужчыны, нават не апойкі,
З пахмелля праглі дзвесце грам,
Таму ля крам стваралі «тройкі».
А калі іх ад гэтых крам
Ганялі міліцыянеры,
Ажыццяўляўся іншы план:
У гарадскім зацішным скверы
Быў для апойкаў «рэстаран».
Сталамі ў ім служылі лаўкі,
Або пянёк даўно чакаў…
На закусь толькі яблык даўкі,
У горшым выпадку — рукаў.
Бабулькі шустрыя старанна
Ад пляшак ачышчалі сквер…
Бадай, такога «рэстарана»
Нідзе нямашака цяпер.
Як закарціць і пляшку піва
У скверы выпіць дзецюку,
Дык потым можа быць паршыва —
Служакі схопяць за руку.
«Не заграбуць мяне з-за кавы», —
Відаць, падумаў маладзён.
Ды не ўлічыў сучаснай явы:
У горадзе ідуць аблавы
І ява — быццам страшны сон.
Таму далася кава ў знакі.
Здзівіўся вельмі ён, калі
Да лаўкі ў скверы два служакі,
Два «касманаўты» падышлі.
— Хоць рэстаранаў да халеры,
Дзе можна пасядзець як след,
Ты пасядзець рашыў у скверы.
Падобна, ладзіш тут пікет.
— У рэстаранах вірус гідкі
Нахабна лезе ў гарлякі.
Дый аббіраюць там да ніткі,
Пустошаць нашы кашалькі.
А ў скверы за глыточак кавы
Мяне ніхто не аббярэ.
Пейзаж таксама больш цікавы,
Не буйны вірус на дварэ.
Няма ніякага пікета.
Дый п’ю я каву — не віно…
— Не верым мы! Сумнеўна гэта,
Бо тут сядзіш ужо даўно.
Сюды прыйшоў ты без плаката,
Ды знаем, што ў цябе наўме.
Такіх, на жаль, цяпер багата.
На шчасце, многія ў турме.
Хоць не пярэч, хоць лезь у бойку —
Чакае кара ўсё адно.
І пазайздросціў ён апойку,
Што за кустамі піў віно…
* * *
Цяпер я дам, напэўна, веры,
Што затрымалі за «пікет»
Кагосьці міліцыянеры,
Бо тупаў са шматком паперы
Ён у грамадскі туалет…

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.