TOP

Надзея ёсць, што вельмі скора судзіцьме суд і пракурора

Жыхар Смаргоні Ілля Петуноў падаў у суд заяву на раённага пракурора, які вынес яму папярэджанне за “неналежнае выхаванне непаўналетняга сына”. Поводле пастановы пракурора, І. Петуноў разам з сынам “знаходзіўся на несанкцыяваным масавым мерапрыемстве, дзе брыдкасловяць і агучваюць лозунгі, што ставіць пад пагрозу жыццё дзіцяці…”

Над “бунтарамі” суд любы
Цяпер бязлітасны і скоры:
Усім “ацэнку дасць”, абы
Насілі справы пракуроры!
А пракуроры “цэлы пуд”
Папер суровых напісалі.
Калі ж не паспявае суд,
Яны караць бяруцца самі.
Вось і раённы пракурор
Не хоча выглядаць анёлам:
Камусьці выкажа дакор,
Кагось агрэе пратаколам.
Узяў мужчыну ў абарот.
А ў чым ягоная правіна?
— Туды, дзе глоткі рве народ,
На мітынг, прывалок ты сына.
Каб пакарання не было,
Сядзеў бы лепш і сам на печы,
Бо гарлапанства — гэта зло,
Тым больш для сына, для малечы.
Пачула лозунгі дзіця —
Ты рваў і сам, напэўна, глотку.
Была пагроза для жыцця
У тым бунтарскім асяродку.
Чаму ж паставіў ты на кон
Жыццё дзіцяці, безгаловы?
Хіба ж не знаеш, ахламон,
Які ў нацдэмаў лексікон?
Яны суцэльна брыдкасловы!
Сын не хапацьме з неба зор,
Засвоіўшы з маленства маты, —
Так растлумачыў пракурор,
У чым мужчына вінаваты.
І адказаў яму мужык:
— Падчас пратэсту для малечы
Калі й была пагроза, дык
Ад тых, хто ў форме быў, дарэчы:
Нібы шакалы, на людзей
Яны накінуцца гатовы,
І не ўратуешся нідзе…
І я зусім не безгаловы,
Бо не выходзяць алкашы
На тыя мітынгі-пікеты,
Не крыюць матам ад душы
Прапашчы бомж і зэк адпеты.
А пратэстуюць ледзь не спрэс
Настаўнікі, ўрачы, артысты.
У іх не шкурны інтарэс
І лексікон празрыста-чысты.
Затое ў доблесных “мянтоў”,
Калі яны гавораць, гэткі
Запас адборных мацюкоў,
Што сам я слухаць не гатоў,
А іх жа чуюць нашы дзеткі…
Закона служка той адказ
Не запісаў у пратаколе:
Такія пракуроры ў нас,
Што праўда вочы ім не коле…
* * *
Народ спазнае шмат пакут,
Яшчэ нямала цяпне гора,
Да верыць ён, што будзе суд,
Які судзіцьме пракурора…

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.