TOP

Нацдэмам зробіш шкоду — не пакараюць зроду

Жыхарка Мінска ўпрыгожыла свае вокны белымі і чырвонымі сняжынкамі. Ноччу зламыснікі ў масках (іх зафіксавала відэакамера) шпурнулі ў вокны гайкі, разбілі шкло. Службоўцы з Маскоўскага РАУС адмовіліся шукаць хуліганаў, бо, маўляў, сваім учынкам яны «выказалі нязгоду з размяшчэннем у акне вобраза бел-чырвона-белага сцяга».

Алесь Няўвесь

Бадай, самлееш ты ажно,
Прынамсі, ты не будзеш рады,
Калі ўначы тваё акно
Прабілі гайкі, як снарады.
А менавіта так было.
Аднойчы ноччу на падлогу
І ў ложак паляцела шкло.
Усе жывыя, дзякуй богу,
І не было, на шчасце, ран,
Але ў насельнікаў кватэры
Зусім благі душэўны стан.
Няхай жа міліцыянеры
Усё-ткі знойдуць злыдняў тых
І возьмуць, так сказаць, за грудзі
(Яны ж умеюць біць пад дых),
А потым слова скажуць суддзі.
Таму ў міліцыю візіт
Нанеслі бедныя ахвяры.
Зрабіў маёр спагадны від,
Ды ўхмылкі не хаваў на твары…
Далі з міліцыі адказ
Надзвычай хутка, без замінкі:
«Былі пачэпленыя ў вас
Чырвона-белыя сняжынкі.
І з вуліцы была відна
Усім «мазаіка» такая.
Асацыяцыі яна
У некаторых выклікае…
Разбіўшы вокны, мужыкі
Выказвалі сваю нязгоду.
Ну што паробіш? Час такі…»
Цяпер, выходзіць, можна шкоду
Зрабіць любому «бунтару»
Або ў яго маёмасць скрасці,
Калі табе не па нутру,
Што ён «чырвона-белай» масці…
* * *
Мы гэта добра знаем з кніг,
Дый гаварылі бацька й маці:
Закон павінен быць для ўсіх,
А не для чэрні ці для знаці.
Ды сярод тых, хто існы лад
Бароніць, быццам утрапёны,
Зламыснікаў, забойцаў нат
Шукаць не хочуць пінкертоны…

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.