• Погода
  • +23
  • EUR3,0262
  • USD2,4954
  • RUB (100)3,4673
TOP

СН-30: Закальцаваць гісторыю. Незавершаная камандзіроўка ў Александрыю

Ігар Карней, вядучы журналіст Свабоды, да якой дзесятак гадоў аддаў «Свободным новостям». Фото Радио Свабода

У інфармацыйны вір «Свободных новостей» лёс закінуў яшчэ на этапе смелага постпера-будовачнага эксперыменту ў самым камуністычным логаве — у нетрах партыйнай газеты «Звязда».

Апошні кабінет у Доме друку перад прыбіральняй, які мы дзялілі з сябрам па творчай «ільфапятроўскай» звязцы Стасікам Сулкоўскім, старэйшыя таварышы паступова «адціснулі» пад патрэбы «прылажэння». Там адбываліся першыя мазгавыя штурмы, багата ўдобраныя мацёрай слоўнай эквілібрыстыкай лаўрэата Дзяржпрэміі Аляксандра Ўліцёнка. Пасля некаторага кадравага хаосу менавіта ён заняў пачэснае месца боса.

Так ці інакш наступныя 10 гадоў аказаліся непарыўна звязаныя з праектам, які хутка раскруціўся да аднаго з самых папулярных выданняў краіны. Першая палова тэрміну была збольшага на падхопе ў непаўторнага Барыса Аляксандравіча Доўгаля, другая — ужо паўнавартасна ў штаце.

Дзесяцігоддзе ў кампаніі таленавітых, крэатыўных калегаў — здаецца, не так і шмат. Але па «ашчушчэніям» — цэлая эпоха. Сотні рэалізаваных ідэй, вольніца ў выбары тэмаў і адсутнасць ментарства з боку кіраўніцтва. Ну і само сабой, незабыўныя вечарынкі, бо «Свободные новости» — гэта заўсёды весела і па-сямейнаму (тут хочацца ўсіх абняць і пералічыць пайменна, ды зойме шмат знакаў).

Вельмі шкада, што паспяховы праект — зрэшты, як і дзясятак іншых пачынанняў ліхіх, але вольных 1990-х — стаў раздражняльнікам для ўладаў і падставай да зачысткі інфармацыйнага поля.

Ці засталося адчуванне недаробленага? Безумоўна. Прынамсі адну камандзіроўку хацелася б давесці да лагічнага завяршэння. З’ездзіць туды, дзе больш за чвэрць стагоддзя таму ўсё пачыналася…

Праз некалькі месяцаў пасьля выбараў 1994 году мы з фатографам Генам Лахтанавым і «пілотам» Валерам Рабковым выправіліся адведаць мясцовасць, якая ўзгадавала першага прэзідэнта Беларусі. Галоўным пунктам камандзіроўкі была вёска з гучнай назвай Александрыя, дзе жыла маці Аляксандра Лукашэнкі.

Вёска як вёска, нічога адметнага, за выключэньнем цаглянага дому, які на фоне астатняй кволай забудовы выглядаў нават прэзентабельна. Яго для Кацярыны Трафімаўны ўзвялі неўзабаве пасьля абрання Лукашэнкі кіраўніком краіны — статус абавязваў. Ужо ў працэсе збору матэрыялу высветлілася, што ў новыя харомы жанчына пераехала літаральна з хаціны.

Падышлі, Трафімаўна корпалася на гародзе. Праз плот гукнуў: маўляў, журналісты з Мінску, хацелі б пагаварыць пра сына, як яна ставіцца да таго, што ён абраў сабе такі нялёгкі шлях. У адказ пачулі не вельмі прыязнае: «Ездзяць тут, усё нешта вынюхваюць». Пасьля чаго заскочыла ў хату і зачынілася.

Нічога не заставалася, як пайсьці па суседзях. Сяброўкі Кацярыны Лукашэнкі аказаліся куды больш гаваркімі. Яно і зразумела: над імі арэол сына-прэзідэнта не навісаў.

Расказалі, што такі ў «Лукашэнчыхі» характар: за сямейнымі ды калгаснымі клопатамі проста не было часу на балбатню. Хоць вяскоўцам да нагрузак не прывыкаць, але працаздольнасці Трафімаўны дзівіліся нават тутэйшыя мужыкі. У свае тагачасныя 70 гадоў сама цягала са склепа бульбу, пад рыдлёўку яе саджала, гэткім жа чынам ураджай збірала і буртавала. Упрогшыся, магла прабаранаваць надзел ля хаты. Ніколі не прасіла дапамогі…

Тыя ж суседкі казалі, што сынава прэзыдэнства ўспрыняла як «бяду»: увесь час са сьлязмі прычытала, што не патрэбна яму гэта, што хапіла б і ранейшага дырэктарства. Адзін зь мясцовых інтэлігентаў — экс-кіраўнік тутэйшай гаспадаркі — падзяліўся назіраннем, што нечаканае ўзвышэнне сына зрабіла яе яшчэ больш закрытай, нават было адчуванне, што ёй няёмка перад аднавяскоўцамі.

Назаўтра вырашылі наведаць Лукашэнкавых сваякоў. На ўскрайку Александрыі мясцовыя паказалі хату роднай сястры Кацярыны Трафімаўны — Ганны. Пакуль шукаў, дзе ў таго барака дзверы, голас з ніадкуль пацікавіўся, што мне тут патрэбна. Муж Ганны Трафімаўны завіхаўся ў хляве, прыкладаючыся да бутэлькі. Разгаварыліся, па-сялянску моцным словам прыклаў што жонку, што яе сястру — для прафілактыкі. Прапанаваў таксама пачаставацца «чарнілкам». Але не настойваў — раптам пагадзіўся б?

Зайшлі ў хату, на сценах — сямейныя здымкі. За невялікі хабар на бутэльку ўсё таго ж «чарнілка» гаспадар сам выцягнуў пару архіўных фатаграфій — з умовай, што потым вярну поштай. Праз дзень выявы самых блізкіх сваякоў маладога прэзыдэнта ўпершыню былі растыражаваныя на старонках «Свободных новостей». А здымкі, як і абяцаў, адправіў законным уладальнікам.

У 2000 годзе Лукашэнка перавёз маці бліжэй да сябе. За бугром уздоўж праспекта Пераможцаў пры павароце на «аджатыя» у дыпламатаў Дразды для Кацярыны Трафімаўны збудавалі невялікі катэдж з абавязковым вясковым атрыбутам — хлявом. Адзін з будаўнікоў, зь якім пазней выпала ляжаць у шпіталі, расказваў, што быў абсталяваны стаяк, але на практыцы выявілася, што трымаць карову каля ажыўленай трасы — занадта авантурна. У выніку кароўнік пераабсталявалі… пад домік для аховы: падлогу выклалі пліткай і пасялілі міліцыянера. А каб не сумаваў, паставілі тэлевізар.

Усе паўтара дзясятка гадоў, пражытых у сталіцы, Кацярына Трафімаўна правяла без аніякай публічнасці. Гэтак жа, як і ў сваёй Александрыі…

У Александрыю трэба вярнуцца нават дзеля таго, каб нарэшце закальцаваць гісторыю ў лагічны фінал. Трафімаўны ўжо няма, ляжыць на вясковых могілках. Як і многіх суседзяў. Але карціць зноў прайсціся па александрыйскіх хатах, пацікавіцца ў гаспадароў послевкусием ад амаль 27-гадовай эпохі дамінавання свайго земляка. Ці не ўзнікла задняй думкай жаданне адкруціць час назад?

І завершыць некалі пачатую камандзіроўку менавіта ў юбілейны год «Свободных новостей».

Ігар Карней