• Погода
  • +13
  • EUR3,0615
  • USD2,5354
  • RUB (100)3,4206
TOP

Самакат «Belarus»

Андрей Хаданович

Апошнія месяцы часта даводзіцца чуць ад замежнікаў адно і тое ж пытанне: чаму беларусы 26 гадоў маўчалі, а ўлетку 2020 раптам перасталі маўчаць? Нават два пытанні, і на абодва паспрабаваў адказаць у тэксце, які — яшчэ колькі месяцаў таму — напісаў для міжнароднага праекту з актуальнай для нашага часу назвай «Каўчэг «Тытанік»».

1.

Не ведаю, ці плённая гэта ідэя — прапанаваць напісаць эсэ пра каўчэг «Тытанік» жыхару і грамадзяніну непапраўна сухапутнай краіны? Нават балоты ў Беларусі збольшага асушылі меліяратары, а калі б і здарыўся які вялікі патоп, то куды выпускаць голуба па аліўкавую галінку? Арарат далёка, а найвялікшая гара — 345 метраў вышынёй, да таго ж носіць імя Дзяржынскага.

Так што адштурхоўвацца, ва ўсіх сэнсах, давядзецца ад зямлі. Прыкладна так, як кіроўцу самаката. Дарэчы, вось і добры сімвал для маіх развагаў знайшоўся — і пасуе ён прынамсі з дзвюх прычынаў: тэхналогіі руху і паэтычнай этымалогіі.

Тэхналагічна найпрасцейшы самакат сканструяваны так, што ніякага рухавіку няма і, адпаведна, ніякай дапамогі ў руху яму, як і Беларусі, чакаць не даводзіцца. І ўвесь выбар — штурхацца левай або правай нагой. Адпаведна, забіраючы ўправа або ўлева, у бок досыць умоўнай на сёння Еўропы або ўсё больш бясспрэчнай Азіі. Хоць практыка апошніх пандэмічных месяцаў паказвае: куды б ты ні імкнуўся, а ўсё адно ўпрэшся ў зачыненыя межы.

У сваю чаргу, паэтычная этымалогія выразна дзеліць гэта слова на дзве часткі. Каб Шарль Бадлер пісаў свой слынны верш «Гэаўтонтымаруменас» (даслоўна з грэцкай «той, хто сам сябе катуе») па-беларуску, ён не меў бы праблемаў з нэймінгам: так бы і назваў — «сама-кат».

Калі вы ўбачыце інтраверта, побач з якім іншыя інтраверты выглядаюць падазрона жвава, гэта ён. Калі нехта паварочвае галаву на смех, думаючы, што смяюцца з яго, губляецца і саромеецца — гэта ён таксама. Калі нехта моўчкі глытае абразу, не агрызнуўшыся, а потым падстаўляе другую шчаку, — зразумела, што ён. Але асцярожней, крыўдзіцелі, трэцяй шчакі ў яго з тэхнічных прычынаў няма — і вы будзеце моцна здзіўленыя, калі на вашым трынаццатым паскудстве вам раптам «прыляціць» і за яго, і за папярэдні тузін.

«Самаката» практычна немагчыма знішчыць, бо няма ў свеце такога болю, такой пакуты, такой крыўды і знявагі, няма такіх катаванняў, якія не мог бы нанесці (і часам наносіць) сабе ён сам. Пра несмяротнасць — як найвышэйшую ступень цярплівасці беларуса — складзеныя геніяльныя анекдоты. Накшталт таго, пра павешанага, які, насуперак волі катаў, ніяк не хацеў паміраць: спачатку муляла, а потым неяк прыцярпеўся, прызвычаіўся.

Чаму ж я, побач са словамі «немагчыма знішчыць», ужыў асцярожнае абмежаванне «практычна»? Бо ёсць адзін спосаб: калі сам ён прыме рашэнне не існаваць (ці не прыме рашэння існаваць, што на практыцы выходзіць на тое самае), «самаката» не ўратуе ніхто і нішто. А ўся праблема якраз-такі ў тым, што да нядаўняга часу ён яшчэ ні разу ў гісторыі не даваў на гамлетаўскае пытанне «быць або не быць» адназначна зразумелага адказу.

Эксперты скажуць у яго апраўданне, што мала які народ меў настолькі трагічную (у тым ліку — сучасную) гісторыю. Што ён не распачынаў сам ні войнаў, ні наездаў, ні пагромаў, будучы шмат разоў аб’ектам агрэсіі суседзяў з усходу і захаду, бываў заваяваны, напалову фізічна знішчаны, русіфікаваны/паланізаваны, здраджаны сваімі элітамі (калі гэтыя эліты заставаліся ў жывых), падзелены між рознымі чужымі яму дзяржавамі, акупаваны, а потым пераакупаваны ўжо іншымі акупантамі, і так да бясконцасці. Ажно ўрэшце зрабіўся магчымым феномен унутранай акупацыі, якім ёсць 26 гадоў панавання (сама)ката Лукашэнкі. І такога ж унутранага (інтравертнага!) партызанскага супраціву ёй.

Глыбіню інтравертнасці такога супраціву добра ілюструе наш палітычны анекдот. Прыехаў замежны лінгвіст вывучаць беларускую мову — і пытаецца ў мясцовага дзядулі, чым розняцца словы «бяда» і «гора».

— Ой, унучак, — кажа стары. — Каб наш улюбёны і ўсенародна абраны прэзідэнт залез бы на свой Палац Рэспублікі, сарваўся з яго ды ўпаў і насмерць разбіўся — ох, гэта было б гора!

— А бяда?

— А бяда — што ён туды не лезе.

Дарэчы, «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.Клышкі падае 50 сінонімаў да слова «бяда» (гэта не лічачы фраземаў). І 25 сінонімаў да слова «смутак». Для параўнання, да слова «шчасце» — 5 сінонімаў. А слова «радасць» чамусьці зусім у тым слоўніку адсутнічае (да дзеяслова «радаваць» — 3 сінонімы).

2.

Дык вось, усе гэтыя — часам крыўдныя, але збольшага справядлівыя — азначэнні гарачым беларускім летам 2020 г. раптам састарэлі, выявіліся больш не актуальнымі. У беларусаў рэзка паболела жаданняў. Жадання ведаць праўду і дабівацца справядлівасці. Жадання свабоды і законнасці. Жадання, згадваючы словы Янкі Купалы, «людзьмі звацца» (і, адпаведна, «не быць скотам»). Быць сабой і проста быць. А адчуўшы такое жаданне, паўтаруся, чалавек, загартаваны ўсім вышэйпералічаным, робіцца несмяротным. І, хочацца верыць, непераможным.

Як так сталася, што беларусы масава перасталі быць «сама-катамі»? Так што цяпер гэта азначэнне датычыць хутчэй унутрана-акупацыйнай, самаабвешчанай і нелегітымнай улады. Якая, сапраўды, заўсёды была жорсткай, хлуслівай, амаральнай і цынічнай, але яшчэ ніколі з такой ідыятычнай упартасцю не секла сук, на якім сама ж і сядзіць. Знішчаючы рэшткі ўсякай павагі да сябе. Аб’ядноўваючы ў абурэнні і нянавісці да сябе раней перасвараных апанентаў. Змушаючы правых і левых, маладых і сталых, «акулярнікаў» і «рабацягаў», мужчынаў і жанчын выходзіць на вуліцы разам і пратэставаць поплеч. Быццам бы дапамагаючы самым няўпэўненым у сабе інтравертам зрабіць канчатковы выбар і стаць на бок актыўнага змагання за свабоду. Такое ўражанне, што ў былым (так мне хочацца яго называць) прэзідэнце і людзях побач з ім абудзіліся ўнутраныя партызаны, робячы дыверсію за дыверсіяй. Ператвараючы сябе не толькі, даруйце за пафас, у крывавых катаў, але ўрэшце — і ў сама-катаў.

Прыгадваюцца словы французскага палітыка Талейрана: «Гэта горш за злачынства — гэта памылка, за злачынствы не расплачваешся ніколі, а за памылкі — заўжды». Не трэба быць глыбокім аналітыкам, каб пералічыць асноўныя памылкі рэжыму-(сама)ката, што за некалькі месяцаў 2020 г. развалілі ўсякія падмуркі раней трывалай улады, раскатурхаўшы нашых «інтравертаў» да глыбокага абурэння і грамадскай салідарнасці.

Спачатку была рэакцыя рэжыму на пандэмію. Дакладней, адсутнасць гэтай рэакцыі. Не-ўвядзенне каранціну плюс ціск на медыкаў з мэтай схаваць ад людзей сапраўдную статыстыку захворванняў і смерцяў. Цынічны выбар паміж чалавечым жыццём і палітычнымі інтарэсамі на карысць другога. Хлусня, што згубіла пачуццё меры і пачала ўспрымацца ўсімі-ўсімі менавіта як хлусня, якой ужо ніхто не верыць.

Потым наш традыцыйны, кансерватыўны, «мачысцкі» рэжым фатальна для сябе недаацаніў ролю і сілу жанчыны. Бо імкнуўся загадзя, яшчэ да выбараў калі не знішчыць, то нейтралізаваць усіх канкурэнтаў-мужчынаў. У выніку ў турме апынуліся «мацёрыя» апазіцыянеры Павал Севярынец і Мікола Статкевіч. Папулярны блогер Сяргей Ціханоўскі. Найпапулярнейшы, хоць яшчэ зусім малады як палітык — банкір Віктар Бабарыка. Не былі «залічаныя» сабраныя за яго галасы і Валерыю Цапкалу. Замест іх, быццам бы ў насмешку, рэжым зарэгістраваў Святлану Ціханоўскую, якая пайшла ў кандыдаткі ў прэзідэнты замест арыштаванага Сяргея, каб працягнуць яго справу. Лукашэнку і ў галаву не магло прыйсці, што ў нашай краіне жанчыну могуць успрыняць усур’ёз і падтрымаць як палітыка. Але Святлана загаварыла пра любоў — найперш да свайго мужа, якога прыйшла бараніць. Яе пачулі, паверылі, а неўзабаве і палюбілі. Да яе далучыліся яшчэ дзве харызматычныя жанчыны — Марыя Калеснікава ды Вераніка Цапкала. І «тройцу» палюбілі яшчэ больш, бо гаварылі яны не толькі пра любоў, але і пра салідарнасць і ўзаемападтрымку. (Нашы палітыкі-мужчыны дзесяцігоддзямі не маглі дамовіцца і выставіць адзінага апазіцыйнага кандыдата, тонучы ва ўласных амбіцыях.)

Вяршыня ідыятызму ўладаў — разам з Бабарыкам была «арыштаваная» і банкаўская калекцыя карцінаў, што прадстаўляюць «парыжскую школу», – працы знакамітых габрэйскіх мастакоў-выхадцаў з Беларусі. Самая знакамітая з іх — набытая больш як за мільён еўра «Ева» Хаіма Суціна. Здаецца, у той жа дзень нехта ў інтэрнеце заўважыў партрэтнае падабенства «Евы» да Святланы Ціханоўскай. А наступнага дня пра гэта гаварылі ўсе. Так беларуская рэвалюцыя набыла жаночы твар. Шмат хто нават пачаў ужываць тэрмін «евалюцыя». Што ж дзівіцца масавасці і асаблівай крэатыўнасці менавіта жаночых пратэстаў?

Далей было 9 жніўня, найбольшая ў гісторыі Беларусі фальсіфікацыя прэзідэнцкіх выбараў, калі цэнтрвыбаркам «прыпісаў» 80% кандыдату, а Святлане Ціханоўскай — 10%.

Улады як быццам здзекаваліся, выпрабоўваючы наш мазахізм: што мы здольныя стрываць яшчэ?

І тут сук пад задніцай рэжыму сур’ёзна затрашчаў. У момант, калі ўсёй Беларусі ўвечары 9-га адключылі інтэрнет. Увага, адключылі людзям, якія месяцамі — нягледзячы на абыякавасць рэжыму — самарганізоўвалі свой каранцін, і ўсе іх (нашы) кантакты трымаліся фактычна на гэтым інтэрнеце. Дадамо сюды так званыя «дыванныя войскі» — тысячы і тысячы аматараў паабурацца выключна на канапе перад маніторам, за адну хвілю пазбаўленыя галоўнага каналу свайго абурэння. Некаторыя з іх упершыню выйшлі на вуліцу развіртуаліцца з іншымі інтэрнет-пратэстоўцамі.

І самая фатальная — усё-ткі перафразую Талейрана — больш чым памылка, бо жахлівае злачынства. Неадэкватна жорсткі адказ пратэстоўцам з боку сілавікоў. Замест звыклых гумовых палак, якімі дзесяцігоддзямі біў нас амон, — стрэлы на паражэнне гумовымі кулямі, кіданне светлашумавых гранатаў, ужыванне слезацечнага газу і вадамётаў. Сапраўды зверскія катаванні — не толькі ў месцах затрымання, але й непасрэдна па дарозе, у міліцэйскіх аўтобусах. І апошняе. Уявіце сабе пабітага ці параненага пратэстоўца, які бачыць машыну хуткай дапамогі і чакае яе набліжэння. А машына набітая амонаўцамі — яны так вырашылі абмінаць дарожныя заторы. Вось жа сапраўды — каўчэг ператвараецца ў «тытанік».

Медыкі зафіксавалі сотні ранаў, а праваабаронцы — сотні выпадкаў жахлівых катаванняў мірных людзей з боку амонаўцаў. А потым, праз колькі дзён здзекаў, збіцця і згвалтаванняў затрыманых сталі выпускаць — у надзеі, што іх гісторыі паралізуюць беларускае грамадства страхам. Надзея спраўдзілася, але толькі напалову. Кожны пратэстовец адчувае гэты страх, адчувае магчымасць таго, што рэжым можа зрабіць з ім тое самае. Але раптам гэты страх зрабіўся не галоўным пачуццём. Бо людзі перапоўненыя гневам і жаданнем дабіцца справядлівасці, у людзях прачнуліся годнасць і салідарнасць, зрабіўшы іх (нас!) грамадзянскай супольнасцю.

За арыштаванымі пратэстоўцамі першых дзён выйшлі жанчыны з нестандартнымі пратэстамі, што парвалі шаблоны сілавікам, і не толькі ім. Выйшлі людзі мастацтва з перформансамі, спевамі і палітычнымі плакатамі. (Чаго вартыя: «АМОНіМЫ — АНТОНІМЫ».) Выйшлі рабочыя заводаў, пачаўшы страйкі. Выйшлі паўмільёна людзей у Менску і самых маленькіх гарадах. Раней лік вёўся не на сотні, а на дзясяткі тысяч удзельнікаў пратэстаў, то бок Беларусь за некалькі месяцаў зрабілася роўна ў дзесяць разоў свабоднейшай. На «дзень ведаў» на вулічныя пратэсты выйшлі тысячы студэнтаў, якіх спрабавалі спыніць і затрымліваць сілавікі. Нехта пажартаваў: тыя, хто не паступіў ва ўніверсітэт, арыштоўваюць тых, што паступілі.

Час змяніўся, змяніўся і самакат Belarus. Цяпер гэта сучаснае прыстасаванне з досыць моцным рухавіком і модным дызайным. Яно па-ранейшаму буксуе на вясковым бездарожжы, але ўжо някепска адчувае сябе не толькі ў двухмільённай сталіцы, але і ў маленькіх гарадках. Яно на «ты» з інтэрнетам, каторы, як выяўляецца, немагчыма глушыць і блакаваць вечна. Яно здольнае да элегантных манеўраў, што дазваляе абыходзіць створаныя рэакцыйнымі сіламі заторы і блакады — у тым ліку, у галовах людзей. І вязе ўсіх ахвочых — па адным, а часам і шчаслівымі парамі — калі не ў светлую будучыню (трасца на яе, старую фразеялогію), то ў не самы лёгкі, але тым цікавейшы час пераменаў.

Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык, бард