TOP

Не кожны ведае пра гэта: вяртацца — дрэнная прыкмета

У адной з мінскіх крам жанчына забыла сумачку. Другая жанчына, пенсіянерка, забрала з кашалька грошы і сышла. Аднак неўзабаве вярнулася, каб пераканацца, што нічога каштоўнага ў сумачцы не засталося. Тады яе і затрымалі…

Вучыць зладзюгу, несумненна, —―
Як ляскаць пугай па вадзе,
Бо што ляжыць, як кажуць, дрэнна,
Зладзюга ўсё адно ўкрадзе.
Да прыкладу, нядаўна ў краме
Была гісторыя адна.
Там выпала няшчасце даме —
Забыла сумачку яна.
Бадай, зусім не дзіўна гэта,
Бо забывае кожны з нас.
Пакуль хапілася кабета,
Прайшоў, вядома, нейкі час.
За гэты час пенсіянерку
На “подзвіг” падбухторыў клёк.
Зрабіла ў сумачцы праверку,
А там —― пузаты кашалёк.
Відаць, купюр у ім нямала.
Схапіўшы ж ў жменю грошай стос,
Дала пенсіянерка драла,
Як быццам чорт яе панёс.
І вось прыбегла з гэтай жменяй
Дамоў “бабуля Шапакляк”.
Разбагацела! Тым не меней
Душу ўсё роўна грыз чарвяк,
І адагнаць ёй цяжка думку,
Што свідравала скроні: “Каб
Як след я абшманала сумку,
Дык штось яшчэ, бадай, знайшла б…”
Так развярэдзіла старую,
Спакуса, ёй жа на бяду!
“Пайду і ў сумцы пашурую,
Там штось каштоўнае знайду,
Бо шанс такі бывае ўсё-ткі
Не часта на маім вяку…”
Аднак падчас другое ходкі
Яе схапілі за руку.
* * *
Ну што, сябры, сказаць на гэта?
Выслоўе існуе здаўна:
Вяртацца ―— дрэнная прыкмета.
Няўжо не ведала яна?

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.